Вы тут

У Мінску запрацавала «безадходная» карта


Грэчка на вагу і бытавая хімія ў сваю бутэльку — у сталіцы па ініцыятыве Цэнтра экалагічных рашэнняў з'явілася Zero waste карта, якая дапаможа мінчанам утвараць менш адходаў. Паўдзельнічаць у яе распрацоўцы можа кожны ахвотны!


На безадходнай карце сабраны месцы, дзе можна купіць тавары без упакоўкі, а таксама шматразовыя альтэрнатывы аднаразовым рэчам (напрыклад, мяшочкі з тканіны для садавіны і агародніны альбо драўляныя вушныя палачкі замест пластыкавых). Пры гэтым чакаецца, што заносіць такія месцы на карту будуць звычайныя людзі — такім чынам, ужо сёння любы чалавек можа зрабіць важны крок на шляху да экалагічна дружалюбнага ладу жыцця.

— Ідэя праекта ляжала на паверхні, — расказала каардынатар Zero waste карты, супрацоўніца Цэнтра экалагічных рашэнняў Таццяна Кузняцова. — Нядаўна ў нас у «тэлеграме» з'явіўся чат, дзе кожны можа нешта спытаць альбо нечым падзяліцца. І вось самае папулярнае пытанне датычылася якраз безадходных пакупак. Такія запыты пастаянна паўтараліся, і мы вырашылі: а чаму б не скласці карту, дзе ўсё будзе структуравана і зразумела.

Карыстацца Zero waste картай няцяжка: там ёсць некалькі слаёў і маркёраў, якія дапамогуць зарыентавацца. Цяпер вы можаце знайсці альбо занесці на рэсурс наступныя катэгорыі: бакалею (макароны, крупы, муку і г. д.), розныя прысмакі (вафлі, зефір, цукеркі і г. д.), бытавую хімію, касметыку — зразумела, усё гэта павінна прадавацца без упакоўкі, нават папяровай. Таксама на карце ёсць катэгорыі тавараў і месцаў, якія дапамогуць замяніць розныя рэчы на больш экалагічны варыянт. Гэта, напрыклад, экатавары (шматразовыя трубачкі), ежа на вынас альбо адзенне (сэканд-хэнды ці дабрачынныя крамы). Яшчэ на карце вы можаце ўбачыць нетыповую катэгорыю пад назвай «Пакет free магазіны» — сюды арганізатары прапануюць заносіць магазіны, якія без праблем прадаюць тавары ў сваю ўпакоўку.

— На жаль, сёння некаторыя пакупнікі сутыкаюцца з такімі сітуацыямі, калі ім не хочуць адпускаць вагавую прадукцыю ў сваю тару. У асноўным прадаўцы спасылаюцца на заканадаўства і санітарна-гігіенічныя нормы, але мы высветлілі, што нідзе няма прамой забароны на выкарыстанне свайго пакета альбо кантэйнера пры ўмове, што яны чыстыя, вядома. У такіх выпадках мы прапануем пытаць у супрацоўнікаў канкрэтны пункт закона і што там напісана, — падкрэсліла Таццяна.

Але бываюць выпадкі, калі выкарыстоўваць толькі аднаразовую тару — палітыка магазіна, тут ужо трэба рэкамендаваць, каб яна была перагледжана.

— У адзін са сталічных магазінаў мы звярнуліся з такой просьбай і атрымалі пісьмовы адказ, дзе начальства пацвердзіла — у іх можна пакласці прадукты ў сваю тару. Форму звароту мы размясцілі на нашым сайце, — адзначыла спецыяліст.

Каб Zero waste карта была карыснай і сапраўды безадходнай, каардынатары праекта рэкамендуюць прытрымлівацца некаторых правіл. Напрыклад, не заносіць на яе прадукты, якія прадаюцца без упакоўкі ў кожным магазіне (садавіну, агародніну), альбо шматразовыя тавары, якія вельмі распаўсюджаны (тэрмакубкі, экаторбы і г. д.), а таксама экалагічную касметыку і хімію нават з добрым складам, але ў аднаразовай тары. Што датычыцца сэканд-хэндаў, то лепш пісаць, чым ён адрозніваецца ад іншых.

— Сёння экалагічна свядомых людзей становіцца ўсё больш, — падкрэсліла Таццяна Кузняцова. — Менавіта дзякуючы іх запытам і з'явілася наша карта. Магчыма, шмат каго натхніла Беа Джонсан (zero waste актывістка), якая не так даўно прыязджала і ў Беларусь.

Кацярына ЦІТОВА

Шукайце Zero waste карту тут.

Загаловак у газеце: На вагу і на разліў

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.