Вы тут

Беларускія дзеці і падлеткі намалявалі сваё бачанне правоў чалавека


Больш за 500 беларускіх дзяцей і падлеткаў намалявалі сваё бачанне правоў чалавека.


Ужо больш за паўстагоддзя адзначаецца Сусветны дзень правоў чалавека. І ўпершыню да гэтай значнай даты, а таксама да 70-годдзя Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ў Беларусі прайшоў творчы конкурс-выстаўка для дзяцей і падлеткаў «Намалюй свае правы». Арганізатарамі яго выступілі прадстаўніцтва ААН у нашай краіне, Міністэрства адукацыі. Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. На фінальны, рэспубліканскі этап паступіла больш як 500 работ юных мастакоў ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў. Днямі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося падвядзенне вынікаў конкурсу і адкрылася выстаўка найлепшых работ яго ўдзельнікаў.

На жывапісных і графічных малюнках — дзіцячае асэнсаванне таго, што такое права на жыццё, на свабоду, на сям'ю, на навучанне, на медыцынскі догляд, на адпачынак і вольны час і г. д. Геаграфія конкурсу — усе рэгіёны Беларусі, а сярод прызёраў — выхаванцы творчых студый, аб'яднанняў па інтарэсах і мастацкіх гурткоў з Мінска, Гомеля, Дзяржынска, Баранавічаў, Камянца, Гродна, Жлобіна, Ліды, Брэста, Бабруйска і іншых гарадоў.

«Вы ведаеце, чаму Дэкларацыя правоў чалавека трапіла ў Кнігу рэкордаў Гінеса? — захапіў увагу дзіцячай аўдыторыі кіраўнік дэпартамента грамадскай інфармацыі прадстаўніцтва ААН у Беларусі Віктар Радзівіноўскі. — Бо гэты дакумент перакладзены больш як на 500 розных моў свету і пакладзены ў аснову большасці канстытуцый!» Ён падзякаваў бацькам і педагогам за выхаванне ў дзецях не толькі разумення сваіх правоў, але і павагі да правоў і свабод іншых людзей.

Удзельнікі журы, якое ацэньвала дасланыя работы, прызналіся: выбіраць найлепшыя сярод паўтысячы малюнкаў і карцін, адны з якіх па-дзіцячы мілыя і непасрэдныя, другія — пранізлівыя і амаль што прафесійныя па ўзроўні, было вельмі складана. «Гэта калегіяльнае рашэнне. Асабіста мне, як юрысту, было важна, каб удзельнікі дакладна і зразумела даносілі ідэю свайго твора да нас, гледачоў. Магу шчыра сказаць, што дзеці вельмі глыбока, эмацыянальна паказалі тое, што бачаць у навакольным свеце. Ім, безумоўна, дапамагалі бацькі і педагогі, але дзіцячы погляд выразна адчуваецца, асабліва ў малодшай узроставай катэгорыі. Спадзяюся, што гэты момант — удзел у конкурсе, у цырымоніі ўзнагароджвання — застанецца ў іх памяці незалежна ад таго, хто стане ў будучыні мастаком, а хто проста вырасце нераўнадушным чалавекам», — адзначыў начальнік упраўлення інтэрнэт-рэсурсаў Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Андрэй Гвардзіян.

Памятныя падарункі і дыпломы І, ІІ і ІІІ ступеняў у дзвюх намінацыях — «Жывапіс» і «Графіка» — атрымалі 30 лаўрэатаў выстаўкі-конкурсу, яшчэ 400 дзяцей узнагароджаны дыпломамі ўдзельнікаў. Таксама арганізатары зладзілі для ўсіх удзельнікаў цырымоніі салодкі стол і экскурсію па Нацыянальнай бібліятэцы, у сценах якой, дарэчы, да 20 снежня можна ўбачыць саму выстаўку «Намалюй свае правы. 70 гадоў Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека» — у мабільнай галерэі на трэцім паверсе.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Права на дабрыню

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.