Вы тут

Як адрамантаваць печку адзінокаму пенсіянеру?


Ладна складзеная печка можа верна праслужыць не адзін дзясятак гадоў без асаблівых праблем. Аднак вечнага няма нічога, і нават ідэальна прыгнаная цэгла рана ці позна, але пачынае разбурацца. Спачатку гэта не вельмі заўважна, аднак калі праблема выявілася і нічога не рабіць, то фінал такога стаўлення будзе далёка не зайздросны.


Увогуле ж з пачатку года да 10 снежня ў сельскай мясцовасці Міншчыны адбылося 1152 пажары. Загінулі 102 чалавекі. Прычым такая прычына, як парушэнне правіл уладкавання, эксплуатацыі печак і іншых цеплагенерыравальных прылад, выбілася на другое месца. На яе долю прыйшлося крыху больш за чвэрць узгаранняў.

— Акцыя «За бяспеку разам», якая была скіравана на тое, каб праверыць стан пажарнай бяспекі ў старых, якія пражываюць адны, і ў шматдзетных сем'ях, праводзілася сёлета ў другой палове кастрычніка, — згадвае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Анастасія Швайбовіч. — За тры тыдні ратавальнікі разам з прадстаўнікамі зацікаўленых ведамстваў — міністэрстваў унутраных спраў, працы і сацыяльнай абароны, энерганагляду і іншых — толькі па Мінскай вобласці наведалі больш за 70 тысяч домаўладанняў. Цікава, што 50 чалавек самі звярнуліся з просьбай праверыць, ці ў спраўным стане знаходзяцца ў іх печы і электраправодка.

Падчас абследавання жылых дамоў ратавальнікі знаходзілі шмат хіб, звязаных з правільнай эксплуатацыяй печак. Часцей за ўсё на падлозе не было металічнага перадтопачнага ліста. Комін не быў атынкаваны і пабелены. А справа ў тым, што калі кладка парушылася і дым пачынае выходзіць у жылое памяшканне, то ён «падфарбуе» праблемнае месца. Каштуе гэта не так і шмат, а вось як сродак дыягностыкі — неацэнна.

Сапсаваная кладка корпуса самой печы, дарэчы, таксама неаднаразова трапляла ў поле зроку камісій. Ад печак да комінаў не заўжды вытрымліваліся належныя проціпажарныя адступкі. На жаль, трывіяльным стала парушэнне правіл мантажу і эксплуатацыі электрасетак. Ратавальнікі таксама сутыкаліся з фактамі, калі ва ўжо ўстаноўленых аўтаномных пажарных апавяшчальніках адсутнічалі батарэйкі і каштоўны прыбор ператвараўся фактычна ў кавалак пластыку.

— Тым часам з пачатку года сігналы апавяшчальніка ўратавалі на тэрыторыі Мінскай вобласці 12 чалавек, — працягвае Анастасія Швайбовіч. — Паказальны выпадак адбыўся зусім нядаўна, 30 лістапада, у вёсцы Лежні Чэрвеньскага раёна. Прыкладна а трэцяй гадзіне дня на пульт дзяжурнага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях паступіў званок пра тое, што гарыць жылы дом. У гэты час там спаў гаспадар. Прачнуўшыся ад гуку апавяшчальніка, ён выйшаў самастойна. Агонь пашкодзіў сцены, перакрыцці столі і маёмасць. Меркаваная версія — неасцярожнасць пры курэнні...

За кожнай лічбай загінулых хаваецца не адна чалавечая трагедыя. Або няведанне, што рабіць. Разгледзім сітуацыю: ратавальнікі прыйшлі ў дом да адной бабулі падчас прафілактычнай акцыі і высветлілі, што з печкай не ўсё ў парадку. Наколькі складаны шлях давядзення яе да ладу?

— Перш за ўсё трэба адказаць на пытанне, ці ёсць у гэтага чалавека сваякі. Калі так, то ім мы адправім ліст, у якім будзе змешчана просьба прывесці дом да нармальнага проціпажарнага стану. Так, падчас акцыі «За бяспеку разам» сёлета работнікі МНС, сельвыканкамаў і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ўжо выслалі больш за 600 такіх напамінаў.

Але што рабіць, калі сваякоў і родных у старога чалавека не засталося? У такім разе інфармацыя накіроўваецца ў мясцовыя органы ўлады і тэрытарыяльнай абароны насельніцтва. Таксама за бюджэтныя сродкі паставяць і аўтаномны пажарны апавяшчальнік.

Як жа ў рамонце печы дапамагаюць сацыяльныя ўстановы? З гэтым пытаннем карэспандэнт «МС» звярнуўся да намесніка дырэктара Салігорскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ларысы Жукавай.

— Калі пенсіянер знаходзіцца на нашым абслугоўванні, то праблему з печкай заўважыць сацыяльны работнік. Таксама ў нас дзейнічаюць аглядныя камісіі, якія ствараюцца з прадстаўнікоў многіх органаў. Яны перыядычна абыходзяць дамы, дзе пражываюць уразлівыя катэгорыі грамадзян, — гэта старыя, якія жывуць адны, і шматдзетныя сем'і. Калі выяўляюцца нейкія праблемы, то яны ўключаюцца ў графік рамонту, які зацвярджаецца штогод. Работы мы звычайна выконваем у першай палове года. Праўда, і тут ёсць адно «але»: калі патрабуецца невялікі рамонт і печку трэба проста крыху падмазаць растворам, то тады аказваецца матэрыяльная дапамога са сродкаў фонду і гэта робіцца ўласнымі сіламі. З больш паглыбленым рамонтам складаней. Ён вымагае большых сродкаў і, адпаведна, складання плана-графіка.

— Колькі часу праходзіць пасля ўключэння ў план-графік да рамонту печкі?

— Звычайна мы гэтыя работы выконваем у другім-трэцім квартале. Акрамя таго, мы просім і прадпрыемствы, размешчаныя на тэрыторыі сельсаветаў, дапамагчы сваім былым супрацоўнікам. Радуе, што яны адгукаюцца. Але зноў жа, сродкі мы знайшлі, а дзе ўзяць спецыяліста, які мае адпаведную кваліфікацыю? Мы абавязкова робім аб'яву на электроннай пляцоўцы і абвяшчаем тэндар. Праблем з гэтым няма, індывідуальныя прадпрымальнікі, якія працуюць печнікамі, адгукаюцца вельмі ахвотна.

Сёлета такім чынам у Салігорскім раёне дапамаглі адрамантаваць печы ў сямідзесяці дамах.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Абодва яны спяваюць, пішуць вершы пра сваю сям'ю і іграюць на музычных інструментах.

Грамадства

Франтавы повар аб тым, чым кармілі чырвонаармейцаў

Франтавы повар аб тым, чым кармілі чырвонаармейцаў

Разам з карэспандэнтам «Звязды» ветэран Вялікай Айчыннай вайны франтавы повар Ганна Воранава ўспомніла пра самыя шчаслівыя і самыя горкія моманты жыцця.

Эканоміка

Як зберагчы ўласныя фінансы ў падарожжы

Як зберагчы ўласныя фінансы ў падарожжы

Неад'емным аксесуарам вандроўкі сёння з'яўляецца плацежная картка.

Грамадства

Ці лёгка быць маладым дырэктарам школы?

Ці лёгка быць маладым дырэктарам школы?

Поспех установы адукацыі — заслуга педкалектыву, а няўдача — памылка яе кіраўніка.