Вы тут

Як Браслаў стаў безвугляроднай сталіцай Беларусі


Тры гады таму гэты раён паставіў сабе за мэту стаць кліматычна нейтральным муніцыпалітэтам. Рэцэпт «стравы» — сучасныя тэхналогіі плюс супрацоўніцтва мясцовай улады з грамадскасцю.


У 2014 годзе Браслаўскі раён падпісаў «Пагадненне мэраў па клімаце і энергіі». З гэтага часу тут рэалізуюцца розныя мерапрыемствы і праекты, накіраваныя на павышэнне энергаэфектыўнасці рэгіянальнай эканомікі. Сёлета завяршаецца адзін з іх — праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Браслаўскі раён — першы кліматычна нейтральны муніцыпалітэт у Беларусі». Ён фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Браслаўскім райвыканкамам, установай «Цэнтр экалагічных рашэнняў» (ЦЭР) і КУП ЖКГ «Браслаў-камунальнік». Што атрымалася зрабіць за гэты час, каб наблізіцца да жаданай мэты?

«Зялёнае» цяпло

Рэканструкцыя кацельні ЦМУ (ТМО) КУП ЖКГ «Браслаў-камунальнік» стала адным з асноўных мерапрыемстваў праекта. Гэты аб'ект забяспечвае цяплом і гарачай вадой адзін з мікрараёнаў горада, дзе размешчаны каля 30 аб'ектаў, у тым ліку Браслаўская цэнтральная раённая бальніца, адміністрацыйныя будынкі і жылы фонд.

У межах праекта ў кацельні прайшла рэканструкцыя, было заменена абсталяванне, устаноўлены сучасныя і эфектыўныя катлы магутнасцю 3,1 і 0,5 МВт, якія працуюць на дранцы (адходах вытворчасці).

— На рэканструкцыю аб'екта было выдаткавана каля 2 мільёна рублёў, — расказаў дырэктар КУП ЖКГ «Браслаў-камунальнік» Пётр Бялусь. — Сродкі выдзяляліся з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў, а таксама за кошт міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Новыя катлы ў стане забяспечыць работу як падчас пікавай нагрузкі ў зімовы перыяд, так і летам толькі для падачы гарачага водазабеспячэння.

Замена газавага абсталявання на катлы для спальвання дранкі дапаможа не толькі зэканоміць значныя сродкі, але і зменшыць шкодныя выкіды. Фота Цэнтра экалагічных рашэнняў

Рэканструяваная кацельня дапаможа раёну скараціць выкарыстанне імпартаванага прыроднага газу і палепшыць якасць спальвання мясцовых відаў паліва. Акрамя таго, амаль у два разы (з 35,1 да 19,2 тоны ў год) зменшацца і выкіды забруджвальных рэчываў.

Ліхтары на сонечных батарэях

Дзякуючы рэалізацыі праекта ўдалося скараціць і энергаспажыванне ў Браславе за кошт устаноўкі энергаэфектыўных святлодыёдных лямпаў на дзвюх вуліцах горада. А каля набярэжнай возера Дрывяты, дзе знаходзіцца адно з папулярных месцаў адпачынку, з'явіліся ліхтары на сонечных батарэях. Гэта невялікі папулярызацыйны праект, прысвечаны сучасным тэхналогіям.

Дзякуючы праекту, папулярнае месца адпачынку жыхароў і гасцей Браслава сёння асвятляецца за кошт “зялёнай” энергіі. Фота аўтара

— На кожным ліхтары са святлодыёднымі лямпамі ўсталявана сонечная панэль магутнасцю 240 ват, — расказвае супрацоўнік энергетычнай праграмы ЦЭР Уладзімір Рак. — Днём энергія, што выпрацоўваюць панэлі, перадаецца на акумулятар, ад якога і працуюць лямпы ў цёмны час сутак. І нават снежаньскага сонца хапае, каб асвятляць гэты ўчастак на працягу ўсёй ночы: панэль дастаткова вялікая, а святлодыёдныя лямпы спажываюць мала (каля 30 ват).

Сонечны калектар у дзіцячым садзе

З яго дапамогай установа адукацыі эканоміць электрычнасць на падаграванні вады і вучыць дзетак асновам энергазберажэння.

Па словах каардынатара праекта ад ЦЭР Дзмітрыя Буронкіна, працаваць на гэтым аб'екце давялося шмат, і ў першую чаргу з-за вялікай адказнасці перад юнымі жыхарамі Браслава: аўтары доўга займаліся праектнай дакументацыяй, энергетычнымі аўдытамі, абмяркоўвалі ўстаноўку кожнага клапана, вентыля.

Параўнальныя даныя за сёлетні і леташні кастрычнік паказваюць: сістэма награвання вады з дапамогай сонечных калектараў закрывае палову спажывання электрабойлера. Агульная ж эканомія павінна скласці да 8,9 МВт·г у год.

— Сонечныя калектары дазваляюць істотна эканоміць: летам мы не ўключалі электраводанагравальнікі, — адзначыла загадчык ДУА «Яслі-сад № 1 г. Браслава» Вольга Шымуковіч.

Разам з устаноўкай калектараў праходзілі і шматлікія заняткі з выхаванцамі сада і іх бацькамі. Цяпер дзеці шмат ведаюць пра сонечную і геатэрмальную энергію, а таксама як яны дапамагаюць эканоміць прыродныя рэсурсы.

Акрамя таго, у межах праекта ўсталявалі пасудамыечную машыну, абсталяванне для эканоміі (змешвальнікі, аэратары і г. д.), а ў хуткім часе могуць з'явіцца параканвектаматы і іншыя прылады для кухні.

Турызм і энергазберажэнне ідуць побач

Па словах старшыні Браслаўскага райвыканкама Аляксандра Баданіна, рэалізацыя гэтага і іншых праектаў дазваляе дасягнуць галоўнай мэты: стварыць камфортнае асяроддзе для жыхароў рэгіёна, захаваўшы чыстай мясцовую прыроду. А гэта магчыма праз змяншэнне выкідаў СО2.

Старшыня Браслаўскага райвыканкама Аляксандр Баданін. Фота Цэнтра экалагічных рашэнняў

— Рэалізацыя праекта дазволіла нам гэта зрабіць, і гэта добры прыклад для грамадства, — падкрэсліў Аляксандр Баданін. — Па папярэдніх даных, у шматлікіх мерапрыемствах за апошні час прынялі ўдзел больш за 4000 жыхароў раёна.

У межах праекта была таксама распрацавана Стратэгія дасягнення кліматычнай нейтральнасці Браслаўскага раёна, дзе стаўка робіцца на ўдасканаленне энергетычнага сектара, укараненне аднаўляльных крыніц энергіі, актывізацыю энергазберажэння, развіццё арганічнай сельскай гаспадаркі, турызму (у тым ліку і аграэкатурызму) і стварэнне ў гэтых сферах новых рабочых месцаў.

Вераніка КОЛАСАВА

Загаловак у газеце: Тэхналогіі любяць ініцыятыўных

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чакаем смешных гісторый і ад вас!