Вы тут

Нацыянальную кінапрэмію ўручаць ужо ў панядзелак


У вечаровых строях і з імёнамі пераможцаў у канвертах — 17 снежня, у Дзень беларускага кіно, адбудзецца цырымонія ўзнагароджвання беларускім «Оскарам». Абраным з намінантаў у дваццаці катэгорыях будуць уручаны статуэткі ў выглядзе кінаплёнкі і папараць-кветкі. Журы ўжо зрабіла свой выбар, а ўрачыстае мерапрыемства ў Доме кіно мае ў асаблівай атмасферы назваць найлепшыя беларускія кінапраекты і нашых найлепшых кінематаграфістаў.


Такім чынам, першая Нацыянальная кінапрэмія Беларусі ўжо ў гэты панядзелак раздасць знакі якасці і, па словах начальніка аддзела па кінематаграфіі Мінкульта Аляксандра Рыдвана, «гэта не міжсабойчык». Так ён адказаў на наш папярэдні матэрыял па тэме («Не кажыце «Оскар», «Звязда» ад 8 снежня).

Прэмія, бюджэт якой, дарэчы, склаў прыкладна 150 тысяч рублёў, апроч статуэтак прадугледжвае грашовыя прызы: пераможцы ў персанальных намінацыях атрымаюць 50 базавых велічынь (1225 рублёў), а найлепшыя фільмы — 100 базавых велічынь (1450 рублёў). У наступных «рэдакцыях» мерапрыемства, а яно мяркуецца як рэгулярнае, памер прызоў, магчыма, будзе павялічвацца.

«Дзяржава ніколі не шкадавала грошай на кінематограф, я хачу падкрэсліць, нават у самыя цяжкія часы, — кажа Аляксандр Рыдван. — Апошнія дваццаць чатыры гады як мінімум ён мае сродкі на вытворчасць. Цяпер дзяржава выдзяляе дадатковыя сродкі і на ўзнагароды. Гэта мера па стымуляванні развіцця кіно. У нас, дзякуй богу, зараджаецца і зараз адчувае неабходнасць у фінансах незалежны кінематограф. Маладыя рэжысёры здымаюць за свае, як правіла, невялікія, грошы, за кошт нейкіх дамоўленасцяў са сваімі таварышамі — дадатковыя сродкі дапамогуць ім абнавіць тэхніку альбо заказаць мантаж, альбо проста падтрымаць бытавое існаванне».

Цырымонія ўзнагароджвання непасрэдна і пакажа, хто будзе абнаўляць тэхніку — незалежны кінематограф альбо найбольш актыўны фігурант у коле намінантаў — Нацыянальная кінастудыя. Прадстаўнік Мінкульта прызнаў, што падчас арганізацыі першай прэміі значнай праблемай стала недастатковае і нясвоечасовае інфармаванне кінасупольнасці аб гэтых планах, бо некаторыя этапы настолькі зацягнулся, што ўзніклі нават сумненні, ці не перанесці прэмію на наступны год. «Мы не маглі прагучаць шырока» значыць, напэўна, што кінапрэмія ледзь не прапусціла тое, дзеля чаго стваралася.

Так ці інакш, сваёй мэтай арганізатары лічаць папаўненне кіназалаў на праглядах беларускіх фільмаў, то-бок, папулярызацыю айчыннага і, на жаль, пакуль часта не вельмі цікавага гледачу кіно. Апроч усіх належных працэсаў, яны прапануюць і серыю паказаў: з 18 да 26 снежня ў Цэнтры сучасных мастацтваў будуць прадэманстраваны фільмы — пераможцы і ўдзельнікі Нацыянальнай кінапрэміі з удзелам здымачных груп, абмеркаванняў і дыскусій.

Дарэчы, перад урачыстай цырымоніяй узнагароджвання ў Доме кіно будзе прэзентавана кніга «Мне ёсць што сказаць», якая змяшчае ў сабе найлепшыя работы знанага кінакрытыка Алы Бабковай.

Большасць з намінантаў (усяго на прэмію было пададзена 167 заявак, з якіх 36 — фільмы), як ужо адзначалася, прадстаўляюць Нацыянальную кінастудыю і асваенне бюджэтных грошай.

«Мы працуем у рэжыме супермаркета, — каментуе Аляксандр Рыдван. — Казаць, што ў спісе намінантаў шмат «Беларусьфільма», — тое ж самае, што папракаць краму ў тым, што у яе заходзяць у асноўным беларусы. «Беларусьфільм» стварае каля трыццаці карцін у год. Згодна з рэгламентам, мы дапускаем да ўдзелу праекты апошніх двух гадоў, значыць, кінастудыя мае права падаць іх шэсцьдзясят. А заявілі яны прыкладна паўтара дзясятка. Як мы можам іх не дапусціць? У той жа час я на пальцах магу палічыць, колькі за гэтыя два гады было створана фільмаў незалежнымі вытворцамі».

Калі гэты крэн з боку арганізатараў тлумачыцца звычайнай матэматыкай, тым больш становіцца цікава, які крэн абрала прафесійнае журы (у падліковую камісію, як запэўніла дырэктар конкурсу Алеся Какошнікава, уваходзяць людзі, што да кінематографа не маюць ніякага дачынення). Але гэтая інтрыга працягнецца да вечара панядзелка.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: «Гэта не міжсабойчык»

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.