Вы тут

У зоне небяспекі... урач. Дапамога патрабуецца не толькі пацыентам


Міністэрства аховы здароўя зацвердзіла канцэпцыю цэнтраў маніторынгу і прафілактыкі псіхалагічных рызык у прафесійнай дзейнасці медыцынскіх работнікаў. Пілотныя праекты ўжо запушчаны у Мінску, Мінскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцях.

— Новыя цэнтры будуць размяшчацца на базе сімуляцыйна-атэстацыйных цэнтраў для адпрацоўкі практычных навыкаў медыкаў, якія сёння актыўна развіваюцца пры падтрымцы Сусветнага банка, — расказала журналістам начальнік упраўлення кадравай палітыкі, устаноў адукацыі Міністэрства аховы здароўя Вольга МАРШАЛКА. — У 2019 годзе яны адкрыюцца ў 17 медыцынскіх каледжах, у 2020-м — у чатырох профільных ВНУ, а ў 2021—2022 гадах — у Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Пілотны праект павінен дапамагчы адпрацаваць асноўныя напрамкі работы цэнтраў псіхалагічнай падтрымкі і далейшага іх развіцця. Сутнасць навацыі — дапамагчы работнікам сістэмы аховы здароўя ў папярэджванні і вырашэнні розных псіхалагічных праблем, якія ўзнікаюць у іх прафесійнай дзейнасці. Прычым акцэнт робіцца менавіта на прафілактыку. Будуць выяўляць таксама і прафесійныя стрэсары, вывучаць псіхалагічны клімат у калектывах.


Ветлівасць, павага і талерантнасць

Як вядома, з сярэдзіны кастрычніка пачалі дзейнічаць новыя Правілы медыцынскай этыкі і дэанталогіі, замацаваныя ў адпаведнай пастанове Міністэрства аховы здароўя. Праект гэтага дакумента выносіўся на грамадскае абмеркаванне, паколькі ён закранае інтарэсы вельмі многіх: і тых, каму аказваецца медыцынская дапамога, і тых, хто аказвае гэту дапамогу.

Зацверджаныя нормы медыцынскай этыкі і дэанталогіі змяшчаюць пералік асноўных маральна-этычных нормаў паводзін медыцынскіх работнікаў, нормы ўзаемаадносін медработнікаў з пацыентамі і калегамі, работнікамі іншых органаў і арганізацый. У прыватнасці, медработнікі павінны прытрымлівацца такіх прынцыпаў, як ветлівасць, гуманнасць, дэмакратычнасць, давер, міласэрнасць, стрыманасць, спачуванне, справядлівасць, павага і талерантнасць. Медыкам неабходна праяўляць разуменне і цярплівасць да пацыентаў, паважаць іх погляды і перакананні. Нельга дапускаць дыскрымінацыі па рэлігійных, нацыянальных і іншых прыкметах. Медработнікі павінны стрымліваць свае эмоцыі, быць тактоўнымі, у даступнай і зразумелай для пацыента форме інфармаваць яго аб характары і мэтах планаванага лячэння, асаблівасцях прымянення тых ці іншых лекавых сродкаў, вырабах медыцынскага прызначэння, магчымых пабочных эфектах, расказваць пра альтэрнатывы гэтаму лячэнню. Акрамя таго, хуткая медыцынская дапамога павінна аказвацца медработнікамі (у межах іх магчымасцяў) людзям, якія маюць у ёй патрэбу, і па-за сценамі ўстаноў аховы здароўя. Выпадкі парушэння гэтых нормаў будуць разглядацца камітэтамі (камісіямі) па пытаннях медыцынскай этыкі і дэанталогіі, камісіямі па супрацьдзеянні карупцыі, якія працуюць у арганізацыях аховы здароўя.

Узяць чужы боль

— Часцей за ўсё мы кажам пра дапамогу пацыентам, але дапамога патрабуецца і ўрачам. Трэба навучаць іх бесканфліктным зносінам, навыкам самарэгуляцыі, як правільна выходзіць са стану стрэсу. Нашы цэнтры якраз і будуць займацца гэтымі пытаннямі, там будуць працаваць прафесійныя псіхолагі, праводзіцца адпаведныя трэнінгі, — падкрэслівае старшы выкладчык кафедры грамадскага здароўя і аховы здароўя БелМАПА Дзіна МАРЧАНКА-ЦЯБУТ. — Калі мы кажам пра прафесійныя рызыкі, то ў першую чаргу маем на ўвазе ўзнікненне сіндрому эмацыянальнага выгарання. Гэта могуць быць і развіццё цынізму, і моманты, якія ў псіхалогіі называюць рэдукцыяй прафесійных абавязкаў (спробы скараціць прафесійныя абавязкі, якія вымагаюць эмацыянальных выдаткаў). Хвораму чалавеку страшна, балюча, незразумела... З такімі людзьмі трэба ўмець працаваць, і калі ўрач бярэ ўвесь боль на сабе, то дапамога спатрэбіцца ўжо яму.

— Работа медыцынскага персаналу — гэта пастаяннае знаходжанне ў тым ці іншым стрэсавым стане, таму што абсалютная большасць людзей звяртаецца са сваімі праблемамі. Хвароба цягне не толькі фізічныя, фізіялагічныя парушэнні, але і псіхалагічныя праблемы, таму што чалавек адчувае дыскамфорт, — разважае старшыня Беларускай асацыяцыі ўрачоў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Дзмітрый ШАЎЦОЎ. — І пацыент мае права патрабаваць да сябе асаблівага стаўлення і ўвагі. Доктар павінен разабрацца, што з ім адбылося, настроіць яго на пазітыўны лад, устанавіць, як мы кажам, тэрапеўтычны кантакт — дабіцца поўнага ўзаемадзеяння з пацыентам, каб разам справіцца з яго хваробай. Таму нашы медыцынскія работнікі павінны быць падрыхтаваныя. Той курс, які выкладаецца ў медуніверсітэтах, закладвае базіс, але гэта тэорыя. Зусім іншая справа, калі студэнт становіцца ўрачом і атрымлівае ўласны досвед стасункаў з пацыентамі, шляхам спроб і памылак малады спецыяліст спрабуе выбудаваць сваю мадэль паводзін. Вельмі важна дапамагчы нашым калегам знайсці падыход да кожнага пацыента, таму дапамога патрабуецца ім і на ўзроўні постдыпломнай падрыхтоўкі.

Медыкі — у сацыяльных сетках

Вольга Маршалка паведаміла, што ўвесь змест пастановы «Аб зацвярджэнні Правіл медыцынскай этыкі і дэанталогіі» быў пакладзены ў аснову службовых інструкцый і ўсіх медыцынскіх работнікаў азнаёмілі з гэтым дакументам пад роспіс. Дэталёвага апісання знешняга выгляду работнікаў у пастанове не змяшчаецца, але гэтыя пытанні прапісаны ў правілах унутранага працоўнага распарадку ўстаноў аховы здароўя.

— Вонкавы выгляд медыцынскага работніка павінен быць эстэтычным і не перашкаджаць яму выконваць яго службовыя абавязкі, — тлумачыць Дзмітрый Шаўцоў. — Паверце, што бясшумны абутак без абцасаў — гэта клопат як пра нашых калег, так і пра пацыентаў, бо калі медработнік атрымае траўму на рабочым месцы, то пад пагрозай можа аказацца і жыццё пацыента. Даўжыня халата ў нас нідзе не прапісана, але ж усім зразумела, што можа выклікаць незадавальненне ў хворых людзей. Паўпразрысты халат, апрануты на іншае адзенне, будзе дарэчы хіба што толькі ў рэнтген-кабінеце ці ў рэгістратуры. Увогуле, сёння няма праблем з тым, каб выглядаць прыгожа і сучасна. Мы, на шчасце, адышлі ад баваўняных халатаў, якія страчвалі свой выгляд амаль імгненна: ёсць і добрыя тканіны, і зручныя медыцынскія касцюмы... Макіяж таксама не павінен быць кідкім, як і шлейф ад парфумы, бо ў кагосьці можа быць алергія на пэўныя пахі...

А на што маюць права медыцынскія работнікі ў сацыяльных сетках? У іншых краінах былі выпадкі, калі пасля з'яўлення пэўных здымкаў у сеціве, якія выкладалі медыцынскія работнікі, апошнія страчвалі месца працы. (Ну як, напрыклад, ставіцца да эратычных здымкаў на аперацыйным стале?) Былі і флэшмобы, арганізаваныя медыкамі, у падтрымку сваіх калег, калі тыя рабілі сэлфі на сваім рабочым месцы і дзяліліся імі ў інтэрнэце.

— У сацыяльных сетках нельга размяшчаць фота і відэа любых медыцынскіх маніпуляцый з пацыентамі: ні падчас прыёму, ні падчас аперацыі. Гэта табу, таму што ўсё, што датычыцца пацыента, складае ўрачэбную тайну, — падкрэслівае Дзмітрый Шаўцоў. — Дзяліцца падобнымі фота і відэа медыкі могуць толькі з калегамі выключна ў прафесійных мэтах. Таксама недапушчальна, каб медработнікі ў сацыяльных сетках размяшчалі фота з п'яных вечарынак, таму што ўрач у стане алкагольнага ап'янення або з цыгарэтай ніяк не ўпісваецца ў пастулаты здаровага ладу жыцця. Што датычыцца іншых асабістых фота і відэа, то ёсць свабода самавыяўлення, гэта асабістая справа кожнага. Калі медык лічыць, што ён можа выкласці, напрыклад, фота ў купальніку пад пальмай, дык што тут такога?

Рэйтынг у электронным кабінеце

Вольга Маршалка расказала, што ў рамках развіцця электроннай аховы здароўя плануецца арганізаваць персаніфікаваны ўлік усяго медперсаналу краіны. Мяркуецца, што ў кожнага ўрача і медыцынскай сястры ў перспектыве з'явіцца асабісты электронны кабінет. Ён будзе напаўняцца інфармацыяй, карыснай як для іншых калег і кіраўнікоў сістэмы аховы здароўя (напрыклад, для патэнцыйных наймальнікаў), так і для пацыентаў, якія хочуць больш даведацца пра спецыяліста, да якога іх накіроўваць. Прычым апошнія змогуць пакінуць там свой водгук: выказаць падзяку або, наадварот, — пакінуць крытычную заўвагу. Так будзе фарміравацца рэйтынг кожнага медыцынскага работніка.

— Мяркую, што спецыяліст, які хвалюецца за свой статус, проста не дапусціць, каб нейкі кампрамат трапіў ў сеціва, — разважае Вольга Маршалка. — Гэта будзе стымулам для таго, каб выконваць нормы этыкі не толькі на рабочым месцы, але і за сценамі медыцынскай установы. Наша прафесія ва ўсіх навідавоку, таму трэба клапаціцца пра свой імідж.

— Да таго ж пацыент, напрыклад, можа задаць пытанне ўрачу: «А чаму, доктар, у вас 25 гадоў працоўнага стажу і толькі другая катэгорыя?» — дапаўняе калегу Дзмітрый Шаўцоў. — А такія выпадкі таксама бываюць. Беларуская асацыяцыя ўрачоў зараз праводзіць пробнае інтэрнэт-галасаванне. Устаноўлены фільтры, каб не дапусціць маніпуляцый, і мы правяраем літаральна кожны водгук — ці рэальны чалавек яго пакінуў? І цікавую сітуацыю назіраем. Менавіта ад нас кіраўнікі медыцынскай установы даведваюцца, што ў таго ці іншага іх спецыяліста ўжо ёсць пэўны рэйтынг. І чуем: «А чаму менавіта гэты доктар? У нас жа ёсць і больш дастойныя!» Мы кажам: «Гэта вы так думаеце, а ў пацыентаў ёсць сваё меркаванне». Здараецца, што наперад вырываецца малады доктар. Мы цалкам падтрымліваем ідэю электронных кабінетаў, бо будзе створана канкурэнтнае асяроддзе, ніхто не захоча быць аўтсайдарам. Павышэнне кваліфікацыі, замежныя стажыроўкі — усё гэта, канешне, вельмі важнае для медыцынскага работніка, але прафесіяналізм — гэта яшчэ і чалавекалюбства, уменне знайсці падыход да кожнага пацыента, падабраць патрэбныя словы. Дасягнуць станоўчага выніку ў лячэнні можна толькі ў тандэме...»

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Піць — хваробу лячыць...

Эканоміка

Ці паўплываюць буйныя спартыўныя спаборніцтвы на кошт арэнды жылля ў Мінску

Ці паўплываюць буйныя спартыўныя спаборніцтвы на кошт арэнды жылля ў Мінску

Рынак нерухомасці заўсёды нестабільны перад значнымі мерапрыемствамі, якія прыцягваюць турыстаў.

Спорт

Якаў Зянько: На лёдзе даю  волю эмоцыям

Якаў Зянько: На лёдзе даю волю эмоцыям

Ён — адзін з нямногіх прадстаўнікоў беларускага фігурнага катання на міжнароднай арэне.