Вы тут

Усе мы ўмеем рохкаць


Падслухала днямі ў грамадскім транспарце дыялог:

— Мама, хутка Новы год! А чый будзе наступны год?

— Свінні.

— Гэта значыць, дрэнны?

— Ну, чаму адразу дрэнны...

— Бо пройдзе па-свінску!

Ужо дома пачалі разам са старэйшай дачкой успамінаць: а праўда, свіння ў дзіцячым уяўленні — гэта станоўчы ці адмоўны персанаж? Якія ёсць казкі, вершы, песенькі, мультфільмы, дзе парася — герой?

Успомнілі перадусім «Трох парсючкоў». Гісторыя, скажам так, спрэчная: адзін парсюк кемлівы, двое другіх легкадумныя, але калі паставіць на іх месца, напрыклад, зайцоў — хіба мараль зменіцца?

Дачка ўспомніла пра свінку Пепу — мультыплікацыйная суперзорка брытанскага тэлебачання «нарадзілася» амаль 15 гадоў таму і разам са сваім свінскім сямействам заваявала больш чым 180 краін дзякуючы лёгкаму характару, невычарпальнаму аптымізму і адсутнасці абавязковай павучальнай маралі ў кожнай серыі мультфільма. А вось пра лялечнага Хрушу, актыўнага неслуха, які ўвесь час трапляе ў розныя гісторыі і ўсё ніяк не набярэцца розуму, нагадала ўжо я — дачка належыць да таго пакалення, для якога вечаровы прагляд перадачы «Добрай ночы, малыя!» даўно не з'яўляецца абавязковым рытуалам. Потым прыйшоў на памяць маленькі сябар Віні-Пуха Пятачок — вырашылі, што ён добры і амаль не баязлівы, далей — дружалюбны і шчыры Фунцік, які не стаў падманваць дзяцей і збіраць з іх грошы «на домікі для бяздомных парасят», далей ружовая модніца Нюша са «Смяшарыкаў», і пайшло-паехала...

І ведаеце, што? Аказваецца, гэта зацягвае — не звяртаючыся да ўсёмагутнага Гугла, з дапамогай толькі ўласнай памяці ды, на крайні выпадак, падказак сяброў пералічваць пэўных персанажаў (паспрабуйце самі!). Атрымліваецца і зарадка для мозга, і перадсвяточная настройка. Хіба што выхаваўчы момант цяпер пакутуе: толькі надумаеш крытыкаваць малую, прыгаворваючы «хіба ты свінка?», як яна ў адказ хітра прыжмурваецца і гаворыць, што зусім не супраць пабыць Нюшай ці свінкай-супергероем (як высветлілася, і такая ёсць!). І прысутнічае ў такім падыходзе нейкая сярмяжная праўда, бо літаратурныя, кіношныя, мультыплікацыйныя свінні — яны, прабачце, як людзі, якія гэтых персанажаў прыдумалі і надзялілі пэўнымі характарыстыкамі. І, у сваю чаргу, у пэўным сэнсе — усе мы трошачкі свінкі і парсючкі.

Таму, рыхтуючыся належным чынам сустрэць 2019-ы, адкажыце сабе шчыра: вы — які персанаж? Мілае і дружалюбнае парася Бэйб, якое запусціла сусветную моду на сімпатычных міні-пігаў, агрэсіўны міфічны Калядонскі вяпрук або наогул прыдуманы псеўданавукоўцам Свінтус грандыёзус? Магчыма, якраз ад гэтага залежыць, як пройдзе для вас наступны год.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.