Вы тут

У Мінску паказваецца цэлая праграма піцерскіх спектакляў


Паўночная расійская сталіца дзеліцца сваёй культурай: пяць сучасных пастановак тэатраў Санкт-Пецярбурга з учарашняга дня прадстаўляюцца публіцы на сцэне Купалаўскага тэатра. Гэта XІІ Міжнародны фестываль «Пецярбургскі тэатральны сезон», што праходзіў у Берліне, Афінах, Тэль-Авіве, Тбілісі, Марселі, іншых гарадах, а цяпер завітаў у Мінск і, па словах арганізатараў, гэтым разам паказвае «асабліва насычаную праграму» ад вядучых тэатральных рэжысёраў горада.


«Ма­дам Ба­ва­ры».

Вядомыя імёны, класічная літаратура, легенды, інтэрпрэтацыі, перапляценне чалавечых гісторый — з 14 да 18 снежня ў Купалаўскім будуць паказаны пяць пастановак ад пяці Санкт-Пецярбургскіх тэатраў.

Усё пачалося з «Мадам Бавары» тэатра «Руская антрэпрыза», дзе гераіня Гюстава Флабэра з'явілася ў двух абліччах — жанчын XІX стагоддзя і сучаснасці. Фантазія пра ўвасабленне класічнага ўжо персанажа ў нашых днях і яго перасячэнне з «арыгіналам» распачала «Пецярбургскі тэатральны сезон».

На чарзе сцэнічныя развагі Дзяржаўнага драматычнага тэатра «Прытулак камедыянта» пра Льва Талстога і яго сямейнае жыццё з жонкай Соф'яй Андрэеўнай у трагікамедыі «Талстога няма». Заснаваная на ўспамінах сучаснікаў Талстога і ліставанні яго сваякоў і сяброў пастаноўка разважае пра ролю жонкі ў жыцці і творчасці пісьменніка, а таксама прычыну іх разладу.

Самы кароткі спектакль праграмы ад Вялікага тэатра лялек называецца «Неба ў чамадане, альбо Цуцыкі ў ночы» і разлічаны на аматараў лірыкі: некалькі герояў-летуценнікаў разам чакаюць цягнік, што павінен адвезці іх у цудоўны і непадобны да наваколля свет.

Санкт-Пецярбургскі акадэмічны драматычны тэатр імя Камісаржэўскай прадставіць поўную супрацьлеглых пачуццяў драму «Ноч Гельвера» пра жанчыну і трыццацігадовага хлопца, што адстае ў развіцці.

Нарэшце, завершыць фестываль лірычная камедыя «А вы ведаеце, што такое каханне?» тэатра-фестывалю «Балтыйскі дом». Героі трох гісторый будуць спрабаваць адказаць на гэтае пытанне, а пастаноўка будзе адзначана асаблівым музыкальным суправаджэннем.

Усе пяць пастановак паказваюцца на сцэне Купалаўскага тэатра а сёмай вечара. Мерапрыемства арганізавана Камітэтам па культуры Санкт-Пецярбурга і кампаніяй «Нева-АРТ».

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?