Вы тут

Фігурыст Юрый Гуліцкі: Думаю, турнір у Мінску будзе класны


У дваццатых чыслах студзеня ў Мінску ўпершыню пройдзе маштабны турнір па фігурным катанні. Чэмпіянат Еўропы збярэ найлепшых спартсменаў кантынента. Сярод іх выступяць і беларускія атлеты, канкрэтныя імёны будуць вядомыя пасля апошняга адборачнага старту — чэмпіянату краіны. Найбольш відавочнымі прэтэндэнтамі ў танцах на лёдзе сёння з'яўляецца пара Юрый Гуліцкі і Ганна Кублікова. Карэспандэнты «Звязды» зазірнулі на іх трэніроўку, каб пазнаёміцца бліжэй.


* * *

Па рамках танцаў на лёдзе Юрый і Ганна пара вельмі маладая, разам яны ўсяго паўтара года. Ганна пачынала займацца фігурным катаннем у невялікім расійскім гарадку Кіраве, да 8 гадоў дзяўчынка спрабавала развівацца ў адзіночным катанні, але пазней па рэкамендацыях трэнераў перайшла ў танцы. Каб вырасці ў прафесійную спартсменку, у 12 гадоў разам з бацькамі Ганна Кублікова перабралася ў Маскву, у групу вядомага фігурыста і трэнера Аляксандра Жуліна. З першымі партнёрамі ў сталіцы адносіны не склаліся, Ганна працягнула катацца ў Кацярыны Рублёвай, але зноў засталася адна, яе напарнік вырашыў з'ехаць у Амерыку. «Год каталася без партнёра, ужо страціла ўсе надзеі і скончыла са спортам, — успамінае фігурыстка. — Спрабавала зарабляць на шоу і трэніраваць. Нават не думала, што зноў буду катацца ў прафесійным спорце». Але адзін з трэнераў Пётр Дурнеў прапанаваў Ганне звярнуць увагу на беларускага хлопчыка Юру, які ў той час таксама аказаўся без партнёркі. так і склаўся новы танцавальны дуэт. «Фізічна было вельмі цяжка вяртацца, год, напэўна, я толькі ўваходзіла ў гэты рытм», — раказвае Аня. Тое, што дзяўчыне давялося памяняць краіну і грамадзянства, яе не засмучае. «Мне проста хацелася выступаць, катацца за Беларусь было адзіным шанцам вярнуцца ў вялікі спорт. І гэтаму я вельмі рада», — адзначае фігурыстка.

А вось Юрый Гуліцкі — ураджэнец Мінска, таму лёд чэмпіянату Еўропы стане для яго родным. Ён пачаў займацца фігурным катаннем у чатыры з паловай гады і спачатку таксама лічыўся адзіночнікам. Адзін з самых паважаных спецыялістаў краіны Яўген Тарасаў прапанаваў Юру паспрабаваць сябе ў танцах на лёдзе, фігурысту хутка знайшлі партнёрку, і Юра стаў прагрэсаваць. Доўгі час хлопец катаўся з Яўгеніяй Ткачэнкай, але нядаўна дзяўчына з прычыны праблем са здароўем пакінула прафесійны спорт. Пасля няўдалых спроб з іншымі партнёркамі ў красавіку 2017 году Юрый устаў у пару з Ганнай Кубліковай. «Мы ўдзячныя і трэнерам, і Беларускаму саюзу канькабежцаў, што ў нас ёсць магчымасць катацца разам і выступаць за Беларусь», — адзначае Юрый.

* * *

Падрыхтоўку да чэмпіянату Еўропы яны пачалі з лета. Спачатку закладвалі агульнафізічную базу, затым прайшлі зборы ў падмаскоўным Навагорску разам з групай Аляксандра Жуліна, з якімі беларуская пара трэніруецца досыць часта. «У нас вялікая група трэнераў, ёсць спецыялісты па акрабатыцы, харэаграфіі, артыстызму, — расказвае Юрый. — Усе ўкладаюць і даюць нешта сваё. У цэлым гэтая работа вельмі цікавая, дружны калектыў не толькі трэнераў, але і саміх спартсменаў».

Ганна дадае, што разам з імі ў групе Жуліна трэніруецца наймацнейшая расійская пара Вікторыя Сініцына / Мікіта Кацалапаў і высокага ўзроўню іспанскі дуэт. «Нам пашанцавала аказацца з імі, ёсць на каго глядзець, на каго раўняцца, таму што і тэхнічна, і па харэаграфіі гэта вельмі моцныя спартсмены».

Па ходзе сезона Гуліцкі і Кублікова змаглі паўдзельнічаць у кантрольных пракатах нацыянальнай зборнай і ў міжнародных турнірах серыі Б Міжнароднага саюза канькабежцаў. Беларуская пара выступіла на турнірах у Браціславе, Мінску, Андоры і Заграбе.

«На першым старце ў Браціславе не абышлося без памылак, праграма была яшчэ не настолькі скатаная. Але пасля гэтага мы шчыльна папрацавалі над памылкамі і цяпер у Андоры паказалі нашмат лепшае катанне і вынік. Занялі другое месца, гэта нашы першыя медалі на міжнародным турніры», — адзначае Ганна.

У Мінску танцавальнаму дуэту не хапіла зусім трохі да п'едэстала. «Пракаты былі нядрэнныя, у кароткай праграме мы выступілі выдатна, у адвольнай трохі горш з-за ўзніклых праблем са здароўем, — аналізуе Юрый. — Ну і да таго ж былі дуэты, якія мацнейшыя за нас, якія даўно катаюцца і зарэкамендавалі сябе перад суддзямі. У нашым відзе спорту вельмі важна знаходзіцца ўвесь час на вачах у суддзяў, каб яны не забывалі пару, пастаянна бачылі яе. Гэта, магчыма, таксама паўплывала на расстаноўку месцаў».

* * *

Наогул, фігурысты адзначаюць, што для танцаў на лёдзе паўтара года разам — гэта вельмі маленькі тэрмін. Хоць за гэты час яны ўжо вывучылі характары адзін аднаго, навучыліся адчуваць рух адзін аднаго на лёдзе. «Гэта вельмі важна. Спачатку было цяжка, але дзякуючы трэнерам мы паступова знаходзім аднолькавы падыход», — запэўнівае Юра. Ганна ж адзначае, што паколькі элементы ў фігурным катанні не толькі складаныя, але і часам вельмі небяспечныя, не абысціся без даверу. «І, вядома, без добрых адносін на лёдзе і павагі не дабіцца вынікаў», — дадае дзяўчына.

Калі казаць пра агульныя поспехі гэтай пары, за паўтара года разам яны сталі сярэбранымі прызёрамі чэмпіянату Беларусі, сёлета заваявалі «серабро» на міжнародным турніры ў Андоры. «Заўсёды прыемна, калі катаешся чыста і без вялікіх памылак, калі сыходзіш з лёду і разумееш, што зрабіў усё, што мог, — расказвае Юрый Гуліцкі. — Менш за тыдзень у нас застаецца да чэмпіянату Беларусі, па яго выніках мы даведаемся, ці адбяромся на чэмпіянат Еўропы».

Чакаецца, што ў цяперашнім першынстве краіны возьме ўдзел пяць танцавальных дуэтаў, але гэта ў асноўным юніёрскія пары, якія ўпершыню паспрабуюць сябе на дарослым узроўні, таму шанцы трапіць на чэмпіянат кантынента ў Юрыя і Ганны вялікія.

Што датычыцца планаў на чэмпіянат Еўропы, трэнерскі штаб не ставіць перад парай задачы, фігурысты робяць гэта самі. «Задача заўсёды адна — паказаць усё, што мы ўмеем, усё, што напрацавалі за гэты час», — кажа Ганна. Юрый дадае: «Мы будзем старацца трапіць у адвольны танец, гэта значыць прайсці кваліфікацыю ў кароткім — трапіць у 20-ку наймацнейшых».

Яны абое адзначаюць, што выступаць дома ім будзе вельмі прыемна, і спадзяюцца, што дамашнія трыбуны дапамогуць адкатацца годна. «Гэта прыемна і адказна. Вядома, хваляванне будзе прысутнічаць, але горш, калі не хвалюешся. Гэта значыць, штосьці няправільна ў цябе ў галаве, — дзеліцца меркаваннем Юрый. — Думаю, турнір у Мінску будзе класны. Вопыту выступлення на такіх турнірах у нас няма, у мяне ў кар'еры было два выступленні на чэмпіянаце свету сярод юніёраў, а ўжо на дарослым узроўні такіх турніраў не было».

Ганна напрыканцы дадае: «Мы вельмі спадзяёмся, што трыбуны «Мінск-арэны» будуць максімальна запоўнены на ўсіх спаборніцтвах, а не толькі на гала-канцэрце. Спадзяёмся, што людзі прыйдуць, бо фігурнае катанне — від спорту, які вельмі набліжаны да мастацтва. Гэта прыгожа, складана, эфектна».

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Андрэя САЗОНАВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.