Вы тут

Чым жыве Фаніпаль — самы малады горад Беларусі


Фаніпаль — самы малады горад не толькі ў Мінскай вобласці, але і ў краіне. А цяпер стаў і горадам — спадарожнікам сталіцы. Гэтыя абставіны абумовілі яшчэ большы рост і развіццё населенага пункта. Сёння ў Фаніпалі зарэгістравана 16 318 жыхароў. Гэта не канчатковая лічба. Больш дакладную пакажа перапіс насельніцтва, які пройдзе ў наступным годзе. Колькасць жыхароў пастаянна павялічваецца за кошт натуральнага прыросту і міграцыі. Горад знаходзіцца паблізу сталіцы, з якой яго злучае міжнародная аўтатраса М1, чыгунка, кожныя дзесяць хвілін ходзяць маршруткі. Добрыя транспартныя зносіны, забяспечанасць неабходнымі камунікацыямі стварылі ўмовы для размяшчэння сучасных вытворчасцяў. У свабоднай эканамічнай зоне працуе больш за 45 прадпрыемстваў. Што зроблена апошнім часам для камфортнага пражывання гараджан, што яшчэ трэба зрабіць, мы спыталі ў старшыні Фаніпальскага гарвыканкама Уладзіміра Караневіча.


— Уладзімір Уладзіміравіч, наколькі разумею, у Фаніпалі няма праблемы з работай. Пашыраюцца дзеючыя вытворчасці, адкрываюцца новыя. А значыць, ствараюцца рабочыя месцы. Ці не так?

— Як і ўсюды, хтосьці едзе на работу ў Мінск, нехта, наадварот, выбірае Фаніпаль. У нас працуюць людзі з іншых раёнаў, асабліва з блізкіх — Уздзенскага, Стаўбцоўскага. Усё залежыць ад таго, наколькі чалавека задавальняе заработная плата. А рабочых месцаў у горадзе сапраўды хапае: з'яўляюцца новыя прадпрыемствы. Так што кадры заўсёды патрэбныя. Аднак у кожнага ёсць права выбару.

— Паколькі ў вас шмат прамысловых прадпрыемстваў, то і інвестыцыі ўкладваюцца ў развіццё гарадской інфраструктуры?

— Інвестыцыі, вядома, прыцягваюцца, інвестары пачынаюць праяўляць цікавасць да праектаў. Але хочацца большай аддачы, і на гэта ёсць прычыны. Гаспадар, як кажуць, лічыць кожны рубель, які ўкладвае ў справу, і чакае, каб ён прынёс прыбытак. У нас, напрыклад, на вуліцы Брэсцкай пабудаваны жылы дом. Але там планавалася цэлая шматпавярховая забудова. Кошт інвестыцыйнага праекта — 16,5 мільёна долараў. Аднак акрамя жылля інвестар павінен пабудаваць басейн. Пакуль ніхто не адгукнуўся. Калі б не трэба было плаціць за зямлю, а за гэтыя сродкі ўладкаваць басейн і дзіцячую паліклініку, магчыма, інвестар знайшоўся б хутчэй.

Сёлета будаваць шматпавярховыя дамы пачынаюць таксама ЗАТ «ДГ-Цэнтр», таварыствы з абмежаванай адказнасцю «Квадрат Груп» і «Эледзі Компані». Апошняя кампанія ўзводзіць дамы, дзе першыя паверхі адводзіць пад сацыяльныя, бытавыя, гандлёвыя аб'екты, офісы. Такі падыход спрашчае праблему развіцця інфраструктуры: няма неабходнасці будаваць асобныя будынкі, скажам пад аптэкі, магазіны, цырульні, крамы. Гэта на сённяшні дзень зручна для людзей — на першы час побач ёсць усё неабходнае.

— Горад актыўна будуецца за кошт ушчыльнення або прыцягнення новых тэрыторый?

— Свабодных участкаў у горадзе няма. Таму вымушаны выходзіць за яго межы. Два зямельныя ўчасткі агракамбіната «Дзяржынскі» будуць выведзены з сельгасабароту для будаўніцтва жылля, сацыяльных аб'ектаў і інфраструктуры.

На сённяшні дзень у Фаніпалі ў чарзе для паляпшэння жыллёвых умоў стаіць 1380 чалавек, у тым ліку 96 шматдзетных сем'яў. Вялікі попыт на ўчасткі пад індывідуальнае будаўніцтва. На ўліку — 528 чалавек, сярод іх 17 шматдзетныя. Сёлета распачалі будаўніцтва дома на 60 кватэр для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. На гэтай пляцоўцы ўжо пракладваюцца інжынерныя сеткі, узведзены фундамент. Што датычыцца індывідуальных участкаў, то тут справа складанейшая. Апошні раз іх пад будаўніцтва выдзялялі ў 2010 годзе. Мы выкарыстоўваем участкі тых людзей, якія своечасова на працягу трох гадоў не ўзвялі каробку і, ацаніўшы свае фінансавыя магчымасці, добраахвотна адмовіліся ад зямлі. Ужо аформлены тры ўчасткі, якія будуць выстаўлены на аўкцыён.

— Што асабіста вас, як мэра, не задавальняе ў развіцці горада?

— На жаль, не так, як хацелася б, развіваецца інфраструктура. У нас не хапае ўстаноў адукацыі. Дзіцячы сад і школа запраектаваны на вуліцы Зялёнай. Новы сучасны садок здалі сёлета да першага верасня, але нават з улікам яго, дзіцячыя дашкольныя ўстановы перапоўнены. Сярэдняя школа і гімназія працуюць у дзве змены. На стадыі праектавання жылой забудовы не прадугледжваецца інфраструктура. Спачатку — дом, затым сады, школы, крамы. Такі падыход трэба змяняць. Напрыклад, калі сёння будуем шэсць жылых дамоў, дзе будзе жыць шмат маладых сем'яў, то ўжо цяпер зразумела, што праз два гады паўстане пытанне з дзіцячым садам.

Горад мае патрэбу ў грамадскім транспарце. Дзяцей, што жывуць у мікрараёнах Паўднёвы-1 і Паўднёвы-2, падвозяць да месца вучобы школьнымі аўтобусамі, якія ходзяць усяго некалькі разоў на дзень. Але ж, акрамя таго, і жыхары пасёлка павінны мець магчымасць выехаць у горад. Думаю, у найбліжэйшай перспектыве гэтае пытанне вырашым.

Разам з тым ёсць больш значныя праблемы. На станцыі Фаніпаль закрыты пешаходны мост цераз чыгуначныя пуці. Аб'ект знаходзіўся ў аварыйным стане, што пагражала бяспецы людзей. Цяпер арганізацыі і прадпрыемствы дастаўляюць сваіх работнікаў да месца працы сваім аўтатранспартам, што патрабуе дадатковых расходаў. А пасажыры і жыхары пераходзяць пуці цераз чыгуначны пераезд, што, зрэшты, таксама небяспечна. Беларуская чыгунка плануе будаўніцтва новай станцыі, а таксама падземнага перахода ў 2019—2020 гадах.

— Чаго яшчэ не хапае гораду?

— Парку для правядзення розных масавых мерапрыемстваў. Для яго ўладкавання ёсць цудоўнае месца — яблыневы сад каля храма Узнясення Гасподняга. Тут неабходна пасадзіць маладыя дрэўцы, зрабіць дарожкі, устанавіць лаўкі. У Фаніпалі жыве шмат маладых сем'яў з дзецьмі. І бацькі скардзяцца, што тут не хапае зон для адпачынку, няма стадыёна, басейна.

Мы імкнёмся да таго, каб нашым людзям жылося камфортна. Але на тыя грошы, што атрымліваем ад продажу зямельных участкаў, шмат не зробіш. У асноўным гэтыя сродкі ідуць на добраўпарадкаванне. Хутка ўезд у горад упрыгожаць дзве каваныя стэлы-паказальнікі. Гэтыя арт-аб'екты зробіць мясцовы ўмелец. На іх будзе значыцца год заснавання горада, герб. Дарэчы, герб Фаніпаля ўяўляе сабой шчыт, у сярэбраным полі якога размешчана перавернутае зялёнае вастрыё з выявай залатога яблыка. Упэўнены, што гэты твор стане сімвалам горада. Заказалі таксама 49 паказальнікаў, якія змесцім з двух бакоў вуліц, каб прыгожа глядзелася ды і людзі змаглі без праблем знайсці неабходны адрас.

Вельмі актуальная тэма — добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, рамонт пад'ездаў, капітальны рамонт і ўцяпленне жылых дамоў. Зразумела, у новых дамах прадугледжана ўсё неабходнае: дзіцячая гульнявая пляцоўка, паркоўка. Двары старых дамоў не разлічаны на вялікую колькасць аўтатранспарту. У наступным годзе запланавалі зрабіць аўтастаянку на вуліцы Якуба Коласа, 11. Гэта дапаможа разгрузіць горад. Яшчэ адно пытанне, якое хвалюе жыхароў некалькіх вуліц, — адсутнасць збудаванняў па адводзе ліўневых вод. Ужо падрыхтаваны праект, які прадугледжвае ўладкаванне скрыжавання з двухбаковым рухам, сістэмай відэаназірання і ліўнёўкай. Яшчэ адзін праект кальцавой развязкі будзе рэалізаваны на вуліцы Заводскай.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Спадарожнік выходзіць на арбіту

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.