Вы тут

Дакуль гарэць будзем?


Як павысіць эфектыўнасць работы аглядных камісій, стварыць бяспечныя ўмовы для пражывання грамадзян, абмеркавалі ўдзельнікі чарговай сесіі Мінскага абласнога Савета дэпутатаў. Пытанне даволі актуальнае з улікам той пажарнай сітуацыі, якая складваецца на Міншчыне.


Сёлета за адзінаццаць месяцаў у цэнтральным рэгіёне адбылося 1459 пажараў, што на 287 больш, чым за аналагічны перыяд летась, загінулі 126 чалавек — на 15 больш. Асноўныя прычыны, якія спрыяюць росту пажараў і гібелі людзей, агучыў начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Сяргей Лапановіч. Гэта — неасцярожнае абыходжанне з агнём — 475 пажараў (32 %), парушэнне правіл уладкавання або эксплуатацыі пячнога ацяплення і цеплагенерыравальных агрэгатаў — 382 пажары (25 %), парушэнне правіл уладкавання або эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання — 243 пажары (16,4 %). Прычым 90 % пажараў адбылося ў жыллёвым фондзе. У аўтсайдарах па гібелі людзей на пажарах Пухавіцкі і Барысаўскі раёны. Вядома, яны самыя густанаселеныя. Але гэтыя абставіны не могуць быць апраўданнем, паколькі на Барысаўшчыне ахвярамі агню сталі цэлыя сем'і.

У ноч на адзінаццатага студзеня 2018-га ў вёсцы Стайкі Барысаўскага раёна ў выніку ўзгарання жылога дома загінулі пяць чалавек. Сярод вяскоўцаў гэты дом набыў славу прытона. А ці ведалі пра гэта адпаведныя службы?

Сямнаццатага лістапада ў вёсцы Навасёлкі ў агні загінулі 93-гадовая пенсіянерка і яе сын. Мужчына перыядычна злоўжываў спіртным, курыў, у момант пажару быў нецвярозы. Папярэдне двойчы сям'ю наведвалі спецыялісты Барысаўскага райвыканкама, але абмежаваліся толькі рэкамендацыямі аб правядзенні рамонту печы і электраабсталявання.

Дваццаць чацвёртага лістапада ў вёсцы Навасады Барысаўскага раёна загарэўся жылы дом, у выніку — дзве смерці. Муж і жонка — пенсіянеры. Прычына — неасцярожнае абыходжанне з агнём, канстатаваў Сяргей Лапановіч. Гэтыя грамадзяне былі пастаўлены на ўлік адзінока пражываючых, але аглядная камісія іх не наведвала.

Дваццаць пятага кастрычніка ў Барысаўскім раёне загінуў грамадзянін 1971 года нараджэння. Ён злоўжываў алкаголем, у доме часта збіраліся кампаніі такіх жа аматараў спіртнога. Але гэты факт застаўся па-за ўвагай агляднай камісіі.

Карэспандэнт «МС» спрабавала высветліць у раённым аддзеле Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, чаму склалася такая сітуацыя. Але атрымала катэгарычную адмову ад каментарыяў. І вось у гэты ж дзень, чацвёртага снежня пасля абеду, у Барысаве зноў ушчэнт разбураны жылы дом па вуліцы Адамовіча. Па папярэдняй версіі ўзарваўся кацёл. Гаспадар атрымаў апёкі і шпіталізаваны ў бальніцу.

Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Мінскай вобласці Ігар Яўсееў, які прыняў удзел у пасяджэнні сесіі, спытаў у аднаго са старшынь сельвыканкама Барысаўскага раёна, колькі на тэрыторыі сельсавета адзінокіх, адзінока пражываючых; сем'яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы; грамадзян, што злоўжываюць спіртным. Але атрымаў агульныя тлумачэнні: мы выяўляем парушэнні пры эксплуатацыі пячнога ацяплення, электраабсталявання, трымаем на кантролі неўладкаваныя сем'і.

— Выявіць недастаткова, неабходна дабівацца ліквідацыі недахопаў, — рэзюмаваў Ігар Яўсееў.

— Якія захады робяцца, каб нармалізаваць пажарную сітуацыю? — пацікавіўся памочнік Прэзідэнта ў начальніка Барысаўскага райаддзела МНС Уладзіміра Пікузы.

— У першай палове дня падводзім вынікі, на нарадзе ў старшыні райвыканкама ставім задачы аглядным камісіям, ладзім розныя акцыі, — такі быў адказ.

На думку Сяргея Лапановіча, аглядныя камісіі не могуць дасканала абследаваць кожную катэгорыю грамадзян. Але наведаць, убачыць тую ці іншую праблему трэба. Прычым неабходна праінфармаваць аб недахопах органы ўнутраных спраў, аховы здароўя, МНС, камітэта па працы і сацыяльнай абароне. Для таго, каб можна было прыняць меры, папрацаваць індывідуальна з кожнай катэгорыяй грамадзян і не даводзіць да трагедыі. «Мы неаднаразова абазначалі гэтую праблему, — сказаў Сяргей Васілевіч, — але, на жаль, на наша папярэджанне слаба рэагавалі».

Характэрныя недахопы, якія былі выяўлены пры вывучэнні дзейнасці аглядных камісій, агучаны на пасяджэнні. У іх склад не ўключаюцца ўсе зацікаўленыя суб'екты прафілактыкі, склад не абнаўляецца, план работы не распрацоўваецца або штогод рыхтуецца па шаблоне, фармальна, не карэктуецца. Сёння, паводле нарматыўна-прававых актаў, трэба наведваць сем'і як мінімум два разы на год. Але ў тых, дзе бацькі п'юць, вядуць асацыяльны лад жыцця, а дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, магчыма, трэба бываць і кожны тыдзень у залежнасці ад сітуацыі.

На сесіі агучылі і станоўчыя прыклады работы камісій. Старшыня Стаўбцоўскага раённага Савета дэпутатаў Сяргей Шэсталь расказаў, што за кошт усіх суб'ектаў гаспадарання адрамантавалі печы ў сямі домаўладаннях, электраправодку — у шасці. З падтрымкай дзяржавы праведзены рамонт печаў у 26 дамах грамадзян сацыяльнай катэгорыі, у 29 — заменена электраабсталяванне, у 90 устаноўлены пажарныя апавяшчальнікі, у шасці дамах шматдзетных сем'яў яны выведзены на вуліцу. Аднак, як лічыць Сяргей Яўгенавіч, гэтага недастаткова. У выніку абследавання сацыяльных катэгорый грамадзян выяўлена вялікая колькасць дамоў з пячным ацяпленнем, дзе канструкцыі састарэлі і не адпавядаюць цяперашнім патрабаванням супрацьпажарнай бяспекі. Для ўладкавання нават самай простай печы неабходна 1,5 тысячы рублёў. Такіх грошай у большасці няма. У раённых бюджэтах таксама недастаткова сродкаў на гэтыя мэты. Для вырашэння праблемы Сяргей Шэсталь прапанаваў разгледзець пытанне аб выдзяленні льготных крэдытаў для сацыяльна неабароненых грамадзян. Акрамя таго, на яго думку, павысіць выніковасць работы аглядных камісій і суб'ектаў прафілактыкі, аптымізаваць дакументаабарот дазволіла б стварэнне адзінай электроннай базы. У банку даных павінны змяшчацца звесткі аб праведзеных абследаваннях, выяўленых парушэннях, прынятых мерах па ліквідацыі недахопаў.

Прапанову падтрымала старшыня Бараўлянскага сельвыканкама Жанна Варабей. Акрамя таго, па яе словах, большасць членаў аглядных камісій — дзяўчаты і жанчыны. Не заўсёды яны могуць трапіць у тую ці іншую кватэру без прысутнасці прадстаўнікоў органаў унутраных спраў або аддзела па надзвычайных сітуацыях. На апошнім пасяджэнні Бараўлянскага сельвыканкама з прадстаўнікамі МНС знайшлі выхад. А менавіта — прыцягваць курсантаў для сумеснага наведвання і абследавання домаўладанняў. Разам з тым Жанна Варабей спынілася і на іншых праблемных момантах. У прыватнасці, у многіх уласнікаў элементарна не хапае грошай, каб прывесці жыллё ў бяспечны стан. Магчымы выхад з сітуацыі — гэта падключэнне да вырашэння пытання суб'ектаў гаспадарання, дзе працуюць або працавалі гэтыя людзі, магчыма і спонсараў. Сёння цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва забяспечвае бясплатна аўтаматычнымі пажарнымі апавяшчальнікамі шматдзетныя сем'і за кошт бюджэтных сродкаў. На тэрыторыі Бараўлянскага сельсавета пражывае 536 такіх сем'яў. Але большасць з іх мае дастаткова добры ўзровень жыцця і дастатак. І вядома, маглі б набыць апавяшчальнік за ўласныя сродкі. «Магчыма, ёсць рэзон перагледзець пераразмеркаванне сродкаў дзяржаўнай праграмы і накіраваць іх на менш забяспечаныя катэгорыі грамадзян, сем'і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, адзінокім людзям.

Старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая, падводзячы вынікі сесіі, адзначыла: «Мы будзем актыўна займацца праблемай пажараў, мяркую, агульнымі намаганнямі сітуацыю выправім».

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.