Вы тут

Якія бываюць гепатыты і як імі можна заразіцца


Такое захворванне печані, як вірусны гепатыт, паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, штогод забірае больш за 171 тысячу жыццяў толькі ў Еўрапейскім рэгіёне. На сёння існуе пяць тыпаў віруса гепатыту — А, B, С, D і Е. А і Е перадаюцца праз ежу, ваду ці ад чалавека да чалавека, і інфекцыя, якую яны выклікаюць, хутка праходзіць, не ператвараючыся ў хранічнае захворванне. Вірусныя гепатыты В і С — вялікая праблема сучаснага свету. Яны перадаюцца праз кроў, а таксама палавым шляхам.


— Вірусным гепатытам В і С пераважна заражаюцца маладыя людзі — ва ўзросце 20—40 гадоў, — расказвае ўрач-эпідэміёлаг Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Кастрычніцкага раёна Мінска Вольга МІХОВІЧ. — Са ста хворых на гепатыт С у 70—90 чалавек узнікае хранічная форма. Праз 20—30 гадоў ад моманту інфіцыравання ў 20—30 % пацыентаў з хранічным гепатытам можа развіцца цыроз ці рак печані. Увогуле вірусы гепатыту В, С і D часта пераходзяць у хранічную інфекцыю, якая застаецца нявыяўленай і вядзе да цырозу ці раку. Каля 2 % тых, хто захварэў, адначасова інфіцыруюцца двума вірусамі, што выклікае яшчэ больш цяжкае паражэнне печані.

Важна

Заразіцца вірусным гепатытам В ці С можна ад чалавека — хворага ці бессімптомнага носьбіта віруса. Ён змяшчаецца ва ўсіх біялагічных вадкасцях: у крыві, сперме, вагінальным сакрэце, сліне, мачы, грудным малацэ, поце. Для заражэння здаровага чалавека дастаткова найдрабнейшай кроплі крыві хворага — 0,0005 мл, якая нават незаўважная для нашага вока. Пры гэтым устойлівасць віруса ў навакольным асяроддзі надзвычай высокая. Пры пакаёвай тэмпературы на прадметах і паверхнях вірус захоўваецца да трох месяцаў. І можа пранікнуць у наш арганізм праз траўмы, трэшчыны, парэзы, ранкі.

Асноўны шлях інфіцыравання — палавы. А таксама кантактна-бытавы: заражэнне магчымае падчас карыстання агульным з хворым ручніком, прыладамі для галення і манікюру, іншымі прадметамі асабістай гігіены, таксама падчас ужывання ін'екцыйных наркотыкаў, нанясення татуіровак, выканання пірсінгу, манікюру і педыкюру, у прыватнасці ў непрыстасаваных месцах: у знаёмых, прыватных асоб дома, пры медыцынскіх маніпуляцыях, калі парушаны рэжым стэрылізацыі прадметаў і абсталявання.

— Метады лячэння хранічнай інфекцыі моцна прагрэсуюць апошнім часам. Дзякуючы гэтаму захваральнасць і смяротнасць скарачаюцца, — кажа Вольга Міховіч. — Хранічны гепатыт С можа быць вылечаны ў больш чым 90 % пацыентаў, а ход хранічнай інфекцыі гепатыту В удаецца эфектыўна кантраляваць. Перад намі стаіць задача — да 2030 года пакласці канец эпідэміі СНІДу, туберкулёзу і парэнтэральных вірусных гепатытаў. У сувязі з гэтым чакаецца, што колькасць новых выпадкаў вірусных гепатытаў В і С знізіцца на 90 %, а смяротнасць ад іх — на 65 %.

Памятка пацыенту

Каб не заразіцца, важна мець адзінага палавога партнёра, выкарыстоўваць прэзерватыў, катэгарычна адмаўляцца ад ужывання ін'екцыйных наркотыкаў, асцярожна ставіцца да нанясення татуіровак, выканання пірсінгу, асабліва ў не прыстасаваных для гэтага месцах, прытрымлівацца правіл асабістай гігіены, выкарыстоўваць толькі індывідуальныя ручнікі, нажніцы, мачалкі, брытвы, памазкі, расчоскі і іншыя прадметы.

Існуе і надзейны прафілактычны сродак супраць гепатыту В — вакцына. У межах Нацыянальнага календара прышчэпка робіцца ў нас усім нованароджаным. Таксама бясплатна па месцы жыхарства такая вакцынацыя паказана кантактным з хворымі на гепатыты, хворым на гепатыт С для папярэджвання дадатковага інфіцыравання вірусам В, пацыентам аддзяленняў гемадыялізу, анкагематалагічным хворым, а таксама асобам з рызыкоўнымі паводзінамі — тым, хто мае выпадковыя палавыя сувязі, ужывае ін'екцыйныя наркотыкі і інш. Усе ахвотныя могуць зрабіць прышчэпку на платнай аснове. Абследаванне на маркеры гепатытаў В і С можна прайсці па пэўных паказаннях бясплатна, а таксама на платнай аснове.

Даведка

У Беларусі паказчык захваральнасці на парэнтэральныя вірусныя гепатыты В і С у 2018 годзе склаў 39,54 выпадку на 100 тысяч насельніцтва і ў параўнанні з мінулым годам зменшыўся на 5 %. Сярод устаноўленых шляхоў заражэння дамінуе палавы — 31 %, немедыцынскія маніпуляцыі складаюць 9 %, ін'екцыі наркотыкаў — 8 %, кантактна-бытавы шлях — 2,5 %, вертыкальны (ад маці да дзіцяці падчас родаў) — менш за 1 %.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Вірусны забойца

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.