Вы тут

Падчас прафілактычных аглядаў ратаўнікі знаходзяць «жучкі»


Вось так бывае. Зусім нечакана сустрэнеш героя сваёй публікацыі, каб яшчэ раз упэўніцца, што жыццё будуецца па законах логікі... Але аб усім па парадку. 27 кастрычніка 2006 года ў нашай газеце быў змешчаны артыкул «Гераічныя канікулы Максіма Мрочкі». Гаворка ішла пра брэсцкага школьніка, які выратаваў на вадзе ўкраінскую дзяўчынку. На школьнай лінейцы тады Максіма ўрачыста ўшанавалі кіраўнікі абласных ведамстваў МНС дзвюх дзяржаў.


Планавы рэйд

Пасля заканчэння профільнай ВНУ Максім зараз займаецца прафілактыкай надзвычайных сітуацый у Брэсцкім раённым аддзеле МНС. Разам з ім у рэйд па вёсках Шумакі і Церабунь накіраваліся старшы ўчастковы інспектар Брэсцкага РАУС Аляксандр МЕЛЬНІК, супрацоўніца Клейнікаўскага сельвыканкама Святлана ДАВІДЗЮК і карэспандэнт «МС».

Удзель­ні­кі рэй­ду — Аляк­сандр Мель­нік, Свят­ла­на Да­ві­дзюк, Мак­сім Мроч­ка.

Варта сказаць, што ў сямі вёсках Клейнікаўскага сельсавета налічваецца 27 адзінокіх грамадзян і крыху больш за 180 тых, хто пражывае адзінока. З наступленнем ацяпляльнага сезона ўсіх трэба наведаць, паглядзець, у якім стане печы, праводка, ці спраўныя аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, ці няма так званых «жучкоў» у электралічыльніках. Ну і, вядома, выпадае нагода пагаварыць з людзьмі, папытаць, што іх турбуе. Тым больш што з намі быў прадстаўнік праваахоўных органаў. Адзін з пенсіянераў, напрыклад, скардзіўся старшаму ўчастковаму інспектару на свайго земляка. Той пазычыў у гаспадара 50 рублёў, а калі прыйшоў час аддаваць, украў грошы ў іншага суседа ды аддаў папярэдняму. Неўзабаве афера высветлілася, і падчас разбору скрадзеныя грошы канфіскавалі, такім чынам з'явіўся новы пацярпелы. Аляксандр Мельнік растлумачыў нюансы заканадаўства. Урон вяртаецца першаму пацярпеламу. А апошні павінен патрабаваць кампенсацыю праз суд.

Адразу скажу, што большасць пажылых пенсіянераў на развітанне казалі нам: «Дзякуй, што зайшлі ў хату, праведалі». А такіх, хто не адкрыў дзверы, гэтым разам не было.

Вынікі шматгадовай работы

Варта адзначыць, што ў большасці пажылых вяскоўцаў жыллё падрыхтаванае да ацяпляльнага сезона як след: печы адрамантаваныя і пафарбаваныя, праводка падтрымліваецца ў належным стане, лічыльнікі не так даўно замянілі. А гэта значыць, работа, якая вядзецца гадамі, дае свае вынікі. У некаторых дамах службовым асобам заставалася толькі праверыць, як выконваліся ранейшыя прадпісанні, альбо сапраўды праведаць гаспадароў і ўпэўніцца, што ўсё ў парадку. Прыемна было пабываць у доме шматдзетнай сям'і Андрэя і Алены Аверчукоў. Маладыя гаспадары гадуюць чацвёра дзяцей, жыллё трымаюць ва ўзорным стане. Зазірнулі мы і да Вольгі Сяргееўны Круглей 1924 года нараджэння, якую дзяўчынай немцы вывезлі ў Германію. За бабульку можна не непакоіцца, бо яе даглядаюць дачка з зяцем. Да Мікалая Ягоравіча і Марыі Фёдараўны Фянцісавых, хоць абое яны інваліды, дзеці наведваюцца часцяком, аб чым сведчыць новы бездакорны рамонт. Адна гаспадыня сказала, што пачала літаральна на ваду дзьмуць у плане бяспекі, калі ў сястры ў Гродзенскай вобласці здарыўся пажар.

У гэтым рэйдзе давялося пачуць, і такое: «Толькі п'яніцы, якія кураць у ложку, гараць, а сталыя людзі сочаць за станам свайго жытла і зацікаўлены ў бяспечным карыстанні печчу ды электрычнасцю». З выказваннем не пагадзіўся Максім Мрочка: «Пільнасць і клопат пра бяспеку павінны быць заўсёды. Нават праводка, якая схаваная пад шпалерамі, можа стаць прычынай бяды, бо гаспадар не адразу заўважыць наступствы кароткага замыкання. Таму чарговы раз пагаварыць, папярэдзіць людзей не бывае лішнім.

«Насякомае» з дроту і свядомасць жыльцоў

Першай, каго мы наведалі ў Шумаках, стала пенсіянерка Марыя Піліпаўна. 84-гадовая жанчына мае статус адзінокай паводле закона. Што гэта значыць? У Марыі Піліпаўны ёсць дачка, якая жыве ў Брэсце, але дачка сама дасягнула пенсійнага ўзросту. У такім выпадку маці прызнаецца адзінокай. Варта сказаць, што дачка-пенсіянерка клапоціцца пра маці, пра апошняе гаворыць парадак у доме, належны стан печы, электраправодкі. А вось пра паходжанне «жучка» ў сваім лічыльніку гаспадыня нічога растлумачыць не змагла. Ну, не сама ж яна яго туды прыладзіла! Гэты факт узяла на заметку спецыяліст сельвыканкама, а інспектар пажарнага нагляду абяцаў праз некаторы час зноў наведаць гэты дом.

Бо «жучок» у лічыльніку электраэнергіі не такое ўжо бяскрыўднае парушэнне і, аказваецца, зусім не рэдкасць у ХХІ стагоддзі. «Жучком» у народзе называюць самаробнае прыстасаванне з дроту, якое ўстанаўліваюць замест засцерагальніка ў прыбор падліку энергіі. Апошні ў выпадку кароткага замыкання ці моцнага перападу напружання спыняе паступленне току, а той самы дроцік, наадварот, яму спрыяе. Вось і лічыце, што «жучок» — найбліжэйшы сваяк пажару. Зусім не чакалі мы знайсці такое прыстасаванне ў доме, напрыклад, 84-гадовай гаспадыні. Хутчэй за ўсё, нехта з маладзейшых родзічаў у свой час «адрэгуляваў» прыбор, ды так і засталося. І гэта адно з самых частых, можна сказаць, парушэнняў.

Апавяшчальнікі ва ўсіх дамах, якія давялося наведаць, аказаліся на месцы, батарэйкі ў іх былі не разраджаныя, прыборы спраўныя. Большасці гаспадароў у свой час апавяшчальнікі ставілі за кошт сельвыканкама. І людзі ставяцца з разуменнем да такой меры прафілактыкі. Гады тры таму мне давялося ў такім жа рэйдзе гаварыць з бабуляй, якая паклала свой апавяшчальнік у кош ды аднесла на дрывотню, бо «ён пры распалцы печы пішчаў» і пужаў гаспадыню. Праўда, і тут мы сустрэлі гаспадара, які хоць і не выносіў прыбор, але батарэйкі выняў з гэтай жа прычыны. Васіль Раманавіч лічыць такую меру бяспекі неабавязковай у сваім доме. І ніхто не мае права яго прымушаць. У яго і сапраўды печы, праводка, электрапрыборы ў парадку. І жыве ён цяпер не адзін, хоць мае адпаведны статус. Нядаўна, паводле яго слоў, прывёў у дом гаспадыню. Усё гэта добра, але хіба дадатковая мера перасцярогі бывае лішняй? На добры толк, апавяшчальнік павінен быць у кожным доме і кожнай кватэры незалежна ад узросту жыльцоў. Тым больш калі гаспадару ўжо семдзесят і ён мае праблемы са здароўем. На жаль, пакуль наша свядомасць крышку адстае ад тэмпаў развіцця выгод цывілізацыі. Кожны электрапрыбор сучаснай хатняй гаспадаркі тоіць у сабе нейкі працэнт небяспекі. Нездарма ж кажуць, што нельга нават мабільныя тэлефоны нанач пакідаць на зарадцы.

Група рызыкі

«Ланд­шафт­ны ды­зайн» ад­на­го гас­па­да­ра.

Асаблівую занепакоенасць у мясцовай улады і адпаведных органаў выклікаюць тыя, хто вызначаецца асацыяльнымі паводзінамі альбо злоўжывае алкаголем. Таму мы не маглі абмінуць дом Яўгена Уладзіміравіча Г. Хата яго размяшчаецца на самым рагу вуліцы, побач лес. А ў двары гаспадара расце проста казачных памераў елка. Калі б яе расквеціць агнямі пад свята, уся вёска бачыла б тую прыгажосць. Але гэты невялічкі двор з паламаным плотам, які ў любую пару года закрыты ценем векавога дрэва, упрыгожвае спецыфічны «ландшафт» — цэлая галерэя пустых бутэлек. Прадстаўнік сельвыканкама Святлана Давідзюк расказвае, што печ і праводку гаспадару адрамантавалі за кошт мясцовага бюджэту. Перыядычна, хоць раз у паўгода, знаходзяцца валанцёры, якія крыху наводзяць парадак і выгружаюць з хаты амаль што воз смецця. Калі мы зайшлі ў дом, адразу адчулі холад, печ была не прапаленая. Гаспадар растлумачыў, што паліць яе не кожны дзень. У гаворку ён уступіў ахвотна, расказаў, што ў свой час працаваў нават на будоўлях БАМа. Толькі вось засталі мы гэтага «бамаўца» на ложку пад тым, што гадоў 40 назад было коўдрай, а цяпер уяўляе сабой дзіравыя рэзгіны. Падобна, што на абед у яго быў акраец сухога батона і вада ў кубку. Але 74-гадовага гаспадара ўсё задавальняе, ніякіх просьбаў альбо прэтэнзій ён не выказваў.

Супрацоўнік РАУС Аляксандр Мельнік растлумачыў, што грамадзянін належыць да ціхіх і бяскрыўдных п'яніц, якія нікому, акрамя сябе, шкоды не робяць. У сацыяльную ўстанову ён ехаць адмаўляецца, бо на сваіх нагах. А ва ўстанову тыпу ЛПП яго ўжо не адправіш па ўзросце. Вось так і жыве чалавек ва ўзведзеным некалі бацькамі доме. Пенсію атрымлівае і тут жа пераводзіць яе ў «вадкі стан». Такім чынам, нашай рэйдавай групе давялося канстатаваць адлюстраванне яшчэ адной сацыяльнай праблемы грамадства.

Паводле інфармацыі начальніка Брэсцкага раённага аддзела МНС Вячаслава КАВАЛЬЧУКА, сёлета ў раёне з пачаткам ацяпляльнага сезона назіраецца рост колькасці пажараў прыкладна на 31 працэнт. Значыць, прафілактыка будзе ўзмацняцца, рэйды працягнуцца.

Святлана ЯСКЕВІЧ, Брэсцкі раён

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.