Вы тут

Пячэм аброўскі каравай


Знаёмства з каравайніцай, вядомай на ўсю вёску Аброва і Івацэвіцкі раён, Нінай Васілеўнай Варанковіч — гэта як подых дзяцінства. Яе пяшчотны і ласкавы голас гаіў душу, і хата ў духмяным паху каравая была дужа роднай і шчымліва ўтульнай. Здавалася, гэта самае надзейнае месца на свеце для спакою, шчырасці і ціхай радасці. Менавіта — для размеранага жыцця, якім жылі нашы продкі. У гэтым асяродку пад ласкавую гаману бабулі Ніны востра адчувалася тое, што цанілі і бераглі нашы дзяды і прадзеды. І спёка летняга дня была не спёкай, а цеплынёй, якой так многа было ў душы гэтай жанчыны.


Ніна Васілеўна — карэнная абраўчанка ці, як па-мясцоваму тут кажуць, абрэўка. Аграгарадок Аброва — вялікі, жыхароў пад тысячу. Гэта адзіны вясковы населены пункт у раёне, дзе ёсць бульвар. Тут захаваўся «Намскі Вялікдзень», абрад, занесены ў спіс нематэрыяльных каштоўнасцяў Беларусі, а людзі вызначаюцца праматой у поглядах і прагнасцю да працы і да зямлі.

— А хто навучыў хлеб пячы? — цікаўлюся, калі Ніна Васілеўна прыгатавалася паліць у печы.

— Першая навука — ад маці. Як мама пякла тады? Увечары рашчыніць, а зранку замесіць. Печ запаліць, а як выгарыць усё, тады пасаджае, ды і ўсё. Хлеб быў тады жытні, не пшанічны. І, памятаю, у дзяцінстве хлеб пяклі пшанічны (пшаніцу ж сеялі) — на Вялікдзень, на Каляды, на Вадзяную Каляду перад Вадохрышчам... І пірагі, і бондачку малую. Бондачка — гэта малая булачка. Мама заўсёды пякла свой хлеб.

— Дзе вы з мужам пазнаёміліся?

— Будучы муж, Бярнард Іванавіч, прыехаў працаваць настаўнікам у вёску Аброва ў 1957 годзе. Родам ён з Нясвіжскага раёна, з каталіцкай сям'і. Іх у сям'і было чацвёра. Старэйшы сын працаваў матэматыкам у Віцебскай вобласці, а малодшы — кандыдат навук — у Мінску жыў. Бярнард Іванавіч працаваў завучам у Аброве, вёў рускую і беларускую мовы,  літаратуру, іншы раз і нямецкую. Ён кватараваў у маёй хроснай разам з ветурачом. Хросная — адзінокая жанчына і, убачыўшы, што я прыехала на пабыўку дадому, кажа мне: «Ніна, прыйдзі падлогу памыць у хаце, ды заадно хлопцам сарочкі памый». Я, колькі дома была, прыходзіла кожную суботу да іх прыбіраць. А ў 1963 годзе паехала ў Саратаўскую вобласць у заробкі. Вярнулася ў 1964 годзе, зноў стала хадзіць прыбіраць у хлопцаў. Неяк кажу Бярнарду Іванавічу, што збіраюся ехаць зноў у заробкі. А ён адказвае: «Нікуды ты не паедзеш». Я ўзнімаю вочы і здзіўлена пытаю: «Чаму?» — «Ты выйдзеш за мяне замуж?» Я ад нечаканасці анямела і маўчу. А ён пытае: «Чаго маўчыш?» — «А ты што, праўда жэнішся?» — «Заўтра ідзём распісвацца».

Вось так мы і распісаліся. І пражылі разам 41 год у міры і згодзе, дзякаваць Богу, усім жадаю такога жыцця. Бярнард Іванавіч працаваў завучам да пенсіі і яшчэ на пенсіі два гады, а я ў бухгалтэрыі. Выгадавалі чацвёра дзяцей, але адзін сын загінуў у аварыі. Затое ёсць дзевяць унукаў і шэсць праўнукаў.

...Апоўдні Ніна Васілеўна запальвае ў печы. І паднімае край чыстага ручніка, якім накрыта міска з цестам. Яно падышло да краёў.

— Чарговы каравай будзе для каго?

— Для Уладыкі Стэфана, архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага. Я неяк ужо сустракала яго караваем, спечаным сваімі рукамі, дык ён сказаў потым, што нідзе яго не сустракалі такім караваем, як у Аброве. А матушка з Лунінца не верыла, казала: «Ну што там ужо за каравай такі?» Калі сын яе жаніўся, то я і яму спякла на вяселле. Тады матушка згадзілася, што смачны. Пякла я прасфоры для царквы болей за дзесяць гадоў — пасля мяне ўжо трэці чалавек пячэ. Калі б здароўе не падводзіла, то бацюшка мяне не адпусціў бы.

— У чым жа сакрэт вашага каравая?

— Скажу, што вельмі шмат залежыць ад мукі. Купіла я вось «Полацкую класічную». Харошы хлеб атрымліваецца, але на два дні. А потым усярэдзіне робіцца клейкі, ужо есці такі не будзеш, дык курам аддаю.

Яшчэ муку брала «Прыбужскую», таксама добрая, але тое ж — на два-тры дні. Цеста на хлеб простае: мука, соль, вада... А для каравая здоба трэба: малако ці сыроватка.

Закваску Ніна Васілеўна выліла ў вялікую міску яшчэ ўранку і замясіла цеста: пяць яек, два кілаграмы мукі, 230 грамаў маргарыну, 500 грамаў цукру і адзін літр малака.

— Цеста, бачыце, слабое. Таму мясіць яго трэба доўга, пакуль не стане рука чыстая, — тлумачыць Ніна Васілеўна. — На гэта трэба гадзіна, а то і паўтары. Пакуль пасадзіш каравай у печ, трэба абмяць цеста два-тры разы. Вось праз некалькі гадзін у печы выпаліцца, тады яго пасаджу на чарэнь. А пакуль час ад часу за цестам паглядаю, каб не ўцякло, абмінаю. І кветачкі падрыхтую, як пасаджу каравай у печ.

Ніна Варанковіч кажа, што раней на вяселлі караваі толькі ў яе заказвалі. Бывала, што за дзень яна пякла па пяць-шэсць караваяў. А цяпер толькі калі ў клубе на свята якое папросяць ці сваякам на вяселле...

Тым часам цеста падышло, і Ніна Васілеўна садзіць каравай у печ. І бондачку таксама. А ў гэты час з астаткаў цеста выразаюцца кветачкі, вяровачкі, крыжык. Падпечаны каравай змазваецца яйкам, і на яго выкладваюцца ўпрыгожанні. Спачатку крыжык, вяровачка па краі, а потым кветачкі і лісточкі. Ніна Васілеўна робіць усё з такой пяшчотай — нібы каля дзіцяці завіхаецца, раз-пораз гладзіць каравай.

І зноў — у печ. Момант, калі каравай можна дастаць для ўпрыгожання, трэба адчуваць — каб цеста не апала, і каб кветачкі не падгарэлі, а атрымаліся жоўценькія.

Тым часам Ніна Васілеўна дастае з шафы дарагія ўзнагароды — сярод іх дзве граматы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Івацэвіцкага райвыканкама за 2016 і 2017 гады — за развіццё традыцыйных промыслаў і рамёстваў, актыўны ўдзел у выставачнай дзейнасці вёскі і раёна і ў святкаванні 500-годдзя Аброва.

— Вышыўкі ў хаце зроблены вашымі рукамі? — звяртаю ўвагу на прыгажосць.

— Усё сама. Вышывала, вязала, шыла, а цяпер на адно вока аслепла. Люблю песні слухаць — народныя, не такія, як сёння грукацяць. Раней жыць было весела. Сонца на зямлю, а ўжо музыка па вёсцы грае. Памыешся, ногі апаласнеш і туды. Бывала, я замужам ужо была, а музыку пачую і так хачу на танцы. Ён мяне і адпусціць. Я каласок закручу, апрануся і куляй туды. Патанцую, душу адвяду і дадому. А сёння адзін камп'ютар у дзяцей у галаве, сядзяць у ім дзень і ноч, здароўе губляюць, сонца не бачаць.

...Хата напоўнілася водарам каравая. Час даставаць яго з печы.
З міскі ён выскачыў лёгка, бы мячык. Пачаліся прыгатаванні для фотаздымка, і Ніна Васілеўна пайшла апранацца... Яна стаяла ў залацістых туфлях, у вышытым адзенні і была такая прыгожая! Каравай урачыста, беражліва паклала на ручнік і стала з ім побач у сонечным пакоі. І так светла стала на душы!

Валянціна БОБРЫК

Фота Елізаветы БОБРЫК і Ірыны АМЕЛЬЧАНКІ

Загаловак у газеце: Як пяклі мы аброўскі каравай...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.