У мінулую пятніцу ў Мінску прайшоў заключны канцэрт «Песні года Беларусі»: больш як 30 айчынных артыстаў і калектываў, якія цягам усяго 2018-га найчасцей гучалі ў эфіры радыёстанцый, выступілі ў маштабнай зборнай праграме з песнямі і пераднавагоднімі віншаваннямі. Цікавінкай вечара стала прэзентацыя адмысловага праекта, прысвечанага малой Радзіме.
Дзве тысячы білетаў у вялікую залу Палаца Рэспублікі разышліся літаральна за некалькі дзён, не без гонару адзначылі арганізатары. Некаторыя гледачы ў святочных уборах і з кветкамі прыйшлі паслухаць канкрэтных любімых артыстаў — Афанасьеву, Саладуху, а некаторым быў цікавы ўвесь канцэрт. «Адна справа, калі чуеш песню па радыё і думаеш: нічога так, падабаецца, а другая — убачыць, хто яе выконвае», — падзялілася пажылая сямейная пара. І хоць канцэрт зацягнуўся больш чым на 3,5 гадзіны, стомленасці ў публікі не адчувалася. Як відовішчна і ярка гэта было, можна пераканацца ў тэлеверсіі, якую канал АНТ пакажа 25 снежня. «Звязда» ж зазірнула за кулісы вялікага музычнага шоу, дзе вядучыя канцэрта Дзмітрый Кахно і Яўген Перлін пазіравалі перад камерамі, Аляксандр Саладуха ззяў фірменнай усмешкай і расказваў пра нядаўні канцэрт у Крамлі, дзяўчаты-танцоркі ў футурыстычных касцюмах разміналіся проста ў калідоры, а дыджэі радыёстанцый і шматлікія выканаўцы дысцыплінавана чакалі свайго выхаду на сцэну.
У спісе ўдзельнікаў заўважаем як заўсёднікаў «Песні года Беларусі», якія атрымліваюць памятныя дыпломы штогод, так і навічкоў: хто такія і як выглядаюць спявачкі Lіlіkа, Кейсі, Даша Кола, дуэт «Двое ў горадзе», здаецца, ведаюць хіба рэжысёры канцэрта. Затое ўсе адразу пазнаюць спецыяльнага госця — заслужанага артыста Расіі Аляксея Глызіна, які, дарэчы, выканаў песню беларускага аўтара. «Не скажу, каб мне часта выпадала супрацоўнічаць з беларусамі, але кожны раз — памятны і радасны, бо гэта заўжды зроблена дасканала і шчыра, ад душы. Вось і цяпер мне вельмі прыемна працаваць з Лёнем (Шырыным. — Аўт.), які ўзначальвае прадзюсарскі цэнтр «Спамаш Малінаўка.bу» і працягвае справу нашага агульнага добрага сябра Аляксандра Ціхановіча», — прызнаўся Глызін пасля выступлення і, ці то жартам, ці то ўсур'ёз, дадаў, што плануе набыць кватэру ў Смалявічах, каб часцей запісвацца і выступаць у нашай краіне.
Саліст «Драздоў» Віталь Карпанаў, высветліўшы нумар свайго выступлення, наадварот, нікуды не спяшаецца і з жартамі ды прыгаворкамі робіць усё новыя запісы для відэаблога. «Віталь, — падбухторваюць яго калегі, — у цябе ж песня пра вёску, чаму касцюм такі афіцыйны?» — «Ну, па-першае, я без гальштука, — знаходзіцца спявак, — а па-другое, калі пра вёску, то што, абавязкова ў ботах і штанах з начосам?» Нам жа прызнаецца, што цяпер у родных мясцінах бы-
вае нячаста: «Вось заўтра паеду. І хоць складана гэта ўвязваць з гастрольным графікам, але зазірнуць да бацькоў і дапамагчы — няхай нават не самому, а наняць людзей — такі абавязковы абавязак, даруйце за таўталогію. І калі людзі, якія рэалізаваліся ў жыцці, часцей будуць ездзіць да сябе на малую радзіму і матываваць землякоў, то і яна будзе змяняцца да лепшага».
Аляксей Хлястоў дае закадравыя каментарыі выключна ў кампаніі дачкі Варвары, якая цвёрда трымае ў руках дыплом «Песні года». Дзяўчынка, дарэчы, таксама актыўна займаецца музыкай — так што яшчэ пытанне, хто каго суправаджае на канцэрце. «Усміхайся, дачушка, — падбадзёрвае спявак, — у таткі цяпер усё ёсць — і дыплом, і зарплата, так што будзем святкаваць». Усёй сям'ёй прыбылі на канцэрт і NаvіBаnd: пакуль Ксенія і Арцём спяваюць, сямімесячны сын Мацей, здаецца, адчувае, што песня «А дзе жывеш ты?» — пра яго, і спакойна чакае бацькоў на руках то ў бабулі, то ў дырэктара гурта, а па сумяшчальніцтве свайго хроснага бацькі Аляксандра.
А вось народнаму артысту Беларусі Анатолю Ярмоленку даўно няма патрэбы даказваць камусьці якасць сваёй музыкі, таму ён смела пагаджаецца на эксперыменты. Напрыклад, выконвае разам з унукам, Анатолем Ярмоленкам-малодшым, забаўную песню на словы моднага аўтара Цімы Беларускіх «Ва ўсіх навідавоку», дзе... чытае рэп. Але звыклага і любімага Анатоля Іванавіча ў «Песні года Беларусі — 2018» гледачы таксама ўбачаць і пачуюць — з песняй «Сапраўдны беларус». «Мне прыемна, што тут ёсць беларускасць не ў традыцыйным разуменні слова, а ў сучасным гучанні — значыць, да гэтай тэмы, да нашай мовы і культуры ёсць цікавасць у наступнага пакалення», — разважае артыст.
«Дзяўчаты, дзяўчаты, Алейнік ідзе!» — у кампазітара, які сёння выглядае асабліва ўрачыста, ці не кожную пару хвілін просяць зрабіць сумеснае фота альбо даць міні-інтэрв'ю. Такая цікавасць не выпадковая: кампазітар Яўген Алейнік і паэтка Юлія Быкава прэзентуюць на «Песні года» цэлы праект — новы альбом «Куточак Беларусі», прысвечаны малой радзіме. Дзевяць песень з яго прагучалі і на канцэрце — у выкананні Іны Афанасьевай і Юліі Быкавай, Вікторыі Алешкі і Аляксандра Саладухі, Алены Ланской, Анатоля Ярмоленкі, Іскуі Абалян, Машы Жылінай, Андрэя Коласава і Дзяніса Вяршэнкі, а ўсяго ў зборніку 20 музычных кампазіцый. Увогуле, гаворыць Яўген Алейнік, адпраўным пунктам праекта можна назваць 2011 год — калі на міжнародным конкурсе «Еўрабачанне» прагучала песня «І lоvе Bеlаrus» у выкананні Анастасіі Віннікавай.
У 2016-м нарадзілася песня «Сінявокая», якую выканалі дуэтам народны і заслужаная — Анатоль Ярмоленка і Вікторыя Алешка, — атрымалася без пафасу, затое душэўна і пранікнёна. Летась на Купаллі ў Александрыі Алена Ланская ўпершыню выканала песню «Куточак Беларусі», эфектны кліп на якую здымаўся цэлы год і быў прадстаўлены толькі гэтай восенню. А потым здарылася праца ў Кітаі, настальгія па Радзіме, і, нібыта пацеркі ў нітцы караляў, новыя песні адна за адной склаліся ў цэлы альбом. «Сёння адбываецца прэм'ера, але сам альбом яшчэ не выйшаў, засталося дарабіць некалькі песень, — дзеляцца аўтары. — Хочацца падзякаваць усім, хто падключыўся да праекта, — а гэта і заслужаныя артысты, і маладыя выканаўцы Анжаліка Пушнова, Оля Сацюк, Руслан Асланаў, Ален Хіт і іншыя, — і з вялізным імпэтам выконваюць лірычныя песні пра сваю малую радзіму, пра тое, што яны адчуваюць да роднай зямлі. І справа ніколькі не ў кан'юнктуры: наколькі мы можам меркаваць, Год малой радзімы насамрэч закрануў ва ўсіх нейкія стрункі ў душы, выклікаў жаданне зрабіць штосьці для родных мясцін». Як плануецца, альбом «Куточак Беларусі» будзе суправаджацца не толькі прыгожымі кліпамі, але і нотамі да кожнай песні, каб іх маглі выконваць усе ахвотныя (напрыклад, толькі партытуру «Сінявокай» папрасілі прыслаць больш як 50 чалавек).
Пра тое, што песні пра малую радзіму сталі для іх чымсьці значна большым, чым словы і мелодыя, расказалі «Звяздзе» і іншыя ўдзельнікі праекта. «Патрыятызм пачынаецца якраз з гэтага — з любові да пэўнага куточка Беларусі, які ў кожнага свой, — разважае Алена Ланская. — Для мяне гэта, напрыклад, родны Магілёў, дзе я нарадзілася і вырасла, дзе першы раз закахалася і пачала спяваць. І калі мы здымалі ў вёсцы кліп на песню «Куточак Беларусі», — немагчыма перадаць словамі ўсю палітру пачуццяў і эмоцый, якія я перажывала, бо ўсё дзяцінства якраз правяла ў вёсцы і не па чутках ведаю і яе хараство, і яе жыццё, і працу — як капаць бульбу і даіць кароў... Я і сёння стараюся як мага часцей прыязджаць у Магілёў: там засталіся сябры, мой тата і старэйшая сястрычка з пляменніцай і ўсе тыя людзі, якія памятаюць мяне яшчэ маленькай дзяўчынкай».
Для спявачкі Іскуі Абалян пытанне малой радзімы складанае: «Я армянка, але так склалася, што ў Арменіі ні дня не пражыла: нарадзілася ў Кыргызстане, вырасла ў Расіі, а з 19 гадоў жыву ў Беларусі, атрымала прафесію і заваявала свайго слухача ў Магілёве. Напэўна, ён і ёсць пункт адліку, мая любімая малая беларуская радзіма, дзе я стараюся бываць як мага часцей». Што да песні «Мама» з альбома, прысвечанага Году малой радзімы, то Іскуі прызнаецца: практычна кожны раз, калі выконвае яе, не можа стрымаць слёз — настолькі аўтабіяграфічнай, глыбокай і асабістай атрымалася кампазіцыя. «Я ўпэўнена, што песня пра родны дом, пра бацькоў нікога не пакіне абыякавым, — гаворыць Іскуі. — Сёння я ўпершыню адправіла яе сваёй сястры і маме. Доўгі час была цішыня — яны абедзве таксама проста плакалі і не маглі нічога сказаць... Значыць, атрымалася нешта сапраўднае, што ідзе ад сэрца да сэрца».
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Фота аўтара і БелТА
Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве
Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.