Вы тут

Пра што раскажа жаночы арганізм


Як выбраць найлепшы час для зачацця альбо папярэдзіць цяжарнасць без выкарыстання кантрацэптываў? У наш час, калі чалавецтва зноў загаварыла пра моду на ўсё натуральнае і бяспечнае, «экалагічнае сужэнства» (падчас якога пары выкарыстоўваюць сімптома-тэрмальны метад распазнавання плоднасці) набывае ўсё больш прыхільнікаў.

 


Метады распазнавання плоднасці (здольнасці да зачацця) не выклікаюць ні часовага, ні пастаяннага бясплоддзя. Яны абапіраюцца на веды пра фізіялагічныя асаблівасці жаночага і мужчынскага арганізмаў. І сёння мільёны пар ва ўсім свеце з'яўляюцца прыхільнікамі «экалагічнага сужэнства». Даследаванні паказваюць, што ў такіх сем'ях бывае менш разводаў, а падобныя веды бацькі пачалі перадаваць сваім дзецям.

Самая галоўная перавага згаданага метаду планавання — паміж мужчынам і жанчынай не стаяць штучныя сродкі кантрацэпцыі (прэзерватывы, спіралі, гарманальныя прэпараты), і гэта дае магчымасць захаваць жаночае здароўе. Падобны спосаб планавання вядомы са старажытнасці, але навуковыя даследаванні, якія пацвярджаюць яго эфектыўнасць, былі праведзены толькі ў мінулым стагоддзі. Апошнім часам і беларускія даследчыкі ўдзялілі яму ўвагу — на базе Гомельскага медуніверсітэта праведзена даследаванне, прысвечанае сімптома-тэрмальнаму метаду распазнавання плоднасці. Справа ў тым, што апошнім часам усё больш сужэнцаў сутыкаюцца з немагчымасцю зачаць дзіця. Часцей гэта звязана не з бясплоддзем мужчыны ці жанчыны, а з так званай паніжанай пладавітасцю, і будучым мамам важна навучыцца назіраць за арганізмам, каб вызначыць найбольш спрыяльныя для зачацця дні.

«Сёння я магу парэкамендаваць пацыентцы ў пэўных сітуацыях адкласці зачацце альбо дапамагчы пры паніжанай плоднасці, — заўважае акушэр-гінеколаг, выкладчык Барысаўскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Святлана Мазгунова. — Асноўныя паказчыкі пры такім метадзе — цэрвікальны сакрэт, паказанне тэмпературы цела і стан шыйкі маткі. Яны наносяцца на спецыяльную карту, якая лёгка чытаецца.

Жанчына, якая назірае за сваім арганізмам, ведае дні, у якія яна не павінна зацяжарыць. Практыкуючы экалагічнае сужэнства, можна папярэджваць цяжарнасць без выкарыстання кантрацэптываў. Эфектыўнасць метаду — каля 98 працэнтаў. І сёння яму можна навучыцца ў тым ліку анлайн. Жанчыны могуць абзавесціся ўласным «каляндарыкам», дзякуючы якому навучацца «чытаць» свой арганізм.

Па рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў многіх краінах свету створаны асацыяцыі настаўнікаў Метаду распазнавання плоднасці. Новыя веды сталі выкладаць дзецям і моладзі. Падчас круглага стала, які праводзіўся нядаўна ў Мінску ў межах форуму «Святасць мацярынства», урач-гінеколаг, выкладчык Варшаўскага медыцынскага ўніверсітэта Ева Слізень-Кучапска паведаміла, што сёння ў Польшчы ўдзяляецца вялікая ўвага прафілактыцы праблем дзетароднага здароўя, а ў школах уведзены абавязковы прадмет «выхаванне для жыцця ў сям'і» — акцэнт робіцца на выхаванне моладзі ў цнатлівасці, падрыхтоўку да будучага бацькоўства.

У нашай краіне, на жаль, пакуль не хапае пэўнага інстытута, які абмяркоўваў бы з падрастаючым пакаленнем далікатныя тэмы. Не толькі школа, але і бацькі не гавораць з падлеткамі «пра гэта». І добра, што з'явіліся грамадскія ініцыятывы, якія хочуць дапамагчы маладым.

— Часта да нас на заняткі прыходзяць падлеткі, моладзь і кажуць: «Вы першыя дарослыя, якія пагаварылі з намі пра цнатлівасць». Мы не можам пакідаць нашых дзяцей у інфармацыйным вакууме. Ёсць даследаванні, якія паказваюць, што ў жанчыны, якая захоўвае цнатлівасць да шлюбу, верагоднасць захавання сям'і — 80 працэнтаў. З кожным новым партнёрам яна страчвае гэтую здольнасць. Нават, калі ў яе быў адзін дашлюбны мужчына, лічба зніжаецца ўжо да 54 працэнтаў. Пра гэта трэба гаварыць дзецям, — упэўнена Вераніка Сярдзюк, старшыня дабрачыннага аб'яднання «Цэнтр падтрымкі сям'і і мацярынства «Матуля». — Сёння падлеткаў толькі палохаюць. Цяжарнасць падаецца ў адной звязцы з інфармацыяй пра захворванні, якія перадаюцца палавым шляхам. Гэта вельмі небяспечна. Так мы даём няправільныя ўстаноўкі пра мацярынства.

Арганізацыя запусціла адукацыйны праект для падлеткаў «Еве 13», мэта якога — фарміраванне ў дзяўчат адказнага стаўлення да свайго рэпрадуктыўнага здароўя, выхаванне цнатлівасці. У той жа час на такіх занятках не гавораць нічога лішняга. «Мы спрабуем супрацьстаяць ранняй сексуалізацыі дзяцей. Хочам расказваць толькі тое, што пазітыўна ўплывае на мацярынства, сямейнае шчасце і на самапавагу», — заўважае Вераніка Сярдзюк.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Каляндарык вам у дапамогу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Чавусах створана сістэма па падтрымцы людзей і чалавечых сувязяў

У Чавусах створана сістэма па падтрымцы людзей і чалавечых сувязяў

Клопат аб людзях паважнага ўзросту набывае ў нашым грамадстве асаблівае значэнне.

Грамадства

Сістэма аплаты працы бюджэтнікаў стане прасцейшай

Сістэма аплаты працы бюджэтнікаў стане прасцейшай

Гэта прадугледжана Указам Прэзідэнта ад 18 студзеня 2019 года № 27 «Аб аплаце працы работнікаў бюджэтных арганізацый». 

Грамадства

Куда ехать за впечатлениями? Рассказывают представители туриндустрии

Куда ехать за впечатлениями? Рассказывают представители туриндустрии

Ко ІІ Европейским играм готовятся не только спортсмены, но и туркомпании.