Вы тут

Падарунак Дзеду Марозу


На календары красавалася трыццатага снежня. Да нас павінны былі завітаць Дзед Мароз са Снягуркай. Вершык для гасцей я прыгатавала. Але падумала — гэтага мала. Усё ж я ўжо не маленькая — вучаніца 5 класа.

У пакоі я агледзела свае цацкі. Разгубілася, што з іх выбраць, каб падарунак быў памятны? Але нічога не нагледзела. Узяла альбомны ліст і алоўкі. Пайшла з імі на кухню. Мне захацелася намаляваць зімовы пейзаж.

У дзверы патэлефанавалі нечакана. Мы з бацькамі чакалі казачных персанажаў пазней. Я пабегла адчыняць. На парозе стаялі Дзед Мароз і Снягурка.

— Добры дзень таму, хто ў гэтым даму! — сказаў весела Дзед Мароз. — Мы з унучкай прыйшлі павіншаваць вас з Новым годам! Тут жыве дзяўчынка Насця?

— Гэта я! — адказала я.

— Праходзьце, праходзьце, — запрасіла чароўных гасцей у кватэру мама. — Распранайцеся — і да нашага стала! Пачастуем вас гарбатай з тортам.

Казачныя героі хацелі адмовіцца. Маўляў, іх чакаюць і іншыя дзеці. Але тата запярэчыў:

— І слухаць не будзем. Не адпусцім, пакуль не пачастуецеся ў нас!

Госці прайшлі на кухню, дзе мама ўжо паставіла на стол гарбату і торт. Мы дружна селі за стол і пачалі частавацца.

— Ну, Насця, павесяліце старога чалавека і яго ўнучку, — прамовіў Дзед Мароз. — Пакажыце, як вы ўмееце вершы чытаць ці спяваць, танцаваць. А мы са Снягуркай паслухаем ды і адпачнем з дарогі.

Я расказала гасцям вершык.

— Ну дзякуй, Настачка, павесяліла ты нас, — пахваліў мяне стары. —
А вось разгадай цяпер нашы загадкі. Што плача без слёз?

— Снег, — падумаўшы, адказала я.

— А цяпер мая чарга задаваць загадку, — сказала Снягурка. — Што без ног ідзе?

— Дождж, — здагадалася я.

— Ну і яшчэ адна табе загадка ад мяне, — прамовіў Дзед Мароз. — Што без вады плавае?

— Аблокі! — адказала я.

— Малайчына, — пахвалілі мяне казачныя персанажы.

— Дазвольце і ў вас запытацца, — сказала я і зірнула на казачных герояў. — Які падарунак быў для вас самы памятны ў дзяцінстве?

Казачныя героі пераглянуліся. Здаецца, яны не былі гатовыя да такога пытання.

— Калі мне было пяць гадоў, мне падарылі Снегавіка, — сказаў Дзед Мароз. — Я і зараз з ім неразлучны. Ён прыглядае за домам, калі я адсутнічаю — віншую дзяцей.

— А маім найлепшым падарункам была вялізная Сняжынка, — адказала Снягурка. — Такая ёсць толькі ў мяне. І мы з ёй сябруем да сёння.

А я прыгадала мядзведзяня, якога падарылі, калі мне было чатыры гады.

— Гэта мой самы любімы падарунак. Мы таксама будзем з ім сябраваць заўсёды, — падзялілася я таямніцаю з гасцямі.

— Вельмі добра, — узрадаваўся Дзед Мароз. — Ніколі не трэба забывацца на свае найлепшыя падарункі і мяккія цацкі, якія вам падарылі ў дзяцінстве. А то яны могуць пакрыўдзіцца...

З чароўнымі гасцямі мы сядзелі, мабыць, гадзіну. Успаміналі свае дзіцячыя мары, падарункі, і нам ад гэтага было добра і весела.

Ужо калі Дзед Мароз і Снягурка апраналіся і збіраліся выходзіць, я працягнула ім малюнак, які незаўважна малявала за сталом падчас бяседы.

На малюнку былі я, бацькі і казачныя героі. А яшчэ я дамалявала Снегавіка і Сняжынку, быццам яны таксама былі з намі. Мы разам пілі гарбату, а пасярод стала стаяў вялікі торт.

Андрэй СІДАРЭЙКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?