Вы тут

Як жылі продкі і чым займаліся?


Калі вы хочаце больш даведацца пра тое, як жылі нашы продкі, чым займаліся, як аздаблялі сваё жытло, можаце звярнуцца... да слоўнікаў і лексічных атласаў.


Тэму для гэтага выпуску падказала адно толькі слова. Разам з Веранікай Курцовай, загадчыкам аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, разбіраем рэдакцыйную пошту. Сярод моўных залацінак, дасланых для «Слоўніцы» нашай чытачкай з вёскі Лучын Рагачоўскага раёна Соф'яй Кусянковай, сустракаем слова «запер» — франтон.

— У Дыялекталагічным атласе ёсць карта, якая паказвае, колькі наогул на тэрыторыі Беларусі існуе назваў для франтона, усё гэта падаецца ў беларускіх народных гаворках, — расказвае Вераніка Мікалаеўна. — Так, можна паглядзець, дзе выкарыстоўваецца слова «запер» (яго паходжанне відавочнае — тое, што запіраецца, затыкаецца). Яно лакалізуецца на тэрыторыі ўсходнепалескіх гаворак. «Шчыт» («зашчытак», «зашчыт» ды іншыя групы назваў) характэрны для паўночна-заходняй і заходняй зоны. Таксама мы можам сустрэць назву «закот». Больш абмежавана выкарыстоўваліся такія словы, як «страха», «застрэшак» (калі саму страху і гэту частку, якую па-сучаснаму называем франтонам, не размяжоўвалі) або як «зашаляванне» — тое, што зашывалася. Прычым на адной і той жа тэрыторыі маглі сустракацца розныя назвы, так, побач з «франтонам» сустракаем «налобнік», «залобак» і проста такую форму, як «лоб». Адсюль мы даведваемся і пра спосаб мыслення, калі часткі чалавечага цела атаясамліваліся з іншымі аб'ектамі. Напрыклад, «чало» («чалеснік», «прычалеснік») мы сустракаем у апісанні печы.

— Ці можна дзякуючы гаворкам даведацца, дзе і як выглядалі хаты. Такія розныя назвы франтона ці не падказваюць, што яго канструкцыі былі не аднаго віду?

— Зразумела, на працягу гісторыі хата зведала вялікія змены, канструкцыі маглі адрознівацца. І гэта ўвасоблена ў словах. Захаваліся і старыя назвы, і тыя, якія сведчаць пра запазычанне. Калі паглядзець на матэрыялы карт, іх суаднясенне з адпаведнымі гістарычнымі момантамі, сапраўды можна атрымаць пэўную інфармацыю пра тое, дзе, як і ў які час будавалі хату. Гаворкі раскажуць пра многае. Ёсць розныя назвы столі. Можна даведацца, якія былі вокны, шыба і падаконнік і нават, як называліся пацёкі на вокнах падчас дажджу. Словы падкажуць, як адчыняліся і зачыняліся дзверы, якія на іх былі часткі. Хату цяжка было ўявіць без вісячай калыскі. Ложак традыцыйна быў драўляны, жалезныя з'явіліся пазней. Мы можам паглядзець, што ўжывалася ў якасці матраца — сяннік (тканіну, мяшок набівалі сенам).

У свой час збіралася ўсё тое, што звязана з печчу, мы ведаем, як называўся сам уваход у яе і месца з ёй побач, дзе стаялі прылады («качарэжнік», «вілачнік», «чапельнік»). Што яна была функцыянальна прадумана і якія былі дадатковыя нішы («пячуркі», «пячэрачкі»), дзе можна было сушыць дробныя рэчы, напрыклад рукавічкі, калі дзеці вярнуліся мокрыя, катаючыся на санках ці гуляючы ў снежкі. Вы сустрэнеце і такую назву, як «г'зымс» — ён жа карніз, брыль, брыж, каптур, комін, комінак, прымурак, паясок. Наогул існавала каля 17 назваў для гэтага маленькага выступу, што ёсць у печы. Часам пра яго казалі — «перад духам», — значыць, там выходзіць цяпло. У такія месцы вешалі што-небудзь сушыцца. Але не ва ўсіх рэгіёнах сустракалася назва гэтага карнізіка, і калі яе наогул няма, відавочна, канструкцыя печы там адрозніваецца.

Сабрана інфармацыя пра побытавыя рэчы, дзякуючы чаму можна атрымаць уяўленне, як была абстаўлена хата, як яна шанавалася, як асвятлялася, калі не было электрычнасці. Дзе стаялі кросны, як называліся іх частачкі. Якія ручнікі вырабляліся, яны ж таксама былі розныя — аднымі выціраліся, у другіх насілі ежу ў поле. Ведаем мы, і як ткаліся палавікі, якога яны былі тыпу, для чаго прызначаліся.

Інакш кажучы, атлас будзе карысны ўсім, хто хоча даведацца пра традыцыйную хату і атрымаць выразнейшае ўяўленне, чым займаліся людзі, якія там жылі.

— Пра што яшчэ могуць расказаць дыялекталагічныя крыніцы і як іх можна выкарыстаць для прэзентацыі культурна-моўнай спадчыны ў Год малой радзімы?

— Лінгвагеаграфічныя карты могуць выкарыстоўвацца як крыніца звестак пра мясцовы ландшафт. Напрыклад, для назвы нізкага месца ў беларускіх гаворках ужываюць словы «нізіна», «лагчына», «лог», «дол», «латока», «западзіна», «ніз», «даліна» і іншыя. Нізкае месца на полі называюць: «скаліста зямля», «замакляка», «мачула», «ціхавод», «латашына», «прыпадзь».

Гаворкі раскажуць пра асаблівасці сельскагаспадарчай дзейнасці з улікам характару глебы: «ляда», «расцяроб», «выдзерак», «навіна» (пра поле), «пагной».

Гісторыя кантактаў беларусаў са сваімі суседзямі добра адлюстравана ў разнастайных дыялектных слоўніках.

Каб даведацца пра гісторыю краю, духоўнае жыццё беларусаў у пэўным рэгіёне, трэба звярнуцца да тэкстаграфічных крыніц і ўважліва пачытаць расказы вяскоўцаў, пададзеныя ў хрэстаматыях (напрыклад, у выданні «Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі. Цэнтральная зона»).

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Таямніцы роднай хаты...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Чавусах створана сістэма па падтрымцы людзей і чалавечых сувязяў

У Чавусах створана сістэма па падтрымцы людзей і чалавечых сувязяў

Клопат аб людзях паважнага ўзросту набывае ў нашым грамадстве асаблівае значэнне.

Грамадства

Сістэма аплаты працы бюджэтнікаў стане прасцейшай

Сістэма аплаты працы бюджэтнікаў стане прасцейшай

Гэта прадугледжана Указам Прэзідэнта ад 18 студзеня 2019 года № 27 «Аб аплаце працы работнікаў бюджэтных арганізацый». 

Грамадства

Куда ехать за впечатлениями? Рассказывают представители туриндустрии

Куда ехать за впечатлениями? Рассказывают представители туриндустрии

Ко ІІ Европейским играм готовятся не только спортсмены, но и туркомпании.