Вы тут

Беражыце сямейны альбом


Напярэдадні дня памяці каго-небудзь з блізкіх, як звычайна, звяртаюся да сямейнага альбома, дзе ўсе родныя, якіх ужо няма на зямлі, паўстаюць перад вачыма жывыя і маладыя... Здаецца, нічога асаблівага ў іх лёсах, але ўсё ж такі — адлюстраванне часу, у якім яны жылі.


Былы разведчык, ветэран (80-я гады мінулага стагоддзя).

Вось, напрыклад, бацька мой, Фядос Аксёнавіч Раманоўскі, народжаны ў 1926 годзе, рос у вялікай сям'і, дзе ў пашане былі навукі, дзе клапаціліся аб выхаванні дзяцей. Жылі яны на Магілёўшчыне, у вёсцы Дзерамёнка Клімавіцкага раёна. Як усе мясцовыя дзеці, хлопчык вучыўся ў Красавіцкай школе, дапамагаў дарослым па гаспадарцы. Разам з бацькам сваім даглядаў калгасных коней, асаблівая цікаўнасць да якіх перадалася яму ад дзядулі, што быў некалі панскім канюшым (па тым часе гэта спецыяліст па развядзенні і гадоўлі коней). А яшчэ Федзя вельмі любіў маляваць, марыў стаць мастаком.

Старэйшая за яго на 10 гадоў сястра Хадора была актывісткай, уступіла ў партыю, а ў перадваенныя гады яе абралі старшынёй калгаса. Падчас акупацыі яна знаходзілася далёка ад дому, у эвакуацыі, бо выконвала загад дзяржавы аб захаванні калгасных статкаў жывёлы.

Хадора і Фядос (канец 40-х гадоў мінулага стагоддзя).

Вялікая Айчынная перакрэсліла ўсе задумкі 14-гадовага падлетка. Вёску захапілі ворагі, там пачалі гаспадарыць паліцаі. Аднойчы яны затрымалі групу мясцовых хлопцаў, у якой быў і Фядос, абвінаваціўшы ў тым, што тыя збіраюць зброю, і прылюдна жорстка высеклі. Вось тады прыйшло канчатковае рашэнне падацца да партызанаў. Пайшоў з дому ў лес і з той пары да самага вызвалення раёна служыў у партызанскай брыгадзе пад камандаваннем Сяргея Акімавіча Мазура ў якасці разведчыка. Брыгада дзейнічала на мяжы Клімавіцкага, Касцюковіцкага, Краснапольскага і Чэрыкаўскага раёнаў. Дробнаму хударляваму хлопчыку прасцей было праслізнуць незаўважаным на варожую тэрыторыю, каб сабраць каштоўныя звесткі для камандавання. Удала выконваў адказныя даручэнні, за што потым быў узнагароджаны медалямі «За баявыя заслугі», «Партызан Айчыннай вайны» 2 ступені, «За перамогу над Германіяй».

Падчас вучобы ў тэхнікуме (Фядос Раманоўскі ў цэнтры. 1946 год).

Пасля вайны скончыў Клімавіцкі зоаветэрынарны тэхнікум. Працаваў ветфельчарам спачатку на Палессі, затым — на роднай Клімаўшчыне. Лячыў жывёлу, а ў свабодную хвіліну браў у рукі пэндзаль з фарбамі і ствараў, як умеў, свае палотны, і тыя служылі ў доме замест дываноў. Яркі ўспамін майго дзяцінства — гэта маляваны белы палац над возерам у раме з прыгожых кветак. Пэўна, нездарма мы, усе пяцёра яго дзяцей, выраслі неабыякавымі да мастацтва, за што бясконца ўдзячны дарагому чалавеку.

Таццяна ІГНАЦЕНКА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.