Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


«Без яе цяпер ніяк!»

«Ты адно запомні, браце, са «Звяздой» цяплей у хаце!» — прызнаў гэта нехта з чытачоў. А вось хто канкрэтна...

Праўду кажуць: дрэнны аловак лепшы, чым добрая памяць, — трэ было запісаць, хаця б таму, што ў пошце па зразумелых прычынах не так ужо і шмат мудрых, крылатых слоў, не так шмат, на жаль, кампліментаў. Ды і саміх лістоў...

Аднак на адрас «Звязды» яны па-ранейшаму прыходзяць (то зусім кароткія — літаральна ў некалькі сказаў, то куды даўжэйшыя). Не кожны, карацей, змесціш у адмысловай рубрыцы «Я зноў выбіраю «Звязду», а таму...

«Дапускаю, што ёсць на свеце людзі, якім дастаткова пасядзець у інтэрнэце ды паглядзець тэлевізар, — піша спадарыня Ніна Кандрашонак з Петрыкава.Але ж калі чалавеку пашчасціць, і ён выбера для сябе добрую разумную газету, то займее сапраўднага сябра, надзейнага дарадцу і, калі хочаце, нават памочніка ў сваім паўсядзённым жыцці.

Я, напрыклад, пенсіянерка, прычым з досыць вялікім «стажам». Шмат што памятаю з нашага ранейшага жыцця, з перыяду, які цяпер называюць «саўковым». Газеты ды часопісы, што і казаць, былі тады больш даступныя, але ж пры гэтым ці не ўсе яны выглядалі як блізняты, бо рабіліся на адзін капыл. Вось і атрымлівалася, што людзі — то па добрай волі, то пад прымусам — іх выпісвалі, а чытаць — не чыталі. Мяне ў той час нават ад «Звязды» неяк адвярнула. Ды і не да газет было, не да чытання.

Вярнуцца да яго падштурхнула любімая тэлепраграма «Размаўляем па-беларуску», якую вядзе Алена Трацэнка. Менавіта яна параіла звярнуць увагу на матэрыялы «Звязды». Пасля гэтага я разоў колькі купіла яе і прыемна здзівілася: гэта было ўжо іншае выданне — сапраўды народная газета, бо на роднай мове.

Адданыя падпісчыкі «Звязды» сужэнцы ПЯШЭВІЧЫ з вёскі Юркевічы Жыткавіцкага раёна. Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выпісваць іх, як некалі — рэспубліканскую, абласную, раённую, пару часопісаў, — большасці пенсіянераў (ды і працуючых) цяпер не па кішэні, — працягвае шаноўная Ніна Андрэеўна. — Даводзіцца выбіраць адно-два выданні, якія найбольш патрэбны, да якіх ляжыць душа. Для мяне вось такім і стала «Звязда». Без яе цяпер ніяк не ўяўляю свайго існавання.

Разумею, што за кожным нумарам газеты — праца калектыву, відаць, нялёгкая і няпростая, бо чытаюць «Звязду» людзі рознага інтэлектуальнага ўзроўню. І трэба ж, каб кожны знайшоў для сябе нешта цікавае і патрэбнае, каб людзі ведалі аб падзеях дзяржаўнай важнасці, аб з'явах у культуры і мастацтве, аб жыцці беларускай глыбінкі... Ёсць у «Звяздзе» і парады для гаспадароў, для гаспадынь. Словам, выпісаўшы гэту газету, я асабіста не маю патрэбы нешта шукаць у іншых».

І яшчэ на адну акалічнасць звяртае ўвагу наша чытачка з Петрыкава. «У краіне шмат пенсіянераў. Далёка не ў кожнага жыццё склалася добра, — піша Ніна Андрэеўна. — Бывае, што чалавек як быццам жыве сярод людзей, а пачуццё адзіноты сыходзіць ад яго вельмі рэдка, хіба тады, калі з некім блізкім размаўляе, глядзіць што цікавае па тэлевізары, назірае за прыродай, чытае газету. Я, напрыклад, вельмі палюбіла звяздоўскую рубрыку «Алё, народ на провадзе!». І вось гэта любоў да народа і роднай мовы зрабіла маё жыццё не такім самотным і нават разнастайным. Вольны час я цяпер запаўняю тым, што чытаю «Звязду», што сама прыпамінаю розныя гісторыі, каб напісаць у газету».

Што і казаць, пошта ў «...Народа на провадзе» сапраўды багатая (толькі б не сурочыць!). І гэта нягледзячы на тое, што рубрыцы не тры гады і нават не дзесяць... За апошнія васямнаццаць (!) на старонках «Звязды» выйшлі сотні (а можа, і тысячы?) «праўдзівых і вясёлых гісторый»! А ўжо вершаў з прыпеўкамі на конкурс «Хто каго?» дык і ўвогуле безліч! З імі, відаць, як з добрай крыніцай: чым больш з яе чэрпаеш, тым больш прыбывае. У тым ліку — што вельмі прыемна! — і новых аўтараў.

«Я — просты рабочы, працую на водаканале, — піша спадар Мікалай Касмачэўскі з Наваполацка.Мой абавязак сачыць, каб да людзей даходзіла чыстая вадзіца. Многія п'юць яе і зусім не задумваюцца, што нехта там дзяжурыць, выклікае, калі трэба, аварыйныя брыгады, часам нешта рамантуе. І гэта правільна...

У вёсцы ў нас з жонкай ёсць домік. Прыходзіцца мець справу з усялякай жыўнасцю (авечкамі, курамі, катамі, сабакамі), з зямелькай... Часу вольнага зусім няшмат. Тады я люблю іграць на баяне, спяваць, з задавальненнем чытаю «Звязду». Падзіўлюся, бывала, як складна пішуць іншыя, і самому штось прыйдзе ў галаву...»

На першы раз Мікалай Мікалаевіч даслаў у рэдакцыю ну вельмі цікавы подпіс да чарговага конкурснага здымка! Але ж іх (ды, спадзяемся, іншыя творы новага аўтара) мы надрукуем пазней. Пакуль жа...

«Маё блізкае сяброўства з газетай пачалося гадоў 17 таму: пастаянна выпісваю, чытаю, шмат карыснага знаходжу ў рубрыках «Крынічка», «Радзіннае», «Хатняя энцыклапедыя». Некалі раней удзельнічала ў розыгрышы прызоў,піша Алена Куган з мястэчка Глінішча Хойніцкага раёна.А вось мая мама Галіна Рыгораўна дык нават выйгравала. Я добра помню, як тады знайшлі ў газеце купон, як выразалі і выслалі яго ў рэдакцыю, і як праз нейкі час кума (яна прачытала першай) паведаміла нам пра тое, што мама выйграла пару парасят.

Для нашай сям'і гэта было і прыемнай неспадзяванкай, і добрай падмогай, бо нашы бацькі — людзі працавітыя, гаспадарлівыя. Так што парасят, вядома ж, выгадавалі.

На вялікі жаль, таты з намі ўжо няма, а вось мама па-ранейшаму гаспадарыць. Мы з сястрой стараемся як найчасцей прыязджаць да яе, па магчымасці дапамагаць і, вядома ж, частавацца там рознай смакатой з печы. У мамы (яна доўгі час працавала загадчыцай у школьнай сталоўцы) атрымліваюцца цудоўныя баршчы, кашы, бліны і шмат чаго іншага, бо гэта — са сваёй гародніны, свайго мяса і малака. Мама трымае карову, курэй, і ў нас па-ранейшаму вядуцца
парасяты...

А ў вольныя хвіліны, якія выпадаюць не так і часта, мы любім чытаць. Дзякуючы «Звяздзе» я ведаю, што адбываецца ў краіне і свеце, як складваюцца лёсы ў розных людзей, цікаўлюся гараскопамі, рубрыкай «Усміхнемся»...

Шмат разоў мне прапаноўвалі выпісаць іншыя газеты, але ў мяне самой жадання такога не ўзнікала ні разу. Я ўжо неяк зраднілася са «Звяздой».

Як зрадніўся, відаць, і спадар Лявон Анціпенка. «Некалі ў Шклове, — піша ён, — пачала выходзіць раённая газета «Ударны фронт». Я прыйшоў туды літсупрацоўнікам і з таго ж 1963 года стаў пастаянна выпісваць «Звязду». За гэты час мноства разоў пераконваўся, што газета не толькі цікавая, але і карысная. Заўжды чытаю першую старонку, ніколі не прапускаю артыкулаў «Жырандолі» і «Краіны здароўя». Дзякуючы апошнім нават пазбавіўся ад многіх хвароб... Словам, не адмаўляўся ад газеты раней, не збіраюся адмаўляцца і зараз».

Яшчэ і таму, што «Звязда», як прызнае спадар Шпак з Гродна,найлепшая з газет, бо яна вяртае нас у маленства, у бацькоўскую хату, да родных людзей, з якімі размаўляў па-беларуску».

Згодны — цяпер не дужа паразмаўляеш, бо многім і сапраўды няма з кім. «Беларусь — адна з нямногіх краін з дзвюма дзяржаўнымі мовамі, але ж першая, мова карэннага насельніцтва, — піша спадарыня Вольга Трыгубовіч з Мінска,існуе, хутчэй, як дыялект. Мы цягнемся да нейкай прыдуманай моды, адмаўляемся ад свайго, роднага, ад мовы дзядоў і прадзедаў, пераходзім на «трасянку», у тым ліку — і ў галаве. Усё паводле жарту: «Еду ў Мінск — ляжыць палена, з Мінска еду — «нет бревна». А на маю думку, чалавек не павінен ламаць сябе: калі ён беларус, то і размаўляць павінен на роднай мове. Можа, тады і адносіны паміж людзьмі будуць цяплейшымі, і разуменне поўным...»

А сам народ, дададзім, адметным. Прычым адметным не тым, што адмаўляецца ад роднай мовы, а, як іншыя, — трымаецца яе.

...Што да гэтага можна дадаць? Хіба тое, што большасць лістоў на тэму падпіскі пачынаецца са слоў: «Добры дзень, «Звязда» (з эпітэтамі шаноўная, паважаная, любімая, найстарэйшая... Газета, з якой пяць разоў на тыдні прыемна вітацца, родная на роднай
мове і г. д.).

Чым завяршаюцца гэтыя лісты? Калі агулам, то: «Даражэе ўсё, у тым ліку і газеты, — канстатуе спадар Станкевіч з Мінска.Можна, здавалася б, выпісваць нешта таннейшае. Але што там чытаць? Праграму тэлеперадач? Не, лепш ужо са «Звяздой».

А таму шчыры дзякуй усім, хто падпісаўся, хто плануе гэта зрабіць, хто на Каляды і Новы год хоча падарыць сваім родным і блізкім падпіску. Бо са «Звяздой», як сведчыць пошта, і сапраўды цяплей. Ды і святлей. Нездарма ж менавіта яе як сімвал сонца насілі і дагэтуль носяць калядоўшчыкі.

І паштальёны, будзем спадзявацца, таксама.


 «...Што нам рабіць з недахопамі?»

Сёння ў нашай пошце пытанні пра тое, ці можна трапіць у «корак» па дарозе дадому? Ці лёгка «раскусіць» моцны арэх? І як перакласці на нашу мову рускае «устранять недостатки»?

На моўныя пытанні чытачоў, як заўжды, адказваюць стыльрэдактары «Звязды» Алесь САЛАМЕВІЧ і Леў ГЛУШЫЦКІ.

1. Слова корак у беларускай мове, вядома ж, ёсць. Але яно абазначае або 'вонкавы адмерлы слой кары некаторых раслін', або 'затычку для бутэлек і іншага падобнага посуду', або 'абцас' (уст.). У значэнні 'скучанасць людзей, транспарту або іншых прадметаў, якія перамяшчаюцца ў адным напрамку, а таксама затрымка руху ў месцах такой скучанасці' слова корак сталі ўжываць апошнім часам, відаць, пад уплывам польскай мовы, дзе ў назоўніка korek ёсць адпаведнае значэнне. Аднак «перацягваць» яго ў беларускую... Навошта, калі ў нашай мове ёсць добра вядомы назоўнік затор?

Яго мы і раім для выкарыстання.

2. Ёсць у беларускай мове ўстойлівы выраз са словам арэх, арэшак. Часам узнікаюць спрэчкі наконт таго, які ён: моцны, цвёрды ці ўвогуле крэпкі? Адказваем: правільныя варыянты — першыя два: цвёрды і моцны. Так называюць або нешта недаступнае, цяжкае для авалодання ім (можна сказаць, напрыклад, што гэта крэпасць для ворага аказалася цвёрдым арэшкам), або чалавека, які не паддаецца ўплыву іншых, застаецца стойкі ў сваіх перакананнях, мае моцны характар (напрыклад, правільным будзе сказ Стары не паддаваўся на ўгаворы, і ўсе прызналі, што ён сапраўды моцны арэшак).

Апошнім часам (не без уплыву вядомага фільма з Брусам Уілісам) так могуць называць і проста фізічна моцнага чалавека.

3. Фразы накшталт ухіляць недахопы і сапраўды сустракаюцца вельмі часта. Ці то праз няўдалае выкарыстанне сістэм машыннага перакладу (якія так перадаюць рускае устранять), ці то з нейкіх іншых прычын у нас сталі ўхіляць бар'еры, перашкоды, нават канкурэнтаў...

Тут трэба адзначыць, што ў сучаснай беларускай мове ўжываецца толькі дзеяслоў ухіляцца. А ў прыведзеных прыкладах на месцы ўхіліць павінны быць іншыя словы: знішчыць бар'еры, прыбраць з дарогі перашкоду, абысці канкурэнтаў, ліквідаваць недахопы.

У абарону слоў

З'яўленне новых сродкаў выказвання думкі нармальная рэч для кожнай жывой мовы. Аднак трэба памятаць, што штучнае ўвядзенне ў яе слоў, якія абазначаюць паняцці, ужо «занятыя» іншымі словамі, — як правіла, сэнсу не мае. Прыклад? Калі ласка. Слова посолъ з асноўным значэннем — 'дыпламатычны прадстаўнік, пасланы ў іншую дзяржаву з пэўнай місіяй' было яшчэ ў старабеларускай мове. У 20-я гады мінулага стагоддзя аўтары «Расійска-беларускага слоўніка» рускае посол пераклалі беларускім пасол (без якіх-небудзь іншых варыянтаў). У 1929 годзе ў Вільні пабачыў свет «Падручны беларуска-польскі слоўнік», аўтар якога Браніслаў Друцкі-Падбярэскі падаў гэтае слова па-іншаму:

пасол [pasol] — posel, ambassador.

Як бачым, у беларускай частцы (злева) стаіць пасол (і вымаўленне гэтага слова лацінкай), а ў польскай (справа) ужо пададзены і ambassador, якім сёння часам замяняюць нашага пасла.

Такім чынам, здаецца, даволі ясна відаць, што слова пасол — сваё, значыць, пазбягаць і асцерагацца яго ўжывання няма ніякіх прычын.


Якім ты быў...

Снежань, зіма, а з ёю — міжвольны ўспамін.

Вясковыя дзеці часам прапускалі заняткі ў школе, заставаліся дома, каб дапамагчы бацькам то бульбу пасадзіць ці выбраць, то кароў адпасвіць... Настаўнікі да такіх прагульшчыкаў ставіліся з разуменнем. Але ж вучні часам злоўжывалі, калі-нікалі прапускалі ўрокі без дай прычыны. Вось і Андрэй тым разам замест школы матнуўся ў горад.

Назаўтра класны кіраўнік спытала, чаму ён не быў на занятках?

— Пасвіў кароў, — адказаў хлопчык.

Клас аж паехаў ад рогату, бо на дварэ — зіма.

А настаўнік вазьмі ды скажы:

— Мусіць, новую пароду вучоныя вывелі? Бач, па снезе пасвяцца.

З гэтага дня да Андрэя прыляпілася мянушка Пастух. З ёй хлопец скончыў школу, з ёй адслужыў у войску... І цяпер жыве — здаецца, не крыўдуючы? Бо вінаваты ў тым толькі сам.

С. Я. Атрохава, в. Селішча, Слуцкі раён

Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Беларусі трансплантуюць органы

Як у Беларусі трансплантуюць органы

І чаму да нас на аперацыі едуць замежнікі.

Эканоміка

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

У гэтым упэўнілася карэспандэнт, наведаўшы пасёлак.