Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Рынак Карэліі можна назваць прэміяльным для Беларусі


На сустрэчы з кіраўніком Рэспублікі Карэлія Расійскай Федэрацыі Артурам Парфенчыкавым Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што мэта беларускай дзяржавы — максімальная практычная эфектыўнасць супрацоўніцтва з расійскім рэгіёнам.


Размова пачалася з эканамічнага блоку. "Супрацоўніцтва з расійскімі рэгіёнамі з'яўляецца адной з  асноў стратэгічных адносін паміж нашымі краінамі і ключавым складнікам гандлёва-эканамічных сувязяў, — сказаў беларускі лідар, вітаючы кіраўніка расійскай дэлегацыі. —  Карэлія – важны для нас партнёр у Паўночна-Заходняй  федэральнай акрузе. Беларусь зацікаўлена ў далейшым нарошчванні тэмпаў гандлю, прасоўванні дзелавых ініцыятыў, пошуку новых пунктаў росту".

Кіраўнік дзяржавы ў якасці перспектыўнага праекта назваў стварэнне сумеснай зборачнай вытворчасці лесанарыхтоўчай тэхнікі Амкадор. Яшчэ адзін кірунак супрацоўніцтва — пастаўка беларускіх кар'ерных і грузавых аўтамабіляў для горназдабыўных прадпрыемстваў, тэхнікі для лесапрамысловага комплексу, пасажырскага транспарту, а таксама забеспячэнне іх  запаснымі часткамі.

"Пры гэтым мы можам прапанаваць узаемавыгадныя фінансавыя інструменты, уключаючы лізінг, льготнае крэдытаванне", — дадаў беларускі ладар. — У гэтай сувязі БЕЛАЗ гатовы падключыцца да праграмы перааснашчэння парку вялікагрузных машын у вашым рэгіёне, МАЗ і "Белкамунмаш" – да праграмы абнаўлення пасажырскага транспарту, калі для вас гэта зручна і будзе неабходна".

Беларусь можа аказаць дапамогу ў развіцці сельскай гаспадаркі Карэліі, у тым ліку пашырыць экспарт прадукцыі айчыннага машынабудавання для гэтых мэт. "Вопыт вялікі: ад Венесуэлы да Сахаліна, — запэўніў Прэзідэнт. — Мы на Сахаліне  будуем узорны малочна-таварны комплекс".

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што падобны комплекс будуецца ва Узбекістане, плануецца гэтакі ж стварыць пад ключ у Азербайджане.  "Аб'ехаўшы ўвесь свет і паспрабаваўшы розныя тэхналогіі, мы прыйшлі да пэўнага выніку — у якім кірунку павінна развівацца сельская гаспадарка. Таму, калі будзе такая патрэба, мы можам аказаць дапамогу і падтрымку", — паабяцаў беларускі лідар.

Ён таксама адзначыў вялікі патэнцыял супрацоўніцтва вучоных-аграрыяў. "Вам, напэўна, будзе зручна супрацоўнічаць з нашай навукай, бо  каштоўнасць яе ў тым, што мы пасля распаду Савецкага Саюза захавалі ўсе кірункі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Мы можам цалкам аснасціць вашы малочна-таварныя комплексы нашымі камплектуючымі, даільнымі ўстаноўкамі, халадзільнікамі і іншым".

Асобна спыніўся кіраўнік дзяржавы на тэме паставак у Расію прадуктаў харчавання. Зараз шмат увагі надаецца перашкодам для продажу беларускіх прадуктаў на расійскім рынку. "Вы павінны дакладна разумець, што тут звычайная канкурэнцыя", — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка. Ён прывёў у прыклад абвінавачванні беларусаў у дэмпінгаванні. "Я часта кіраўнікам Расіі кажу:  стварыце буйную кампанію, і мы праз яе будзем пастаўляць на ўсю Расію. Мы будзем пастаўляць за рубель, а вы прадавайце за 10, калі  лічыце, што расіяне вельмі багатыя. Гэта  значыць, што размова насамрэч пра нядобрасумленную канкурэнцыю. Справа тут зусім не ў якасці", — пракаментаваў сітуацыю Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь у свой час вымушана была павысіць патрабаванні да якасці прадуктаў харчавання, бо пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС нельга было зніжаць планку — размова ішла пра здароўе нацыі, цяпер жа натуральныя прадукты сталі сусветным трэндам.

Пракаментаваў Прэзідэнт Беларусі і неабходнасць дыверсіфікацыі рынкаў збыту. "Нам ваш рынак выгадны, бо ён побач. Гэты рынак можна назваць прэміяльным, і мы гатовыя да супрацоўніцтва, але такім чынам, каб не парушаць устаноўлены баланс, — падкрэсліў ён. —  Мы будзем дапамагаць, калі ёсць патрэба, разумеючы, што ствараем сабе канкурэнцыю, але ў брацкіх дзяржаў не павінна быць такога падыходу. Калі не будзе перашкод, нам расійскага рынку хопіць назаўсёды". 

Ён прывёў у прыклад адмову Кітая ад амерыканскай соі, што стварыла для расіян магчымасць увесь экспарт соі накіраваць у Кітай. "Давайце тады мы зоймемся якім-небудзь іншым прадуктам для сябе і для Расіі, — слушна заўважыў Аляксандр Лукашэнка. – Трэба падысці разумна і сбалансаваць усе патокі".

Яшчэ адзін кірунак для партнёрства — рыбаводства. "Карэлія з'яўляецца бясспрэчным лідарам у Расійскай Федэрацыі па вытворчасці азёрнай фарэлі, — заўважыў беларускі лідар. — Лічу, што ўзаемадзеянне у рыбагадоўчай галіне таксама мае ўзаемны інтарэс".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што мэта беларускай дзяржавы — максімальная практычная эфектыўнасць супрацоўніцтва з расійскім рэгіёнам.

Кіраўнік  Рэспублікі Карэлія пагадзіўся  з тым, што ўсе названыя кірункі ўзаемна цікавыя. "Мы склалі новы трохгадовы план нашага ўзаемадзеяння, які разлічаны на павелічэнне аб'ёмаў тавараабароту. Безумоўна, тыя аб'ёмы, якія ёсць, нас не задавальняюць, — сказаў Артур Парфенчыкаў. — Якарны пілотны  праект — сумеснае прадпрыемства з кампаніяй Амкадор. Мы ўжо прынялі на заканадаўчым узроўні рэспублікі ўсе магчымыя меры яго падтрымкі. Карэлія (наш вядомы Анежскі трактарны завод у Петразаводску) гістарычна ў Савецкім Саюзе была адным з цэнтраў стварэння лесанарыхтоўчай тэхнікі. Мы вельмі ўдзячныя беларускім партнёрам за тое, што новае прадпрыемства, якое юрыдычна ўжо створана, мае назву "Амкадор – Анега" — захаваны брэнд, стагоддзе якога мы хутка будзем святкаваць. Цалкам упэўнены, што гэты праект будзе садзейнічаць развіццю прамысловасці Беларусі, бо мы разам зможам выйсці на больш вялікія аб'ёмы, пры чым  засваення не толькі расійскага рынку, у нас вельмі амбіцыйныя планы і наконт знешняга рынку".

Пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам Артур Парфенчыкаў пералічыў для журналістаў і іншыя сферы ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Карэліяй: робататэхніка, судабудаўніцтва, лесакарыстанне, дрэваапрацоўка, узаемадзеянне органаў мясцовага самакіравання. Ён нагадаў, што сур'ёзная частка абсталявання на Беларускай атамнай электрастанцыі вырабляецца ў Петразаводску.

Пры гэтым значная частка размовы кіраўніка расійскага рэгіёну і Прэзідэнта Беларусі датычылася гуманітарнай сферы. "Мы шмат казалі пра ўзаемадзеянне ў галіне культуры, — паведаміў журналістам Артур Парфенчыкаў. — У Карэліі актыўна дзейнічае беларуская культураня аўтаномія. Для нас вельмі важна, каб з'явіўся прамы авіярэйс  Мінск – Петразаводск, гэтага жадаюць нашы жыхары. Такая сувязь  будзе  садзейнічаць і развіццю бізнеса, і турызма. Мы запрашаем жыхароў Беларусі ў нашу рэспубліку, бо Карэлія — гэта адзін з брэндавых кірункаў турызму не толькі ў Расіі,  але і ў Еўропе".

Даведка:

Тавараабарот нашай краіны з Рэспублікай Карэлія за  дзесяць месяцаў сёлета склаў амаль 22 мільёна долараў, што больш, чым за ўвесь мінулы год, але ўдвая менш, чым у 2013 годзе. Сальда станоўчае — 9,5 мільёна долараў.

Аснову беларускага экспарту складаюць пастаўкі грузавых аўтамабіляў, артапедычныя прыстасаванні для лячэння пераломаў, пратэзы, свежая і замарожаная садавіна, цукар, абутак, мука, шыны.

Мы закупляем у Карэліі галоўным чынам арматуру для трубаправодаў, каніфоль, смаляныя кіслоты і іх вытворныя, граніт, базальт, пясчанік, піламатэрыялы, адходы і лом чорных металаў. І таксама – шыны.

У Карэліі пакуль няма зборачных вытворчасцяў беларускай тэхнікі і тавараправоднай сеткі беларускіх машынабудаўнічых прадпруемстваў. Айчынныя трактары, камбайны, грузавікі, ліфты і іншыя машыны пастаўляюцца туды праз Санкт-Пецярбург і Волагду. Партнёра ў Петразаводску мае Баранавіцкае баваўнянае аб'яднанне, у рэгіёне таксама працуюць фірменныя сеткі "Мілавіцы" і "Белвест".

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота: БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.