Вы тут

Аматарскія тэатры: філасофія жыцця


Абласны фестываль у Беразіно «Бярэзінская рампа» адзінаццаты раз сустракаў народныя аматарскія тэатры Міншчыны. Сем творчых калектываў прадставілі свае спектаклі на суд журы і мясцовага гледача і пазмагаліся за Гран-пры. Жыхары горада нават на ранішнія спектаклі прыходзілі з вялікай ахвотай, але на прадстаўленне гаспадароў сцэны, якія адкрывалі фестываль, квіткоў не было ўжо за тыдзень…


Дзмітрый Шуманін атрымлівае Гран-пры.

Рэжысёр Мікалай Пытляк на фестывалі прадставіў камедыю Карла Гальдоні «Карчмарка». Па яго словах, п’есу ён стараўся максімальна адаптаваць пад магчымасці калектыву і пад наяўныя дэкарацыі. Акцёры, звычайныя бярэзінцы, трымаліся на высокім узроўні. Мікалай Пытляк, які арганізаваў фестываль, адзначыў, што тэатральныя калектывы ўжо ведаюць і рыхтуюцца да яго: «Бярэзінская рампа» праводзіцца з 1997 года. Узровень творчых работ адсочвала загадзя камісія з абласнога Цэнтра народнай творчасці.

Напрыклад, тэатр Палаца культуры «БелАЗхолдынг» выступіў з пастаноўкай паводле драмы Аляксандра Галіча «Матроская цішыня». Рэжысёр Наталля Радзівонава падабрала добры творчы склад артыстаў. Жодзінцы ўжо пяты раз прыязджаюць на «Бярэзінскую рампу» і трымаюцца ў ліку фаварытаў: акцёраў ведаюць, на спектаклі прыходзяць. Гэта лёгка зразумець, калі ўлічыць, што тэатр пры прадпрыемстве БезАЗ ставіць у сярэднім каля 5 пастановак у год. Заслужаны аматарскі калектыў рэспублікі нясвіжскі тэатр імя Уршулі Радзівіл выступіў з драмай Аляксея Дударава «Чорная панна Нясвіжа», якая ў інтэрпрэтацыі рэжысёра Яўгена Валабоева атрымала назву «Бог ёсць любоў». Менавіта гэтая фраза падштурхнула Яўгена Валабоева змяніць звыклы сюжэт: тут усё канчаецца добра.

Трупа з Вілейкі прадставіла спектакль па Міхаіле Булгакаве «Зойкіна кватэра» рэжысёра Вадзіма Шырочына — пра імкненне людзей да карысталюбства. Праблема выбару гучыць у пастаноўцы Ігара Куніцкага «Клаўдзій», якую паказаў заслужаны аматарскі калектыў Беларусі драматычны тэатр «Відарыс»: далучыцца да свету інтрыг або захаваць узнёслыя пачуцці. Слуцкі народны тэатр «Папараць кветка» прадставіў сюррэалістычную камедыю «Міма дажджоў», якую напісаў і паставіў рэжысёр Дзмітрый Шуманін. Ён жа выканаў у пастаноўцы адну з галоўных роляў. У камедыі чалавечыя адносіны былі перанесены на ўзаемадзеянне прыродных стыхій: грыбны дожджык закаханы ў сонца, якое ўпадабала свежы вецер, дождж навальнічны хацеў бясконца пралівацца з нябёсаў, а восень памяняла сваё аблічча са змрочнага на бліскучае…

Звярнуцца ўнутр сябе прапанавала рэжысёр Ала Канановіч, уключыўшы вершы Амара Хаяма ў пастаноўку «Спатканне па серадах, або Сцэны з сямейнага жыцця» (паводле В. Краснагорава) Маладзечанскага народнага тэатра «Адлюстраванне».

Па-за конкурсам — народны маладзёжны тэатр «Штурх» Палаца культуры «БелАЗ-холдынг» прадставіў камедыю Рэя Куні «Чыста сямейная справа», увасобленую рэжысёрам Святланай Мытнік.

Па волі журы Гран-пры 11-га фестывалю народных тэатраў «Бярэзінская рампа» аддадзена пастаноўцы «Міма дажджоў» слуцкага рэжысёра Дзмітрыя Шуманіна. Лепшую мужчынскую ролю сыграў Валерый Чычулін з Вілейкі, ён жа Аметыстаў у спектаклі «Зойкіна кватэра», а лепшую жаночую — Марына Сасункевіч з Нясвіжа, або Барбара Радзівіл.

— Калектывы ацэньваліся па крытэрыях таленту і стаўлення да працы над творам, — патлумачыў старшыня журы Уладзімір Мішчанчук. — Пераможца конкурсу Дзмітрый Шуманін, на маю думку, — вялікі талент, які яшчэ праявіць сябе, і не толькі ў Слуцку, але і ў маштабах рэспублікі. У фестываль жа ён унёс свежы подых, што трэба заахвочваць.

Павел САЛАЎЁЎ

Фота Алены ГРОМАВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».