Вы тут

Васіль Шырко: Годнасць павінна быць!


Сённяшні мой суразмоўца — лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Проза». Аўтар вострасюжэтных аповесцяў, якія спалучаюць глыбокі псіхалагізм і дзеянне, што трымае ў напрузе з першай да апошняй старонкі; унікальных літаратуразнаўчых нарысаў пра пісьменнікаў Паўлюка Труса, Алеся Махнача, Антона Бялевіча, Тодара Кляшторнага, Ілью Гурскага, Цішку Гартнага, Алеся Якімовіча, Пятра Глебку. Ураджэнец вескі Чурылава, што на Уздзеншчыне, якая ўзгадавала шмат самабытных талентаў. Пад вокладкай выдання «Нязваны госць» (Мастацкая літаратура, 2017) пабачылі свет творы розных гадоў, разнастайнай тэматыкі: ад ваеннай да сучаснай. У асобе Васіля Шырко спалучыўся выдатны журналіст і цікавы, адметны пісьменнік. А пачынаў ён, вясковы хлапчук, як і многія творцы, з паэзіі.


— Ці помніце, Васіль Аляксандравіч, пра што быў ваш першы верш?

— Яшчэ б не помніць! Ён мне 4 гады жыцця сапсаваў! У нашым калгасе быў сад. Аднойчы ўвосень аграномша купіла для яго дрэвы, але замест таго, каб правільна ўладкаваць да моманту пасадкі, проста кінула ў хлеў. Карэнне зямлёй не прысыпала — яны і замёрзлі за зіму. Ну я і напісаў: «Што за бедны-бедны сад: / стаяць дрэвы рад у рад / і дайшло аж да таго, / што лісточка ні аднаго… / У дрэнным ён наглядзе, / вусені бегаюць па садзе... / Аграном была няўдалай… / І пакуль прайшла зіма, / сад змарозіла яна. / Можа, новы старшыня / скажа нам, у чым віна…»

Верш палажыў у кіпу на стол. А да бацькі прыйшоў сусед. Убачыў верш… А тады, трэба заўважыць, вяскоўцы часта выступалі з самадзейнасцю. І вось ён выходзіць на сцэну і гаворыць: «Верш вучня 4 класа Васіля Шырко…» Поўны клуб народу. У першым радзе — аграномша і яе муж, настаўнік нямецкай мовы… Яны бялелі і чарнелі, пакуль ён чытаў той верш… Настаўнік помсціў мне чатыры гады… Я авалодаў нямецкай мовай лепш за яго… Пазней неяк сустрэліся ў лазні, ён і кажа мне: «Даруй!» Я адказаў: «Бог даруе! Каб вы мяне так не ганялі, я і не вывучыў бы добра». Дарэчы, я напісаў пра гэта апавяданне.

— Вашы паэтычныя публікацыі станоўча адзначалі крытыкі, па першых надрукаваных творах было ясна: у літаратуру прыйшоў талент. Чаму вы ў хуткім часе кінулі пісаць вершы?

— Падчас вучобы на філфаку наведваў літаб’яднанне Алега Лойкі. Нас было каля 30 паэтаў і толькі 1 празаік. Я зразумеў: столькі паэтаў нікому не патрэбна. Трапіўшы ў Маскву, канчаткова ўсвядоміў: трэба забыць пра паэзію. Брацца за прозу і публіцыстыку. Гэта перакананне падмацавалася някепскімі ганарарамі...

— Як апынуліся ў Маскве?

— Гісторыя не зусім прыемная. Вырваўшыся з вёскі на волю з-пад пільнага вока бацькі (а ў школе былі таксама строгія настаўнікі — рот не давалі раскрыць), адчуў волю (быў баявы)... Ну, і пабіліся неяк у інтэрнаце. І хоць у той бойцы я не быў вінаваты, мяне адхілілі ад абароны дыплома і дзяржіспыту. І замест таго, каб пайсці потым у армію афіцэрам (а я скончыў ваенную кафедру, зборы прайшоў), трапіў у будаўнічы атрад шарагоўцам. Размеркавалі ў Маскву. Некалькі месяцаў сядзеў у яме, у Хімках, — траншэі капалі. А тады на будоўлю прыходзіла газета Міністэрства абароны. Я прачытаў яе ў вольную хвілінку і зразумеў, што і сам магу напісаць лепш (была добрая студэнцкая практыка: друкаваўся і ў «Чырвонай змене», і ў «Мінскай праўдзе», і ў часопісах). І мяне ўзялі ў выданне на працу! Прыехала чорная «Волга», і забралі вось з той ямы! Я пісаў што хацеў і як хацеў. Першы мой ганарар там быў 100 рублёў — вялікія на той час грошы.

— Далей кар’ера спрыяла творчаму росту?

— Прыехаў з Масквы: куды падацца?.. Зайшоў да Іосіфа Сярэдзіча ў «Сельскую газету» — бяруць! Рабіў там геніяльны нарысіст Анатоль Казловіч, які раней працаваў у «Литературной газете», — штосьці ён даў і мне ў плане вучобы. Потым прыйшла Света Алексіевіч. Гаворыць: «Пакажы, Вася, што ты за 4 месяцы напісаў». Паглядзела, гаворыць: «Слаба, Вася!» Яна ж свой першы матэрыял зрабіла пра дырэктара шкіпінаравага завода. Прачытаў, бачу: выдатна! Трэба цягнуцца, каб быць на ўзроўні! Вось што дала «Сельская газета»…

Прайшлі гады. Іду па вуліцы, сустракаю Валянціна Мысліўца. Гаворыць: «У нас на “літдраме” на тэлебачанні ёсць свабоднае месца. Пойдзеш?». Я падумаў, што ўжо навучыўся ўсяму, чаму мог, аб’ехаў усю рэспубліку, у некаторых раёнах пабываў па 5—6 разоў. Пачало надакучваць… Адно і тое ж: пасеялі — сабралі…

На тэлебачанні рабілі перадачу «Ліра». У студыю з усёй рэспублікі прывозілі настаўнікаў, якія праходзілі ўдасканаленне, запрашалі пісьменнікаў. Людзі пісалі і перадавалі пытанні. Потым раз’язджаліся па ўсёй рэспубліцы і везлі ў душы гэты магутны запал… Шкада, цяпер такіх не робяць… У той час і пачаў пісаць. «Зелле ад скрухі» — першая аповесць (увайшло ў намінаваную на нацпрэмію кнігу прозы пад назвай «Святаяннік»). Надрукавалі ў «Маладосці». Потым і казкі пачаў пісаць. А наша вёска Чурылава — вёска казак. Мае тата і дзядзька былі слыннымі казачнікамі. Дарэчы, тата, акрамя таго, ведаў каля 20 паэм і 200 вершаў на памяць — звесткі пра яго занеслі ў Кнігу рэкордаў Гінеса.

— У вашых творах адметнае спалучэнне: і пісьменніцкі бляск слова, і журналісцкая экспрэсіўнасць. Як дасягнулі такога ўзроўню?

— Больш за ўсё не люблю непрафесіяналаў. Зразумеў, сутыкаючыся ў друку з графаманамі: словам трэба валодаць бездакорна. Таму ў мяне на працоўным стале заўжды слоўнікі сінонімаў, афарызмаў, песні, прыказкіпрымаўкі… Мне пашанцавала нарадзіцца на Міншчыне — менавіта цэнтральная гаворка ўзятая за аснову літаратурнай мовы. А мова старажылаў лілася, як песня, — і я ў гэтым жыў… Акрамя таго, не прапускаю новыя словы, якія ўваходзяць ва ўжытак.

— Чытаючы «Нязванага госця» і іншыя аповесці, верыш кожнаму слову: усё — з жыцця, нішто не надумана, тыпажы рэальныя... Хаця цвярозы сэнс падказвае: немагчыма без мастацкай выдумкі. Цікава: насамрэч якія ў вашых творах суадносіны праўды і вымыслу?

— Калі працаваў у «Военной газете» ў Маскве, усё прыдумваў, пра што пісаў (хаця ўсе лічылі, што пісаў праўду). Айчынныя ж выданні і тэлебачанне, сустрэчы з артыстамі і пісьменнікамі далі ўнікальны досвед на багатым жыццёвым матэрыяле. Пачаў пісаць дакументальна-мастацкія нарысы пра людзей працы. Марк Твен казаў: «Пісьменнік можа мець любую прафесію, акрамя журналісцкай». Я з ім не згодзен. Бо менавіта такое спалучэнне, лічу, і зрабіла мяне пісьменнікам. Што да рэалістычнасці — быў кур’ёзны выпадак. У савецкі час на вокладку кнігі змясцілі малюнак, дзе ўсё было падобна на сапраўднасць: піянеры, абутыя ў лапці. Звоняць з ЦК: «Як так, у лапцях?!» Тады намалявалі ў чаравіках. З ЦК яшчэ больш «увалілі»: палічылі, што піянеры падобныя на бойскаўтаў…

У кнізе, сапраўды, прыдуманага мала. Адсоткаў 80 з таго ў савецкі час надрукаваць было немагчыма. Сюжэт аповесці «Бойся данайцаў» расказала ў бальніцы прыбіральшчыца — рэальны выпадак з жыцця яе вёскі ў ваенны час. «Насіў» яго 20 гадоў… Мімаходзь даведаўся, што падчас вайны па набярэжнай Свіслачы хадзілі дзяўчаты ў нацыянальных кашулях, прадстаўніцы самай старажытнай прафесіі, — зараблялі, як маглі. Калі хто з іх захворваў на адпаведныя хваробы — іх расстрэльвалі ці адпраўлялі ў канцлагер. У аповесці спалучыў гэтыя дзве крыніцы. Надрукаваць і цяпер было складана. У нас склаўся стэрэатып: мы, маўляў, такія праведныя… Хачу падзякаваць рэдактарам «Мастацкай літаратуры».

«Лепру» напісаў даўно… Прыношу ў рэдакцыю, а мне гавораць: змяні, перапішы тры старонкі… Бо ў аснове сюжэта — карупцыйная схема. Я абурыўся: гэта ж мастацкі твор! У галоўнага героя быў прататып. Прафесар, доктар навук, які сапраўды быў у Гвінеі падчас ваеннага перавароту, выратаваў вязня і стаў там галоўурачом, распавёў уласную гісторыю… Падчас працы над творам давялося вывучаць пра хваробу праказу ўсё, што было даследавана. Шмат цікавага высветліў: так, можна з хворым у адным ложку спаць і не захварэць, а можна заразіцца, паразмаўляўшы адзін раз. І гэта непрадказальна. Падтэкст аповесці такі: ці не хворыя мы ўсе трошачкі…

«Нязваны госць» — таксама праўда, гісторыю расказалі. «Танга на мыліцах» — гісторыя, яна адбылася на вачах, у маім двары, з суседзямі. Нават карэспандэнт, пра якога там гаворыцца, сапраўдны. Адзінае, што прыдумаў, — гэта аптымістычная канцоўка. Непрыдуманая гісторыя пра бацьку Махно (у кнізе пад назвай «Незвычайны дыямант»). А вось «Імшару» выдумаў. Гэта, хутчэй, аповесць для падлеткаў.

— Што чакаць ад вас далей? Думаю, даведацца пра гэта хацелі б многія чытачы.

— Ёсць задума напісаць твор пад назвай «Плытагоны». Думаю пра яго і дзень, і ноч, нават сніцца… У аснове расповеду — пасляваенны час, калі трэба было адбудоўвацца. Камейша пісаў: «Мы палявалі, пілавалі, душой чысцелі ад расы. Лясы нас вечна ратавалі, не ратавалі мы лясы…» Секлі сосны і сплаўлялі ўніз па рацэ Уздзянцы, далей — Вуса, Нёман і ў Балтыйскае мора. Людзі, якія суправаджалі лес, мусілі вяртацца дахаты сваім ходам. Яны беглі тысячу кіламетраў — паспець бы пасадзіць бульбу. Знясіленыя, засыналі там, дзе іх заспела ноч: хто ў стозе сена, хто і да літоўкі мог прыбіцца. Каб было больш драматычна, увяду ў дзеянне дзвюх-трох жанчын… Прыгоды ў іх — чэрці, ведзьмы, ваўкалакі, вадзянікі… Гэта будзе звінець, дыхаць. І бацька, і дзядзька мае былі плытагонамі — таму дэталі ведаю. Так, напрыклад, каб сосны не патанулі, іх звязвалі шварамі — гэта гнуткае вецце бяроз. Акрамя таго, хачу напісаць яшчэ і пра ваенны час, пра паводзіны чалавека на вайне...

— А што самі любіце чытаць? Ці, наадварот, чаго не любіце?

— Сёння выкінуў адну кніжку, там толькі і паўтараецца ў розных варыяцыях: «ай-ай-ай-мова, ой-ой-ой-мова…» Нельга, каб усё было спрэс сур’ёзна. Лепш бы пра недахопы мовы напісалі! Казах Абай пісаў: «Я ненавіджу цябе, мой казахскі народ! Ты смяяўся з рускіх, а яны ўсе імкнуцца да навукі. Кожны ўзбек больш пісьменны, чым ты. Хто прачытае мяне, калі ты наскрозь непісьменны…» Нашто спяваць асанну мове? Яна ад гэтага не выйграе! Калі была вялікая дэпрэсія ў Амерыцы і здавалася, што яна разваліцца ад крызісу, там стваралі кіно пераможцаў… Мусіць быць аптымізм, жывінка, годнасць павінна быць!

Да таго ж вельмі люблю гумар. Без яго цяжка жыць. Раз і сам трапіў у смешную сітуацыю. Паслалі мяне на завод, на іх рабочае літаб’яднанне рэпартаж рабіць. Іду такі самаўпэўнены, нахабны — на той час ужо ў «Маладосці» друкаваўся — амаль класік! Думаю: што там рабочы можа напісаць?.. Прыйшоў, паглядзеў газету. Бачу: Казімір Гляйхенгаус з харошымі вершамі. Імя незнаёмае. Працуе ліцейшчыкам у цэху. Прыехаў да яго… Выходзіць, такі шыракаплечы, кажа: «Паглядзіце лепш мае песні…» Я думаю: усё, гамон! — якія ты можаш песні напісаць? А ён: «“Мы рабочие парни”, напрыклад. А можна “Где-то в посёлке”». А гэта ж была мая любімая песня, вельмі папулярная тады. Гэты чалавек, рабочы паэт, і быў аўтарам той песні…

Шмат смешнага ў жыцці. Маўр меў адметнае пачуццё гумару. Прыходзіў да яго пісьменнік Міронаў. Той сядзіць, узяў нейкія літары, міску. Зрабіў падабенства рулеткі. Кажа: «Задавай пытанне». Пытанне было: «Што пра мяне думае Талстой?» Тут выпадае літара «с», потым — «о»… Атрымалася «сопляк». А Паўлюк Трус, паступіўшы, павінен быў вывучаць ва ўніверсітэце самога сябе: «Падаюць сняжынкі, дыяменты-росы…»

Гутарыла Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?