Вы тут

Старшыня Глускага райвыканкама адказаў на пытанні «Звязды»


Старшыня Глускага райвыканкама Сцяпан Чачуха адказаў на пытанні «Звязды».


— Сцяпан Уладзіміравіч, раскажыце падрабязней пра тыя праекты, над якімі вы зараз працуеце. Наколькі сучаснымі стануць вашы галоўныя ўстановы адукацыі?

— Гэта сацыяльна важныя аб'екты, і ўжо даўно наспела неабходнасць прывесці іх у належны стан. Сёлета ў студзені дзякуючы фінансавай падтрымцы Магілёўскага аблвыканкама здалі басейн, які функцыянуе пры гімназіі. Сёння яго наведваюць усе дзеткі, уключаючы санаторную школу-інтэрнат і Веснаўскі дом-інтэрнат, а па вечарах і ў выхадныя дні ўсе жыхары раёна. Адрамантавалі фасады гімназіі і першай школы. У гімназіі быў адноўлены пераход паміж басейнам і вучэбным корпусам, які знаходзіўся ў нездавальняючым тэхнічным стане. Зараз гэта галерэя стала ўпрыгажэннем гімназіі — тут шмат кветак і карцін. Выкладчыца гімназіі вельмі таленавітая мастачка.

Зараз за кошт сродкаў Сусветнага банка развіцця гімназія і сярэдняя школа № 2 зменяцца да непазнавальнасці. Прадугледжаны рамонт даху, замена вокнаў, дзвярэй. У спецыялізаваных кабінетах фізікі, інфарматыкі, хіміі будзе заменена тэхналагічнае абсталяванне. Па гімназіі ўсе падрыхтоўчыя стадыі ўжо пройдзены, вызначаны падрадчык, і на працягу сямі месяцаў яна павінна быць адрамантаваная. У планах на базе гімназіі стварыць пляцоўку для гандбола.

— На базе кінатэатра «Арыён» плануецца стварыць шматфункцыянальны культурна-забаўляльны цэнтр. Што ён будзе з сябе ўяўляць?

— Кінатэатр быў пабудаваны ў 80-я гады і ўжо маральна састарэў. Плюс наш Дом культуры, якому ўжо амаль 60 гадоў, не адпавядае патрабаванням часу. Мы вырашылі два гэтыя аб'екты аб'яднаць і зрабіць сучасны комплекс. Губернатар вобласці Уладзімір Даманеўскі нас у гэтым падтрымаў. Ужо выдзелены грошы на праектна-каштарысную дакументацыю. Вырашана перамясціць у гэты комплекс і загс, які знаходзіцца зараз у вёсцы Хваставічы ў не прыстасаваным для яго месцы — будынку сельсавета. У нас шмат таленавітых дзяцей, якія прывозяць з розных конкурсаў і фестываляў узнагароды. З імі працуюць таленавітыя харэографы Сняжана Каржнёва і Марына Рудабелец, іх выхаванцы паказваюць добрыя вынікі ў межах рэспублікі. Нядаўна вось прывезлі ўзнагароды за першыя месцы. Таму ў будынку з'явіцца і зала для харэаграфіі. Работнікам культуры наогул будзе вельмі зручна працаваць у новых умовах.

— Вы ўзначальваеце раён не так даўно, з сакавіка гэтага года. Але гэта ўжо дастатковы час, каб падвесці нейкія вынікі.

— Калі я толькі прыйшоў, пачынаў з добраўпарадкавання тэрыторыі. Паклалі асфальт па вуліцы Савецкай, на стан якой доўга скардзіліся людзі. Адрамантавалі дарогу каля цэнтральнага рынку: там была яма на яме. Раённую Дошку гонару ўсталявалі на плошчы перад райвыканкамам, каб людзі змаглі падысці і паглядзець, кім мы ганарымся. Раней яна знаходзілася ў фае райвыканкама і яе амаль ніхто не бачыў. Дзесьці агароджу паставілі, тратуарную дарожку паклалі. Адкрылі дзіцячую кавярню, каб жыхарам было куды з дзецьмі схадзіць. Пачалі будаваць 20-кватэрны дом. На вёсцы таксама наводзім парадак. Дахі, агароджы, фасады — трэба, каб усюды было прыгожа. Фінансаў на ўсе не хапае, трэба эканоміць і зарабляць грошы. Але мы бачым, у якім кірунку трэба развівацца.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Глуск мяняе імідж

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.