Вы тут

У Мінску адкрыўся «разумны» павільён Белсаюздруку


11 снежня ўвойдзе ў гісторыю беларускага друку. Насупраць мінскага Палаца спорту свае дзверы гасцінна адчыніў першы "разумны" павільён Белсаюздруку. Так, колішнія кіёскі, якія не мянялі свой знешні выгляд дзесяцігоддзямі, пакрысе замяняліся звычайнымі павільёнамі, у якіх можна было выбраць, не спяшаючыся, свежы нумар патрэбнага выдання, але і замовіць кубачак кавы. Гандлёвы аб'ект, які адкрыўся сёння, на першы погляд не такі і вялікі - усяго 24 квадратныя метры па плошчы. Але змяшчае вельмі шмат цікавінак.


Цяпер падчас выбару выдання або піцця кавы можна падзарадзіць смартфон. Калі трэба выйсці ў Сеціва - да паслуг наведнікаў безлімітны Wi-Fi. Запрацуе і імгненная сістэма ацэнкі прадаўцоў - так званы "лайкер". Ён дазволіць аператыўна рэагаваць на заўвагі і прапановы аб працы як прадаўца, так і гандлёвай сеткі ў цэлым.

Паклапаціліся тут і пра хуткае абслугоўванне замежных гасцей, якія не валодаюць беларускай і рускай мовамі. Ім на дапамогу прыйдзе анлайн-перакладчык. Гэта асабліва важна, калі ўлічыць, што ўжо працяглы час у Беларусі дзейнічае кароткатэрміновы бязвізавы ўезд для грамадзян многіх краін свету, а таксама тое, што напярэдадні - ІІ Еўрапейскія гульні. Дарэчы, да гэтай спартыўнай падзеі ў павільёнах запрацуюць гарадскія навігатары, якія дапамогуць замежнікам арыентавацца ў Мінску.

Функцыянал "разумнага" павільёна на гэтым не заканчваецца. І ўжо акрэслены перспектывы яго пашырэння. З яго дапамогай можна будзе замовіць таксі, выклікаць экстранныя службы. А яшчэ - аплаціць камунальныя паслугі, заказаць квіток на канцэрт і выбраць падарункавы сертыфікат буйных універмагаў.

- Узровень магчымасцяў такога павільёна значна перавышае тыя, якія ёсць у звычайных кіёскаў, - зазначыў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч. - Мы ўжо задумваемся над тым, каб шырэй прадставіць у такіх гандлёвых кропках перыядычныя выданні. Па-першае, тут большая гандлёвая плошча. Па-другое, створаны добрыя ўмовы, каб пакупнік выбіраў патрэбныя яму выданні. Адначасова тут можна прадставіць больш за 250 найменняў перыёдыкі.

Аляксандр Карлюкевіч анансаваў, што да ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску адчыняць дзверы яшчэ некалькі дзясяткаў такіх павільёнаў Белсаюздруку. Усе пляцоўкі для іх вызначаюцца сумесна з Мінгарвыканкамам. 

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?