Вы тут

Гандляваць харчовымі прадуктамі стане прасцей?


У Беларусі змяніліся санітарныя нормы і правілы гандлю харчовымі прадуктамі на рынках. Зараз яны складаюцца з 36 пунктаў замест ранейшых 131. Адтуль, у прыватнасці, цалкам знік раздзел, які датычыўся асабістай гігіены прадаўцоў і іншых работнікаў, якія ўдзельнічаюць у абароце прадукцыі на рынку. Увогуле, на першы погляд, правілы істотна спрасціліся. Аднак, як аказалася, гэта зусім не азначае, што многія патрабаванні адменены.


З чым звязаныя змены ў санітарных нормах і правілах, якія дзейнічалі з 2012 года, а таксама ці азначае адсутнасць некаторых пунктаў у новым дакуменце іх адмену, «Звяздзе» растлумачыла намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Іна Кандрэскул.

— Актуалізацыя тэхнічных нарматыўна-прававых дакументаў органамі дзяржаўнага санітарнага кантролю робіцца сёння з акцэнтам на давер суб'екту гаспадарання ў плане гарантавання бяспекі здароўя насельніцтва. І калі раней мы дэталёва прапісвалі ўсе патрабаванні да аб'ектаў, вытворчасці, то зараз даём права самастойна выбіраць, якімі спосабамі будзе гарантавацца такая бяспека. Пры гэтым Дэкрэт № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва» ўстанаўлівае агульныя санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні, у тым ліку да абсталявання і ўтрымання рынкаў пры абароце харчовай прадукцыі. І новая рэдакцыя санітарных правілаў, якія зацверджаны пастановай Міністэрства аховы здароўя № 80, распрацавана з улікам ужо зацверджаных патрабаванняў, якія ёсць у дэкрэце.

Новыя нормы датычацца стану тэрыторыі і памяшканняў, асвятлення, захоўвання і ўпакоўкі прадуктаў, умоў эксплуатацыі туалетаў, барацьбы з цвіллю, шкоднымі насякомымі і грызунамі, а таксама вывазу смецця. Што датычыцца тэрыторыі рынкаў, то старыя правілы рэгулявалі колькасць уездаў, падзел на зоны і нават тое, як павінны размяшчацца кантэйнеры для смецця — не больш за 20 метраў адзін ад аднаго. У новых правілах гэтых пунктаў няма. Прапісана, што ачыстка ўрнаў для смецця павінна праводзіцца штодзённа па меры напаўнення. А вываз харчовых адходаў з тэрыторыі рынку мусіць ажыццяўляцца па меры напаўнення ёмістасцяў. Раней разгрузка прадукцыі забаранялася непасрэдна на зямлю, зараз такога патрабавання ў дакуменце няма. Зніклі з новай рэдакцыі і пункты пра вентыляцыю памяшканняў, якая паводле ранейшых правілаў забяспечвалася прытокава-выцяжнымі механічнымі сістэмамі, што не павінны ствараць шуму, узровень якога вышэйшы за дапушчальны памер.

У новай рэдакцыі прапісана, што не дапускаецца наяўнасць цвілі на падлозе, сценах і столі памяшканняў. Астатнія патрабаванні, якія датычыліся санітарных нормаў утрымання сцен, падлогі і столі, з дакумента выдалілі. Згодна з новай рэдакцыяй, туалеты не павінны мець выхадаў у памяшканні рынку, дзе ажыццяўляецца гандаль ці знаходзіцца прадукцыя.

Змагацца са шкоднымі насякомымі, грызунамі, а таксама птушкамі ў памяшканнях па-ранейшаму трэба, а вось упамінання пра недапушчэнне туды жывёл у новым дакуменце няма. Згодна са старымі правіламі, рэалізацыя свежай садавіны і агародніны ў халодную пару года (пры тэмпературы ніжэй 0) забаранялася на адкрытых гандлёвых месцах. Такога патрабавання ў новых нормах няма. Дазваляецца рэалізацыя агародніны, зеляніны, свежых грыбоў, фруктаў на адкрытых гандлёвых месцах (са сталоў, кошыкаў, бочак, скрыняў, мяшкоў, а таксама з аўтамабільнага транспарту).

Сельскагаспадарчая прадукцыя, вырабленая грамадзянамі на зямельных участках для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, садаводства, агародніцтва, можа рэалізоўвацца на рынку пасля правядзення лабараторных даследаванняў і заключэння лабараторыі ветэрынарна-санітарнай экспертызы рынку аб адпаведнай якасці. А асобы, якія рэалізуюць гэту прадукцыю, павінны праходзіць рэнтгенфлюараграфічнае даследаванне.

Адзначым, што новы дакумент, які быў апублікаваны 6 снежня, уступіць у сілу праз 15 дзён з моманту абнародавання.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».