Вы тут

Расійскія журналісты наведалі прадпрыемствы і славутасці Віцебшчыны


З цягніка на бал — так пачаўся першы дзень на беларускай зямлі для супрацоўнікаў расійскіх СМІ, якія прыехалі ў прэс-тур па Беларусі. На парадку дня — экскурсія ў найстаражытны горад краіны Полацк і адзін з самых маладых — Наваполацк. Трыццаць хвілін язды і больш за 1000 гадоў гісторыі паміж двума гарадамі.


У аўторак журналісты наведалі сем аб’ектаў Віцебшчыны — і гэта не самы насычаны дзень праграмы! Пачалася экскурсія ў Полацкім Спаса-Ефрасіньеўскім манастыры, у якім жывуць 125 насельніц. Рэстаўрацыяй Спаса-Прэабражэнскага храма 12-га стагоддзя займаліся беларускія і расійскія спецыялісты.

Далей у праграме — дэгустацыя прадукцыі Полацкага малочнага камбінату, які ў суткі пераапрацоўвае звыш 450 тон малака. На стале для гасцей — кефір, ёгурты, дэсерты. Мая суседка па стале адзначыла якасці беларускага бутэляванага малака: “Смак сапраўднага, у нас не такое! Як у дзяцінстве!” Яе калега з Піцера, не адрываючыся ад дэгустацыі, каментаваў тэлевізіёншчыкам, што ў горадзе на Няве беларуская прадукцыя на полках магазінаў не затрымліваецца.

На прэзентацыі прадукцыі кіраўніцтва прадпрыемства адказвала на пытанні гасцей. Так, журналісты даведаліся, што сёння экспарт у Расію складае 23%, а ўвогуле на замежны рынак, які налічвае 14 краін свету, пастаўляецца да 50% прадукцыі камбінату. Цікавілся госці абмежаваннямі ўвозу прадукцыі ў Расію і тым, як праблему можна вырашыць.

Асабліва натхняльным для журналістаў стаў невялічкі канцэрт арганнай музыкі ў Сафійскім саборы Полацка. Не пакінула раўнадушнымі гасцей і сустрэча з “галавой, якая размаўляе” ў Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Далей госці накіраваліся ў Наваполацк. У горадзе жыве больш за 108 тысяч чалавек, амаль дзясятая частка насельніцтва — працаўнікі ААТ “Нафтан”. Экскурсію на прадпрыемства апярэджваў візіт у Музей гісторыі і культуры горада. Расіян чакалі і першыя будаўнікі гораду нафтавікоў — Пётр Таранда і Анатоль Гушча.

Кульмінацыяй дня стаў візіт на нафтапераапрацоўчы завод “Нафтан”, які ў лютым 2018-га адзначыў 55-годдзе. Пасля наведвання вытворчасці гасцей запрасілі на невялічкую прэс-канферэнцыю з кіраўнікамі заводу. Пытанне, якое, здавалася, вісела ў паветры, было агучана – як “Нафтан” рыхтуецца да падаткавага манеўра ? Дырэктар адзначыў, што, канечне, яго чакаюць: плануюць завяршыць мадэрнізацыю прадпрыемства і настроены на пазітыўнае вырашэнне перамоў аб кампенсацыі. 

Пыталі журналісты пра пастаўкі чорнага золата з Расіі. Прадстаўнікі “Нафтана” адзначылі, што яны збалансаваныя і ніях абмежаванняў не існуе.

Прэс-тур праходзіць 11-14 снежня. Яго ўдзельнікі - каля 100 чалавек, прадстаўнікі расійскіх рэгіянальных, федэральных і саюзных СМІ, эксперты і блогеры з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Тамбова, Бранска, Белгарада, Тулы, Смаленска, Пскова, Варонежа, Архангельска, Мурманска, Калінінграда і іншых рэгіёнаў Расіі.

У тэму

Станіслаў Шахаў, карэспандэнт інфармацыйнага агенцтва “Башінфарм” (Уфа)

— Мне вельмі спадабалася архітэктура. Я – гісторык, таму люблю будынкі  18-20 стагоддзяў, разнастайныя раскопкі, таму з вялікай асалодай наведваў комплексы Полацка. Нават адыходзіў ад аўтобуса, калег, каб яшчэ крыху пафатаграфаваць будынкі. На мой погляд, на набярэжнай не хапае інфраструктуры, каб магчыма было поўнасцю засняць велічны Сафійскі сабор. Я ў гэтым саборы ўпершыню ўбачыў адметнасць, што можна было спусціцца ўніз і там пахадзіць. Яшчэ мне вельмі спадабалася акустыка пабудовы. Калі на інструментах гралі музыканты, я спецыяльна прайшоў па ўсім саборы, каб паслухаць гучанне.

Ігар Камісарчык, RIA56.ru — рэгіянальнае інфармацыйнае агенцтва Арэнбургскай вобласці

— Я з Арэнбурга, наш горад таксама спецыялізуецца на нафтавай і газавай прамысловасці.Таму зацікавіў музей гісторыі Наваполацка. Паказана, як фактычна на пустым месце вырас горад. Я гэта параўноўваю з маім Арэнбургам, гэта падобна на яго гісторыю. Вельмі цудоўна, што вы захоўваеце гэту спадчыну і памятаеце ветэранаў, якія калісьці будавалі горад.

Марыя ДАДАЛКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».