Вы тут

Як правільна выкарыстоўваць снег у садзе


Снег — гэта замёрзлая вада, але на 95 % ён складаецца з паветра. Кожная сняжынка — напоўнены паветрам крышталь з паветранай праслойкай вакол. Менавіта таму снег, такі халодны навобмацак, з'яўляецца цудоўным уцяпляльнікам. Цеплаправоднасць бялюткага снегу супастаўная з цеплаправоднасцю драўніны. Але важна, што гэта датычыцца толькі свежага, рыхлага і пухнатага снегу.


Засыпаем карані

Большасці раянаваных дрэў і кустоў будзе дастаткова, калі атуліць снегам прыствольны круг, а травяністым раслінам — месца пасадкі, дзе пад зямлёй захоўваецца каранёвая сістэма. Зрухі глебы пры скачках тэмпературы могуць пашкодзіць далікатныя карані, асабліва маладых раслін. Снежная праслойка зберажэ зямлю ад рэзкіх тэмпературных кантрастаў.

Хаваем каранёвую шыйку дрэў

Таксама лёгка пашкоджваецца марозам каранёвая шыйка — пераход кораня ў ствол — у тых відаў, у якіх яна павінна знаходзіцца над паверхняй глебы. Напрыклад, у пладовых дрэў. Для такой хованкі цалкам дастаткова звычайнага снегападу. Але ў маласнежныя марозныя зімы снег трэба падграбаць дадаткова.

Закідваем снегам кусты

Значна больш снегу спатрэбіцца, каб абараніць кусты, якія цвітуць вясной, а закладваюць кветкавыя пупышкі з мінулага года. У асабліва суровыя зімы нават у цалкам раянаваных раслін кветкавыя пупышкі часта падмярзаюць, і расліна не цвіце і не дае пладоў. Такія кусты трэба хаваць «з галавой», закідваць снегам цалкам. Калі зіма з малой колькасцю ападкаў, трэба рабіць гэта штучна.

Захутваем месца прышчэпкі

Яшчэ адна ўразлівая частка расліны — месца прышчэпкі. Месца злучэння дзвюх розных раслін, хоць і яно даўно зраслося, лёгка пашкоджваецца марозам. Яго варта абараняць дадаткова, асабліва ў маладых або нядаўна прышчэпленых раслін і цеплалюбівых відаў. Але ў дадзеным выпадку не заўсёды можна абысціся толькі снегам. Натуральныя ці штучныя гурбы дапамогуць, толькі калі месца прышчэпкі знаходзіцца недалёка ад зямлі.

Затрымліваем снег

Мяккія гурбы карысныя для раслін, але фарміруюцца яны часта не там, дзе нам трэба. У месцах, якія прадзімаюцца, нават у снежныя зімы не хапае абароны раслінам. На ўчастку для снегазатрымання можна, напрыклад, пасадзіць высокія густыя расліны — ідэальна падыходзяць іглічныя.

Затрымаць снег можна і з дапамогай штучна створанага рэльефу. Напрыклад, каля падпорнай сценкі, звернутай да ветру, будзе фарміравацца гурба, і расліны, якія растуць пад ёй, будуць накрытыя.

Перашкодай ветру будуць не толькі стацыянарныя пабудовы — падпорныя сценкі або платы, — але і часовыя: загараджальныя шчыты, якія выстаўляюць толькі зімой. Іх можна зрабіць з розных матэрыялаў, але лепш — з пранікальных. Шчыты з сеткі, лазы ці саломы будуць больш надзейныя, чым суцэльныя — з фанеры і дрэва. Апошнія могуць зваліцца пад націскам ветру і пашкодзіць размешчаныя ззаду іх расліны.

Дадаткова затрымлівае снег і фактурны матэрыял, прычым не толькі вертыкальныя шчыты, але і гарызантальныя паверхні. Менавіта таму добра абараняць расліны яловымі лапкамі. Касматыя галіны іглічных ствараюць дадатковую паветраную праслойку, іголкі затрымліваюць снег, не даючы яму інтэнсіўна выдзімацца. Гэта асабліва важна ў самым пачатку зімы, калі снежнае покрыва яшчэ толькі ўтвараецца. У сярэдзіне зімы, калі снежная шапка можа стаць занадта цяжкай, галіны пераразмяркуюць нагрузку, а пасля адлігі, калі снег ушчыльніцца, захаваюць паветра вакол раслін. Акрамя лапак, для хованкі, якая затрымлівае снег, падыдзе сухая салома і нават абрэзаныя галінкі ліставых дрэў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якую літаратуру здаюць у букіністычныя крамы?

Якую літаратуру здаюць у букіністычныя крамы?

Калі звычайныя кнігарні працуюць па формуле «кніга — чалавек», то букіністычныя трымаюцца на прынцыпе «людзі — кнігі — людзі».

Грамадства

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

У лётнай кніжцы Сяргея Пацкевіча — 970 гадзін налёту.