Вы тут

Агурбаш і «Белспажыўсаюз» будуць сумесна выпускаць футравую вопратку


Дызайн-цэнтр GNL Белспажыўсаюза прадставіў новую калекцыю футравых вырабаў у творчым супрацоўніцтве з Анжалікай Агурбаш.


Як расказала сама спявачка, якая выступіла ў якасці дызайнеркі, 7 снежня калекцыя паехала на прэзентацыю ў Маскву.

Капсульная камерцыйная калекцыя «GNL bу АNGЕLІСА» запланавана на 2019—2020 год, але базавыя вырабы будуць з цягам часу трансфармавацца. У планах пашырэнне вытворчасці, таму што заказаў, па словах дызайнеркі, ужо вельмі шмат.

— У мяне дастаткова запрашэнняў на тыдні моды ў Расіі, Казахстане, краінах Балтыі. Зацікаўленасць вялікая, нават Філіп Кіркораў паклаў вока на некаторыя нашы вырабы і заказаў два футравыя капюшоны, — сказала Агурбаш.

Аб развіцці зверагадоўчых гаспадарак у краіне расказаў старшыня праўлення Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў Валерый ІВАНОЎ.

— Больш за 90 % пушніны ў нашай краіне належыць Белспажыўсаюзу. З 500 тысяч шкур атрымліваецца 1000 вырабаў. Канешне, гэта малы аб'ём, але вырабы эксклюзіўныя, яны маюць высокую якасць. Мы плануем падвоіць вытворчасць і наладзіць партнёрства з кітайскімі і расійскімі інвестарамі, — падзяліўся Валерый Іваноў.

Па яго словах, каб замацавацца на адным узроўні з такімі канкурэнтнымі футравытворчымі краінамі свету, як Кітай, Расія, некаторыя прыбалтыйскія краіны, прадпрыемству быў патрэбны творчы штуршок. Таму дызайн-цэнтр GNL арганізаваў праект з Анжалікай Агурбаш.

Спявачка пазнаёмілася з кампаніяй на «Белагра-2017» і, па яе словах, была ўражаная якасцю мадэляў.

— Магу сказаць, што сёння беларускае футра абсалютна канкурэнтаздольнае на любых рынках. Яно нават атрымала прэмію «Sаgа Furs» (аўкцыённая кампанія, якая прапаноўвае прэміяльнае футра ў Еўропе. — Аўт.). У творчай майстэрні GNL мы аб'ядналі найлепшыя ідэі для калекцыі «GNL bу АNGЕLІСА», — расказала Анжаліка Агурбаш.

Яна таксама падзялілася некаторымі момантамі работы над калекцыяй.

— Паўгода я правяла на фабрыцы. Няведанне работы з футрам дазволіла мне адысці ад шаблонаў. Уся калекцыя ў нас аверсайз (свабоднага крою. — Аўт.) і ўнісекс. Гэта якасна, стыльна, эфектна і модна, і вельмі па-беларуску. Вы можаце ўбачыць на вырабах нацыянальную сімволіку — гэта яе адметнасць, — падкрэсліла спявачка.

Па словах Анжалікі Агурбаш, хутка плануецца адкрыццё невялікай крамы, а таксама запуск Інстаграм-профілю з фатаграфіямі калекцыі.

Ганна ЮНЧЫЦ

Загаловак у газеце: Сваё футра цяплей да цела

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?