Вы тут

«Беларуская сельскагаспадарчая тэхніка – тое, што трэба!»


У нашу краіну прыехалі супрацоўнікі СМІ не толькі з розных рэгіёнаў Расіі, але і з абсалютна розным прафесійным вопытам. Ёсць сапраўдныя “аксакалы” журналістыкі, якія з 14  прэс-тураў па Беларусі былі амаль на ўсіх. Некаторыя з гасцей толькі пачынаюць свой шлях у прафесіі і прыехалі ў рэспубліку ўпершыню.

Карэспандэнт “Звязды” пацікавілася ўражаннямі гасцей ад сустрэчы з Прэзідэнтам і папрасіла падвесці ўласныя вынікі прэс-тура.


Андрэй Антонаў, аглядальнік газеты “Новый Петербург”:

- Я браў удзел ва ўсіх 14 беларускіх прэс-турах. Першы праводзіўся з 31 ліпеня па 1 жніўня 2003 года. Тыя два дні вельмі ўразілі мяне. Па-першае, мы прыехалі на Мінскі вакзал, а ў той час ён толькі быў пабудаваны. Потым нам паказалі завод Белаз, вытворчасць буйнатанажнай тэхнікі — раней я ніколі не быў на такіх прадпрыемствах. Памятаю дырэктар Павел Марыеў расказваў, што 30 % сусветнага рынку належыць Белазу. Гэта была выдатная лічба. У той жа час гаварылі, што расійскія прадпрыемствы пастаўляюць камплектуючыя. Потым наведвалі Інтэграл. Прыемна было бачыць, што Беларусь захавала і развівае такую вытворчасць. Пабывалі на сельскагаспадарчым прадпрыемстве ў Ждановічах — выдатна, што ўсё там робіцца з толкам, цвярозым розумам. Тады я даведаўся, што ёсць такая частка савецкай прасторы (не буду казаць постсавецкай), дзе ў эканоміцы, сельскай гаспадарцы кіраўнікі і працоўныя прытрымліваюцца цвярозага розуму і захоўваюць прамысловы, сельскагаспадарчы патэнцыял. Была і прэс-канферэнцыя з Аляксандрам Лукашэнкам. Тады я змог задаць пытанне пра стварэнне культурнага цэнтру ўзаемадзеяння ў Санкт-Пецярбургу. Прэзідэнт ідэю падтрымаў, і былі крокі для гэтага зроблены. Пасля гэтага прэс-туру я некалькі месяцаў хадзіў пад уражаннем. Да таго ж пытанні задавалі без узгаднення з прэс-службай, тады ёю кіраваў Павел Лёгкі (у гэты час намеснік міністра інфармацыі — аўт.)

Тады па журналісцкай практыцы я падышоў да яго з паперкай, на якой напісаў пытанне. Ён адказаў, канешне, задавайце, у нас без узгадненняў усё. Разумею, што  пытанні, якія задаваліся на прэс-канферэнцыях, не былі ўзгодненыя. Калегі цікавіліся пра тое, што іх хвалюе. Спадабалася такая “жывая” размова з Аляксандрам Рыгоравічам аб эканамічным, культурным жыцці, узаемадзеянні з Расійскай Федэрацыяй. Ён прыводзіў тыя факты, якія мы не чулі ад нашага кіраўніцтва, апісваў прынцыпы прыватызацыі прадпрыемстваў з умовай захавання сацыяльнай базы, працоўных месцаў. Я пацікавіўся пытаннямі будучыні Саюзнай дзяржавы. Апошнія гады тармазіцца яе развіццё. Планавалася прыняць канстытуцыю, але гэтага не было зроблена. Неабходна рухацца далей, аб’ядноўвацца. Тым больш з улікам сусветнай абстаноўкі. Я разлічваў на шчыры дыялог. Мне заўсёды імпанавала манера размовы Прэзідэнта з журналістамі — гэта жывая размова, з цікавымі прыкладамі, а не штампаваныя выразы.

У гэтым прэс-туры вельмі спадабаўся Мінскі завод колавых цягачоў. Я даведаўся, што ён асноўны пастаўшчык тэхнікі для нашага Міністэрства абароны. “Амкадор” было цікава паглядзець. З інфармацыяй аб гэтым прадпрыемстве сутыкаўся і раней, бо яго тэхніка пастаўлялася ў Піцер, Ленінградскую вобласць. Беларусь змяняецца ў пазітыўны бок. Мне падабаецца той вектар, які быў абраны ў канцы 90-х гадоў на развіццё краіны, умацаванне эканомікі, сельскай гаспадаркі, і ён вытрымліваецца да гэтага часу.


Віктар Рашацень, намеснік галоўнага рэдактара газеты “Красноярский рабочий”

- На такім мерапрыемстве я ў трэці раз, а ў Мінску ўвогуле чацвёрты. У мінулым годзе невялікая група з 30 чалавек удзельнічала ў туры па сувязям Мінскай вобласці з рэгіёнамі Расіі. Я асабліва хачу адзначыць, што вы працавіты народ. У Расіі за 25 год знішчана 87 тысяч прамысловых прадпрыемстваў, вы захавалі прыкладна 90% — гэта нам вельмі імпануе. А прадпрыемствы — гэта працоўнае месца, заробкі, умовы. Мы ў гэты раз былі ў Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці, і ў нас ёсць Дзяржынскі раён, але, як кажуць, гэта неба і зямля. Там у нас толькі рыхтуюць лес, ды трохі сеюць і пашуць — і ўсё.  А ў вас прадпрыемствы, якім можна пазайздросціць.

У нас у Краснаярску будзе ў пачатку сакавіка міжнародная Універсіяда. Мы  рыхтуемся, і нам паказалі ў Мінску спартыўныя аб’екты, якія ўжо ўзведзеныя да Еўрапейскіх гульняў. Нам ёсць, чаму павучыцца. Ды і ствараеце вы іх у некалькі разоў танней, чым мы.

 Неаднойчы быў на прэс-канферэнцыі з Прэзідэнтам, першы раз задаваў пытанне аб лізінгу. У пазамінулым годзе расказаў Прэзідэнту пра такі выпадак. Мы ў Сібіры ўраджай збіраем да кастрычніка, а восень была дажджлівая, зерне і маса ішла цяжкая. Тэхніка ў вас добрая, але транспарцёр зламаўся — падчас уборкі кожная мінута дарагая, а транспарцёр замяніць трэба. Прасачыў, што некалькі чалавек у вас пасадзілі. У снежні я быў на Брансксельмашы – гэта сумеснае прадпрыемства і мне паказалі, што зроблена. І я хацеў сказаць Прэзідэнту дзякуй за прынятыя меры. І беларуская сельскагаспадарчая тэхніка – тое, што трэба! Я таксама хачу адзначыць, нягледзячы на тое, што мы жывём за пяць тысяч вёрст ад Беларусі, мы назіраем за сітуацыяй.


Ісмаіл Дубаеў, карэспандэнт Чачэнскай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі “Грозный”

- У Мінску і Беларусі я ўпершыню. Працую журналістам тры гады, пачаў яшчэ ва ўніверсітэце. Амаль усё жыццё пражыў у Казахстане, а апошнія шэсць год жыву ў Чачэнскай Рэспубліцы, таму Беларусь для мяне не чужы рэгіён. У яе моцныя сувязі і з Казахстанам. Я раней удзельнічаў у некаторых замежных і расійскіх прэс-турах. У Мінску мяне здзівіла, па-першае, што гэта горад з багатай гісторыяй, горад-герой з цудоўнай архітэктурай, вельмі чысты. Беларусы гасцінны і добразычлівы народ. Беларусь мае вялікі прамысловы і сельскагаспадарчы патэнцыял. Людзі не сядзяць на месцы. Гэта прыклад таго, як трэба развівацца і ў якім кірунку ісці. Не дарма паміж Чачнёй і Беларуссю існуюць пагадненні аб развіцці пэўнай дзейнасці.

Я захапляюся спортам, таму мне было цікава наведаць Мінск-арэну і стадыён “Дынама”. Канечне, усё на вышэйшым узроўні, вельмі там спадабалася атмасфера і якасць працы. З прамысловых прадпрыемстваў адзначу “Нафтан”, рабяты малайцы, развіваюцца, мадэрнізацыя ідзе. Дасягнуўшы значнага поспеху, яны не сядзяць на месцы, а працуюць далей. Гэта прыемна здзівіла.

Я не вельмі цікаўлюся гаджэтамі, але ў Парку высокіх тэхналогій было прыемна паглядзець, наколькі развіваецца гэта вобласць. Даведаўся, што гульню “World of Tanks” зрабілі ў Беларусі. Мільёны людзей гуляюць у яе — а яна родам з Мінску. Яшчэ перад выездам у Пасольстве Беларусі ў Маскве нам расказалі, што ў распрацоўцы Viber удзельнічаў беларускі бок.

У мяне па выніках прэс-тура будзе рэпартаж з месцаў, якія мы наведалі. І, канечне, з размовы з Аляксандрам Лукашэнка. З кіраўніком Беларусі на сустрэчы я быў упершыню, гэта для мяне высокая планка. Канечне, як прадстаўнік Чачэнскай Рэспублікі задаў пытанне пра адносіны паміж дзвюма краінамі і запрасіў у госці да нас.     


Алена ПАНАМАРОВА, прафесар кафедры параўнальнай паліталогіі факультэта кіравання і палітыкі Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін (Універсітэта) МЗС Расіі:

— Вельмі важна зараз актывізаваць дыялог з усялякімі навуковымі экспертнымі пляцоўкамі, бо мы добра ведаем, што на Захадзе экспертная супольнасць фармулюе парадак дня. І ўсё палітычнае кіраўніцтва, і еўрапейскіх краін, і Злучаных Штатаў, прыцягвае экспертаў для выпрацоўкі нейкай агульнай пазіцыі. У прыватнасці, у Расіі апошнім часам вельмі актыўна вядзецца работа на пляцоўцы міжнароднага дыскусійнага клуба «Валдай». Мне было цікава даведацца пра пазіцыю беларускага кіраўніцтва з гэтай нагоды.

У прыватнасці, маё пытанне працягнуў Аляксей Грамыка, які кажа пра асацыяцыі міжнародных даследаванняў, неабходнасць нейкую такую пляцоўку стварыць.

З аднаго боку, пачуць меркаванне заходнікаў, якое мы, у прынцыпе, ведаем, але тым не менш, калі яны прыязджаюць і вочы ў вочы глядзяць — гэта зусім іншае. І сваю пазіцыю выказаць. Данесці да іх сваю пазіцыю хай нават праз непрабівальную сцяну.

Аляксандр Рыгоравіч цалкам правільна сказаў, што ёсць тыя сферы, дзе поўнае ўзаемаразуменне і эфект. Гэта, перш за ўсё, тэхналагічныя, якія датычацца эканомікі, медыцыны, дзе мы ўжо апярэджваем нашых заходніх калег. Але ёсць гуманітарная сфера, якая звязана з прыняццем менавіта палітычных рашэнняў. І тут вялікія праблемы. Магчыма, яны нас і не пачуюць, але паспрабаваць данесці сваю пазіцыю...

І, магчыма, не заўсёды з Расіі гэта чутна. Тут нам патрэбна дапамога менавіта Беларусі. Вельмі важна выкарыстоўваць Беларусь як нейкую пляцоўку для данясення агульнага погляду на міжнародныя праблемы, якія будуць, на жаль, толькі нарастаць. Лягчэй не будзе станавіцца. Гэта як снежны камяк. Я думаю, што Аляксандр Рыгоравіч гэта добра разумее, і ён, у прыватнасці, сфармуляваў вельмі дакладна нейкае канцэптуальнае бачанне, што Беларусь — гэта магчымасць адкрыцця ментальных межаў. Але заўсёды трэба, вядома, сваю праўду памятаць.

Што датычыцца агульнай адзнакі, чарговы раз я ўпэўнілася ў адкрытасці Прэзідэнта. Ён разумее палітычныя і сацыяльна-эканамічныя праблемы не толькі розумам, не толькі рацыя ў яго працуе, але і душа, і сэрца. І гэта адрознівае яго ад шмат якіх палітыкаў сучаснасці, тым больш ад заходніх палітыкаў, якія мысляць зусім іншымі катэгорыямі. І гэта ўсяляе фантастычную надзею ў нашу будучыню, таму што калі працуем душой, а не толькі розумам, то, значыць, у нас усё атрымаецца. Праз церні, але мы прарвёмся да зорак. І, вядома, уцягнутасць ва ўсе працэсы і гэта адкрытасць усім кірункам жыцця сваёй дзяржавы Беларусі і ў кантэксце Саюзнай дзяржавы з'яўляюцца фундаментам нашых будучых прарываў. У сучасным свеце перамагаюць толькі тандэмы.  

У адзіночку нельга не толькі захаваць сябе, але і прымножыць свой дабрабыт. Тандэм Саюзнай дзяржавы павінен стаць мацнейшым, павінен развівацца, як бы нам хто ні стараўся перашкодзіць.

Марыя ДАДАЛКА, Надзея АНІСОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.