Вы тут

Нататкі шматдзетнага таткі. Вера вядзе расследаванне


Сын з'ехаў на некалькі дзён да бабулі. На другі дзень яго адсутнасці пытаюся ў дачок:

— Ну што, сумуеце па браце?

Старэйшая абурана:

— То-бок ён там, у бабулі, атрымлівае асалоду ад жыцця, а мы па ім плакаць павінны?

Вось яна, жаночая логіка: калі мужчына без цябе не пакутуе, то і сумаваць па ім неабавязкова.

smiley

Сёння раніцай, калі мяне не было дома, Вера падышла да жонкі і ціхім голасам спытала:

— Мама, скажы шчыра: у таты ёсць кнігі, якія ён ад нас хавае?

Жонка сказала, што не, але мяне гэта не надта суцешыла: калі расследаванне вядзе Вера, выратаваць можа толькі чыстасардэчнае прызнанне.

smiley

Вяду малодшых у школу.

Поля:

— Тата, а што ты робіш на рабоце?

— Працую.

— А як?

— Ну як... Сяджу за камп'ютарам, размаўляю па тэлефоне.

— І табе за гэта плацяць грошы?

— Увогуле так.

— Крута! Я таксама хачу працаваць!

P.S. Узрадавала гэта «таксама хачу». Няўжо хтосьці яшчэ хоча працаваць?

smiley

Тэлефаную дадому, здымае Поля.

— Прывітанне, Поля! Чым займаешся?

— Нічым.

— А Вера?

— Таксама нічым.

Вось яно — шчасце!

Паспрабаваў успомніць, калі апошні раз адказваў гэтак жа. Прыйшоў да высновы, што таксама гадоў у сем. Бо ў восем зразумеў: калі сказаць, што нічым не займаешся, табе вельмі хутка знойдуць работу.

smiley

Чытаў малодшым на ноч «Нязнайку ў Сонечным горадзе». Па ходзе чытання вырашыў спытаць:

— Як вам здаецца: Нязнайка разумны малы ці не вельмі?

Поля задумалася, а Вера сказала:

— Па-мойму, ён дурань.

Вось і як цяпер далей чытаць?

smiley

Поля спалохана:

— Тата, ты што, прадаеш нашу машыну?

— З чаго ты ўзяла?

— Мы з Верай бачылі, як нейкі дзядзька паклаў на шкло нашай машыны паперку «куплю вашу машыну».

— А грошы ён з паперкай не паклаў?

— Быццам не.

— Значыць, не прадаю.

P.S. А шкада.

smiley

У дзяцінстве нам казалі: «Хопіць ужо глядзець тэлевізар, ідзі лепш кніжку пачытай». Цяпер часы змяніліся і даводзіцца ўгаворваць дзяцей паглядзець тэлевізар, толькі б яны не бралі ў рукі чортаў тэлефон (пра кніжку ўжо маўчу). Хоць, зыходзячы з асабістых назіранняў, прагляд тэлевізара адначасовай перапісцы ва «УКантакце» не перашкаджае.

Хто б мог падумаць у былыя часы, што ў тэлефонах тоіцца такая небяспека. З выгляду тэлефоны заўсёды былі найбольш бяскрыўднымі апаратамі ў доме, калі параўноўваць з тымі ж тэлевізарамі ці прасамі. А яно вунь як выйшла...

Думаю, у будучым варта больш пільна прыгледзецца да прасаў. У іх, на мой погляд, схаваны вельмі сур'ёзны патэнцыял.

Павел ХОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?