Вы тут

Праекты ПРААН па зялёным горадабудаўніцтве значна скароцяць выкіды СО2


Рэалізацыя трох ініцыятыў праекта ПРААН па зялёным горадабудаўніцтве значна скароціць выкіды СО2

Згодна з глабальным парадкам устойлівага развіцця краіны, прадугледжана неабходнасць зрабіць гарады і населеныя пункты адкрытымі, бяспечнымі і жыццеўстойлівымі. На дасягненне гэтай мэты накіраваны праект, які фінансуецца Глабальным экалагічным фондам і рэалізуецца ў партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў 2016—2021 гадах.


Адным з галоўных кампанентаў праекта «зялёных» гарадоў з'яўляецца рэалізацыя пілотных ініцыятыў па ўстойлівым гарадскім транспарце ў Полацку і Наваполацку і мерапрыемстваў па павышэнні энергаэфектыўнасці ў Навагрудку. Чакаецца, што іх вынікам стане сукупнае прамое скарачэнне выкідаў СО2 на 91,1 тысячы тон за гады праекта.

Не проста мара

Начальнік галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Наталля Жаркіна адзначыла, што зялёны горад павінен стабільна задавальняць патрэбнасці некалькіх пакаленняў. Ён павінен рабіць свой важкі ўклад у эканоміку і пры гэтым скарачаць выкіды парніковых газаў. Гэта асабліва актуальна ва ўмовах, калі 70 % насельніцтва краіны пражывае менавіта ў гарадах, пераважна — з колькасцю 100 тысяч і больш чалавек.

Таму ў нас распрацоўваецца інтэграваны падыход, накіраваны на павышэнне ўстойлівасці населеных пунктаў за кошт энергазберажэння, развіцця транспарту і гарадской мабільнасці. Ажыццяўляюцца і іншыя меры, якія выгадныя для эканомікі, карысныя для навакольнага асяроддзя і паляпшаюць якасць жыцця людзей. «Зялёныя» гарады —
гэта ўжо не мара, а рэальнасць. Але нас чакае яшчэ вельмі шмат працы, у тым ліку па карэкціроўцы заканадаўства, кааперацыі намаганняў органаў улады, грамадскасці, насельніцтва», — заўважыла Наталля Жаркіна ў прэс-цэнтры БелТА.

Праблема з паветрам і не толькі

«За кошт удасканалення гарадскога транспарту і развіцця веларуху мяркуецца скараціць выкіды вуглякіслага газу на 77,8 тысячы тон, астатняе — за кошт энергаэфектыўных мерапрыемстваў», — падзялілася кіраўнік праекта Ірына Усава.

Наваполацк, як вядома, характарызуецца не самымі лепшымі паказчыкамі чысціні паветра. «Паўплываць на сітуацыю з дапамогай праекта мы можам толькі ў рамках транспартнага кампанента. Умешвацца ў планы работы прадпрыемстваў «Нафтан» і «Палімір» мы не можам. Але яны таксама шмат чаго робяць, каб скараціць выкіды забруджвальных рэчываў у атмасферу. Акрамя таго, спецыяльнае даследаванне, праведзенае пад эгідай Мінпрыроды, паказала, што мабільныя крыніцы з'яўляюцца асноўным забруджвальным фактарам у Наваполацку», — дадала кіраўнік праекта ПРААН.

Распрацуюць таксама візуальныя карты, з дапамогай якіх у тым ліку можна будзе ацаніць скарачэнне выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасферу ў выніку рэалізацыі ініцыятыў.

Ад тэорыі да практыкі

«Сёлета мы больш рабілі ўпор на тэарэтычны блок праекта. Таму што падыходы ў фарміраванні гарадскіх тэрыторый — гэта аснова. Эксперты прааналізавалі існуючыя сусветныя практыкі і распрацавалі рэкамендацыі на нацыянальным узроўні. Падрыхтавалі аналітычныя агляды, якія ўключаюць пашпарты, профілі і звесткі аб стане пілотных гарадоў па дзесяці асноўных кампанентах. Для ўсіх трох населеных пунктаў распрацаваны і планы зялёнага горадабудаўніцтва — пакрокавыя стратэгіі па дасягненні жаданага стану горада.

Створаны каардынацыйныя групы па рэалізацыі праекта. Шмат увагі аддавалася ўключэнню насельніцтва ў абмеркаванне ініцыятыў. Праведзена апытанне для выяўлення праблем, на якія ўказалі самі жыхары. Цяпер мы пераходзім да практычнай часткі і маніторынгу, які дазволіць па кожным запланаваным мерапрыемстве адказаць на шэраг пытанняў: што гэта дасць гораду, колькі будзе каштаваць, як дазволіць знізіць выкіды СО2 і наколькі рашэнне ўпісваецца ў рамкі нацыянальнага заканадаўства. Важным момантам стане і вызначэнне крыніц фінансавання», — адзначыла Ірына Усава.

Акрамя таго, завершана распрацоўка тэхніка-эканамічных абгрунтаванняў, што дапамогуць зразумець, якія тэхналогіі можна ўжываць у пілотных гарадах для большага эфекту. Падрыхтавана серыя адкрытых картаграфічных матэрыялаў — яна ўключае
звесткі па стане жыллёвага фонду, якасці забудовы, размеркаванні шчыльнасці насельніцтва, зялёных тэрыторый, даступнасці прыпынкаў грамадскага транспарту і іншых аб'ектаў гарадской інфраструктуры. Усяго падрыхтавана 20 электронных карт для кожнага пілотнага горада, размясціць якія плануецца ў адкрытым доступе.

Веладарожка паміж гарадамі

Згодна з праектам у Полацку і Наваполацку зроблены акцэнт на гарадскую мабільнасць. Там ужо завяршаецца падрыхтоўка тэхнічнага задання і хутка будзе праведзены тэндар на стварэнне праектна-каштарыснай дакументацыі па будаўніцтве веладарожкі, якая звяжа два гарады. Да гэтага былі разгледжаны розныя варыянты маршрутаў, у выніку выбраны аптымальны, які пралягае праз вёску Экімань.

Мяркуецца дадаткова развіваць веласіпедную сетку гэтых гарадоў. Патрэбныя новыя веладарожкі, велапаркоўкі, велакафэ, рамонтныя майстэрні і пункты пракату. Таксама праектам запланаваны замена прыпынкаў грамадскага транспарту і ўстаноўка інфармацыйных табло. Неабходна стварыць роўныя ўмовы перамяшчэння для ўсіх гарадскіх жыхароў, у тым ліку для сацыяльна ўразлівых груп і людзей з інваліднасцю. І ўпершыню для двух гарадоў у Беларусі распрацоўваецца адзіны план устойлівай гарадской мабільнасці. Гэтым займаецца каардынацыйная група. План дазволіць Полацку і Наваполацку сумесна вырашаць рэгіянальныя праблемы запатрабаванасці грамадскага транспарту, перагружанасці дарог з-за празмернага выкарыстання асабістых аўтамабіляў.

Хітрае асвятленне і «разумны» дом

Па праекце ў Наваградку будзе праведзена замена неэфектыўных ліхтароў «разумнымі» святлодыёднымі свяцільнямі і ўкараненне сістэмы інтэлектуальнага ўліку энергарэсурсаў на аб'ектах жылога фонду. Сістэмы кантролю вулічнага асвятлення ўлічваюць наяўнасць або адсутнасць людзей і транспарту, мяняюць асветленасць у розны час сутак, тым самым эканомячы электраэнергію і грошы.

Да таго ж Ірына Усава адзначыла, што Навагрудскі гарвыканкам узгадніў пілотны энергаэфектыўны дом, які кіруецца таварыствам уласнікаў. У ім плануецца ўсталяваць разумныя лічыльнікі, але гэта яшчэ трэба ўзгадніць з усімі жыхарамі, з якімі будзе праведзена адпаведная інфармацыйная і адукацыйная работа.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: І стане наш горад больш чыстым

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».