Вы тут

У галерэі Савіцкага можна акунуцца ў атмасферу лекавання і алхіміі


Да 13 студзеня ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, што ў сталіцы, можна акунуцца ў атмасферу лекавання і нават алхіміі, убачыўшы выстаўку «Аптэка ў старой сядзібе. Гісторыя фармацыі ў Мінску ў XVІІІ—XX стагоддзях», прысвечаную 270-годдзю аптэкі Яна Шэйбы.


Гістарычна будынак на плошчы Свабоды, 15 (дзе цяпер размяшчаецца галерэя) вядомы з канца XVІІІ стагоддзя як гарадская сядзіба. У 1799 годзе першы гаспадар граф Міхаіл Пшаздзецкі прадаў дом за 40 тысяч польскіх злотых Андрэю і Ганне Станкевічам. Менавіта з імем Андрэя Станкевіча звязана «аптэчная» гісторыя сядзібы. Яшчэ ў 1782 годзе будучы гаспадар дома мешчанін Андрэй Станкевіч адкрыў у Мінску аптэку.

На выстаўцы прадстаўлена гісторыя аптэчнай справы сталіцы з канца XVІІІ стагоддзя. Экспануецца арыгінальны аптэчны посуд: шкляныя і парцалянавыя штанглазы, рэторты, перагонныя колбы; узоры лекавых раслін; аптэчныя сігнатуры, фірмовыя этыкеткі аптэкі № 88 у Траецкім прадмесці; кнігі па фармацэўтыцы; аптэчныя вагі; дакументы і фотаматэрыялы.

Выстаўка падрыхтавана супрацоўнікамі галерэі сумесна з прадпрыемствам «Белфармацыя», клубам па гісторыі фармацыі пры рэспубліканскім грамадскім аб'яднанні фармацэўтычных работнікаў «ФАРМАБЕЛ».

Варта дадаць, што ў дарэвалюцыйным Мінску аптэк таксама было нямала. З 1907 года ў сталіцы ў раёне цяперашняй вуліцы Фабрыцыуса працаваў шклозавод Батвінніка, які, у прыватнасці, пастаўляў аптэкам слоічкі, бутэлечкі. Пасля рэвалюцыі ён стаў шклозаводам «Пралетар». Адзін з будынкаў былой «гуты» захаваўся. Яго гісторыя цесна звязана з самой аптэкай, якая адкрылася ў Траецкім у 1987 годзе пасля рэстаўрацыі заходняй часткі прадмесця (кабінет гісторыі аптэчнай справы знаходзіцца па адрасе: Старажоўская, 3). А сам будынак аптэкі № 88, дзе ён размяшчаецца, уключаны ў рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Першапачаткова было прынята рашэнне зрабіць у ім не толькі ўстанову па вырабе лекавых збораў і продажы лекаў, але і асветніцкі, папулярызатарскі аб'ект. Аформіць уваход, тамбур і гандлёвую залу ў стылі старадаўніх аптэк XVІІ стагоддзя запрасілі архітэктара Ілью Дзятлава, мастачак Аляксандру Дзятлаву і Вольгу Сазыкіну. Дзякуючы ім знешні выгляд і інтэр'ер аптэкі цяпер з'яўляюцца ўнікальнымі.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Загаловак у газеце: Гісторыя старых аптэк

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».