Вы тут

Што адбываецца ў Францыі?


Францыя апошнім часам стала сапраўдным «хэдлайнерам» навінавых стужак сусветных інфармагенцтваў. З 17 лістапада тут распачаліся шматтысячныя пратэсныя акцыі з-за росту цэн на паліва. За апошні год дызельнае паліва ў краіне падаражэла на 23 працэнты, бензін — на 15. Сёлета ўлады павысілі падатак за літр дызельнага паліва на 7,6 еўрацэнта і на 3,9 еўрацэнта за літр бензіну. Абодва цяпер каштуюць каля 1,5 еўра за літр. Меркавалася, што ў студзені 2019-га цэннік вырасце яшчэ на 6,5 і 2,9 еўрацэнта адпаведна. Чыноўнікі расказвалі, што такія меры здольныя заахвоціць французаў адмовіцца ад асабістых аўтамабіляў на карысць грамадскага транспарту або машын з электрарухавікамі, гэта палепшыць экалагічную сітуацыю ў краіне. У адказ пратэстоўцы надзелі жоўтыя святлоадбівальныя камізэлькі для аўтамабілістаў і выйшлі на вуліцы. У першых акцыях пратэсту ўзялі ўдзел каля 280 тысяч чалавек па ўсёй краіне. З тых часоў маніфестацыі пачалі праходзіць літаральна кожны дзень, дасягаючы піка па суботах. Куды «выруліць» хваля пратэстаў «жоўтых камізэлек»?


Слімакі і анархісты

На працягу многіх дзесяцігоддзяў цэны на дызель і бензін у Францыі заставаліся параўнальна нізкія. Аднак эканамічная праграма Макрона прадугледжвае павышэнне падатку на іх для таго, каб скараціць залежнасць Францыі ад выкапнёвага паліва і матываваць людзей пераходзіць на альтэрнатыўныя крыніцы энергіі.

Адзін са складнікаў адчувальнага росту кошту паліва — экалагічны падатак на выкід парніковых газаў (прэм'ер-міністр Эдуар Філіп абяцаў захаваць яго нягледзячы ні на што), паведаміў ТАСС. Гэта выклікала хвалю пратэстаў сярод аўтамабілістаў, у інтэрнэце з'явіліся анлайн-петыцыі з патрабаваннем не дапусціць павышэння цэн. Масавыя акцыі пратэсту пачаліся 17 лістапада па ўсёй Францыі. Ініцыятарамі выступілі звычайныя жыхары краіны, у далейшым іх падтрымаў шэраг прафсаюзаў і палітычных партый. Сімвалам пратэсту стала жоўтая аварыйная камізэлька (па законе, яна павінна быць у кожнага аўтамабіліста), адсюль назва руху (фр. gіlets jaunes). Пры гэтым у мітынгоўцаў няма відавочных лідараў, а каардынацыя ажыццяўляецца выключна праз інтэрнэт і сацыяльныя сеткі.

У першы дзень масавых хваляванняў па ўсёй краіне было праведзена больш чым дзве тысячы маніфестацый. «Жоўтыя камізэлькі» перакрывалі ўчасткі трас і доступ да бензакалонак. Папулярнымі формамі пратэсту сталі «аперацыя бясплатны праезд» (фр. оperatіon peage gratuіt) і «аперацыя слімак» (фр. оperatіon escargot) — калі блакуюцца пункты прыёму аплаты праезду і фарміруюцца вялізныя аўтамабільныя заторы.

Каб зняць напружанасць, урад паабяцаў маламаёмным ільготы на аплату электраэнергіі, датацыю ў чатыры тысячы еўра пры замене старой машыны на больш эканамічную, а таксама зніжэнне платы за вадзіцельскія курсы і экзамен на атрыманне правоў кіроўцы (цяпер складае ў сярэднім тры тысячы еўра). Але гэта пратэстоўцаў не спыніла. Вельмі хутка «жоўтыя камізэлькі» радыкалізаваліся і пачалі патрабаваць адстаўкі Макрона. Пратэст набыў выразны антыўрадавы характар. У сталіцы прайшлі вулічныя баі і пагромы, сярод мітынгоўцаў з'явіліся радыкалы, прычым, заўважыла ВВС, як крайне левыя анархісты, так і ўльтраправыя нацыяналісты.

Выпрабаванне штормамі

Да патрабаванняў «жоўтых камізэлек» апроч «паліўных» дадаўся шэраг іншых, сярод якіх — забарона на павелічэнне падаткаў, павышэнне мінімальнага памеру аплаты працы, зніжэнне з 62 да 60 гадоў тэрміну выхаду на пенсію, скарачэнне дзяржвыдаткаў на чыноўнікаў, узмацненне жорсткасці кантролю за нелегальнай міграцыяй. Усё гэта адбываецца на фоне рэкордна нізкіх рэйтынгаў Макрона. Перш за ўсё ў цяперашняга гаспадара Елісейскага палаца няма палітычнай базы, якая падтрымала б яго ва ўмовах крызісу. Па даных сацапытанняў, дзеянні «жоўтых камізэлек» ухваляюць нават прыхільнікі кіруючай партыі «Наперад, рэспубліка». «Францыя — гэта не стартап. Людзі маюць патрэбу ў спагадзе, дыялогу», — лічыць член «La Republіque en Marche!» Патрык Віньяль.

Le Fіgaro з іроніяй згадвае, што год таму Эмануэль Макрон абвяшчаў: «Я не магу кіраваць у спакойнае надвор'е, я створаны дзеля штормаў». І вось грымнула сацыяльная бура, якой Францыя не бачыла, магчыма, паўстагоддзя — з 1968 года. Як жа праявіў сябе прэзідэнт, «створаны для штормаў», задаецца пытаннем Le Fіgaro. Вядомы французскі псіхааналітык Ралан Гары ахарактарызаваў Макрона як голага караля з казкі Андэрсена. На яго думку, цяперашні французскі лідар слабы там, дзе пачынаецца руцінная паўсядзённая праца: прэзідэнт бачыць сябе ў вобразе Напалеона і дэ Голя, але перад тварам народнага гневу ён аказваецца ў адзіноце.

Цень алігарха

Апошні раз, калі пад такімі ж расплывістымі лозунгамі ў адзін момант сабраліся і арганізаваліся дзясяткі тысяч чалавек, быў у Францыі зусім нядаўна. У 2016 годзе нібыта з ніадкуль утварылася масоўка актывістаў, якія падтрымалі маладога кандыдата ў прэзідэнты Эмануэля Макрона і яго «Наперад!», заўважае vz.ru. Тады аналітыкі меркавалі, што ўвесь гэты «бліцкрыг» аплачваецца грашыма Ротшыльдаў, якія прасоўваюць у Елісейскі палац свайго чалавека. Цяпер падобныя падазрэнні выклікаюць «жоўтыя камізэлькі».

Скаардынаванасць акцый па ўсёй Францыі, ідэальная арганізаванасць дэманстрацый, забяспечанасць пратэстоўцаў камізэлькамі, вадой і ежай, імклівая раскрутка ў сацсетках — усё гэта выклікае падазрэнні, што пратэсную масу хтосьці мэтанакіравана вядзе і «падсілкоўвае». Напрыклад, цікава, што запусціла ўсю гісторыю з петыцыяй супраць павышэння цэн на бензін газета Le Parіsіen. Яна належыць самаму багатаму чалавеку Францыі Бернару Арно. Алігарх, якога канкурэнты называюць «ваўком у кашміры», зарабіў 81 мільярд еўра дзякуючы вельмі жорсткму стылю канкурэнтнай барацьбы. Яго падыход заключаецца ў тым, каб пачаць скупляць акцыі кампаніі, выкупляючы долі мінарытарыяў. Набраўшы салідны куш, ён пагражае ўладальнікам абрынуць акцыі і патрабуе кантрольны пакет. Неўзабаве пасля гэтага захоплівае актыў цалкам. Так ён сабраў цэлую калекцыю шыкоўных брэндаў — ад моднага дома Dіor да шампанскага Dom Perіgnon — пад дахам свайго холдынга LVMH.

Агрэсіўны стыль вядзення спраў нажыў алігарху нямала ворагаў. Але адкрыта супраць яго выступалі толькі прадстаўнікі французскай галіны Ротшыльдаў. Газета Lіberatіon падлічыла, што летась Арно зарабляў па 800 еўра за секунду, а выручка LVMH расла на 71 працэнт у год, тады як сярэдні заробак французаў павялічыўся ўсяго на 1,1 працэнта. У 2016—2017 гадах алігарх не змагаўся адкрыта супраць стаўленіка Ротшыльдаў Макрона. Аднак падтрымаў ён яго толькі ў другім туры, калі выбар стаў паміж ім і Марын Ле Пэн.

Пункт незвароту

The New York Tіmes піша, што балючыя прарынкавыя рэформы не пайшлі на карысць звычайным грамадзянам: французы незадаволены эканамічнай сітуацыяй у краіне. Узровень беспрацоўя складае амаль 10 працэнтаў. «Тыя, хто не належыць да эліты, скардзяцца, што ім даводзіцца плаціць за тое, што Макрон робіць Францыю больш капіталістычнай, забыўшыся аб прынцыпах роўнасці і братэрства дзеля багацеяў». Самі «жоўтыя камізэлькі» прызнаюцца, што ім не хапае заробку да канца месяца, таму што яны плацяць занадта шмат падаткаў. Паводле звестак Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР), Францыя займае другое месца сярод развітых краін па ўзроўні
падатковага цяжару — да 45,3 працэнта ВУП.

У пачатку снежня ўрад увёў паўгадавы мараторый на рост падатку на паліва, але гэтага аказалася мала. Днямі Макрон абвясціў аб новых саступках. Як мяркуецца, мінімальная зарплата павысіцца з 2019 года на 100 еўра ў месяц. Звышурочныя гадзіны не будуць абкладацца падаткам; працоўныя французы атрымаюць у канцы года прэмію, якая не абкладаецца падаткам. Для тых, хто атрымлівае менш за 2 тысячы еўра ў месяц, будзе адменена павышэнне пенсійнага падатку, уведзенае сёлета.

«Жоўтым камізэлькам» пакуль удаецца немагчымае. Яны цалкам зламалі сістэму падзелу грамадства на правых і левых, якую дзесяцігоддзямі ўкараняў істэблішмэнт, адзначае vz.ru. Прычына, верагодна, у тым, што «камізэлькі» аб'ядналі мільёны людзей, якія раней лічылі сябе сярэднім класам, а сёння няўмольна скочваюцца ў галечу. Усе іх магчымыя ідэйныя рознагалоссі нічога не вартыя перад змрочнай рэальнасцю. «Раней было як — былі бедныя, былі багатыя, былі тыя, хто ў сярэдзіне, — сказаў журналістам Guardіan будаўнік з Тулузы. — А зараз засталіся толькі бедныя і багатыя, пасярэдзіне — нікога. Мы дайшлі да пункта незвароту».

Акцыі пратэсту ў розных рэгіёнах краіны сталі катастрофай для краіны, найбольшая шкода нанесена Парыжу, заявіў міністр эканомікі і фінансаў Бруно Ле Мэр. Беспарадкі прывядуць да запаволення ўдвая ў апошнім квартале і так невысокіх тэмпаў росту французскай эканомікі, лічаць спецыялісты Банка Францыі. Урон можа даходзіць да 10 мільярдаў долараў. «Больш за ўсіх пацярпелі аграхарчовы сектар, аўтапрам, транспарт, рытэйлеры, — растлумачылі ў галоўнай фінустанове краіны. — Таксама значныя страты ў гасцінічнага і рэстараннага бізнесу». Пацярпела і турыстычная галіна, якая фарміруе да дзевяці працэнтаў ВУП. Як вядома, Францыю штогод наведвае да 90 мільёнаў турыстаў.

Што ж далей? Палітычны расклад пакуль без змен. «Макрон, нягледзячы на ўсе пературбацыі, застаецца «капітанам карабля». І пакуль што нейкай такой фігуры, якая магла б аб'яднаць усіх французаў вакол сябе і стаць такой сур'ёзнай альтэрнатывай дзейнаму прэзідэнту, проста няма», — расказаў gazeta.ru навуковы супрацоўнік аддзела еўрапейскіх палітычных даследаванняў Інстытута сусветнай эканомікі і міжнародных адносін РАН Павел Цімафееў. Як лічыць шэраг экспертаў, гвалтоўнага злому не адбудзецца — усё абмяжуецца пратэсным галасаваннем французаў. «На выбарах у Еўрапарламент у маі 2019 года партыя Макрона не мае шанцаў супраць «Нацыянальнага аб'яднання» Марын Ле Пэн», — упэўнены кіраўнік Цэнтра французскіх даследаванняў Інстытута Еўропы РАН Юрый Рубінскі. І гэта будзе не проста сімвалічным жэстам. Паводле прагнозаў, упершыню ў гісторыі ЕС еўраінтэгратары могуць пазбавіцца ўстойлівай большасці ў еўрапейскім парламенце. Макрон здольны перамагчы «жоўтыя камізэлькі» на парыжскіх вуліцах, але яны будуць чакаць яго ў Страсбургу, заўважае vz.ru. Наступным выпрабаваннем для дзеючага прэзідэнта стануць муніцыпальныя выбары ў маі 2020 года, дзе яго партыя, якая не мае каранёў на месцах, наўрад ці пакажа добры вынік.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як пад Мінскам сартуюць смецце

Як пад Мінскам сартуюць смецце

Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў і рух за перапрацоўку адходаў «Мэта 99» далі людзям магчымасць на свае вочы пабачыць, як выглядаюць «смеццевыя могілкі».

Спорт

Вяслярка Вольга Худзенка: Я яшчэ не хутка спынюся

Вяслярка Вольга Худзенка: Я яшчэ не хутка спынюся

Пра слёзы, пот і перамогі самага беларускага віду спорту.