Вы тут

Творчасць без перашкод


На II Міжнародных Парадэльфійскіх гульнях па колькасці атрыманых узнагарод Беларусь заняла 2-е месца, саступіўшы Кітаю. Гран-пры атрымаў беларускі народны мужчынскі вакальны гурт «Хорус», які 13 гадоў дзейнічае на прадпрыемстве «Элект» Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. Квартэт выконваў два нумары: «Белая Русь ты мая» «Песняроў» і папуры, складзенае з песень савецкіх кампазітараў. Акрамя шматлікіх перамог у намінацыях, беларусы адзначыліся як «Самая пазітыўная і дружная каманда».


Удзел нашай дэлегацыі падтрымала Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Сёлетнія II Міжнародныя Парадэльфійскія гульні праходзілі ў Іжэўску (Удмурція). Гэта маштабны інклюзіўны творчы конкурс для людзей з інваліднасцю. На працягу тыдня больш як 1,5 тысячы ўдзельнікаў з 22 краін выступалі ў 29 намінацыях і прадстаўлялі 8 відаў мастацтва: музычнае, выяўленчае, аўдыявізуальнае, тэатральнае, харэаграфічнае, цыркавое, літаратуру і жэставую песню.

— Яшчэ ў 2016 годзе наша краіна ратыфікавала Канвенцыю ААН аб правах людзей з інваліднасцю. Міністэрства культуры, як і некаторыя іншыя дзяржаўныя органы, з’яўляецца сувыканаўцам Нацыянальнага плана дзеянняў па рэалізацыі гэтай канвенцыі, — расказала Наталля Задзяркоўская, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы — начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Галоўнае для дзяржавы ў гэтым кірунку — арганізацыя такога тыпу пляцовак, дзе творцы маглі б працаваць без перашкод. Сярод важкіх новаўвядзенняў у нашай краіне — з’яўленне тактыльных скульптур і карцін, аўдыягідаў для інвалідаў па зроку і відэагідаў для людзей з праблемамі слыху ў Нацыянальным мастацкім музеі. Арганізаваны ўнікальны для Беларусі конкурс «Маленькая міс і маленькі містар Deaf» сярод дзяцей з парушэннем слыху да 12 гадоў на базе філіяла «Цэнтр інклюзіўнай культуры» ДУ «Гарадскі цэнтр культуры г. Гомеля». Дзейнічае таксама Народны тэатр мімікі і жэста «Інклюзіён», са спектаклем якога плануюцца гастролі па Беларусі. Створаны праект «Адукацыя без перашкод» у межах больш буйнога праекта «Вучыцца, каб дзейнічаць», які дазволіў людзям з абмежаванымі магчымасцямі атрымаць новую прафесію. Сярод такіх значных праектаў — «Свет без меж» мастацкага клуба-студыі «Палітра радасці», які ўдзельнічаў у выстаўцы ў Маскве.

— Інваліды сутыкаюцца са шматлікімі праблемамі ў грамадстве, — адзначыла Людміла Калмыкава, старшыня праўлення Мінскай гарадской арганізацыі «Беларускае таварыства інвалідаў». — Для іх вырашэння неабходна змяняць у свядомасці стаўленне да інвалідаў. І лягчэй за ўсё гэтага дасягнуць, менавіта дэманструючы дасягненні ў галіне культуры.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».