Вы тут

Калядная праграма створана для дзяцей-сірот у Купалаўскім музеі


Пагушкацца на парашуце, праспяваць «У лесе нарадзілася елачка» па-беларуску, пазнаёміцца з калядоўшчыкамі, убачыць, як убіралі ёлку нашы прадзеды, адправіць тэлеграму Дзеду Марозу, пакарміць каўбасой «казу»... Гэта і шмат іншага змагла зрабіць малеча з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу Віцебскай і Магілёўскай абласцей, якую падчас акцыі «Нашы сэрцы — дзецям» запрасіў у сталіцу на свята Беларускі дзіцячы фонд.


Для амаль 50 дзетак-сірот дырэкцыя Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы стварыла аўтарскую калядную праграму. Падчас інтэрактыўных гулянняў малым правялі экскурсію па музеі. Хлопцы змаглі пагушкацца ў парашуце, якім аздоблены стэнд з купалаўскім вершам «Хлопчык і лётчык». А дзяўчаты віртуальна лёталі ў самалёце, збіралі літары, што падалі з неба, і стараліся не збіць птушку і не трапіць пад маланку. Пасля юныя экскурсанты паслухалі старадаўні патэфон, а вядомы паэт на відэапраекцыі прачытаў ім уласны верш.

— Наша дабрачынная акцыя праходзіць сёння 28-ы раз. Дзеткі, якіх мы запрашалі першыя разы, цяпер самі прыходзяць да нас з дзецьмі, — кажа Ірына ЧАРНЯКОВА, намеснік дырэктара Беларускага дзіцячага фонду. — Сёлета нам вельмі захацелася паглыбіцца ў мінулае, больш расказаць дзецям менавіта пра спрадвечныя беларускія Каляды, а не толькі пра Новы год, які на слыху. Пазней мы павязём малых у Брэсцкую вобласць, таму запрасілі дзяцей, што жывуць далей ад яе, на Магілёўшчыне і Віцебшчыне. Тым больш што гэта малеча з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу і не заўжды ў сям'і ёсць і час, і сродкі, каб такім натоўпам некуды выехаць.

У дзіцячым доме сямейнага тыпу Магілёўскага раёна Святланы МАРЧАНКІ, напрыклад, шасцёра дзяцей і, як яна кажа, з'явяцца яшчэ. Ёсць і тры свае дачкі. Шасцярых малых ужо выгадавалі. Усе з часам пачынаюць называць яе мамай. А гэта дарагога варта.

— Дапамагаю і тым, хто ўжо жыве самастойна, я двойчы бабуля, — смяецца жанчына. — У Мінск мы прыехалі ўпершыню, і дзецям вельмі спадабалася. Гэта вялікая праца — падрыхтаваць такую праграму і арганізаваць столькі дзетак.

— Мне вельмі спадабалася, — кажа адзін з выхаванцаў Святланы Ваня. — Цікава было і пра Купалу паслухаць, і пабачыць, дзе ён жыў, і паперакладаць словы на беларускую мову.

Прыбраная ў нацыянальны строй начальнік аддзела культурна-адукацыйнай работы Купалаўскага музея Вольга ПАРХІМОВІЧ пазнаёміла малых з традыцыямі святкавання Каляд і заўзята іграла ролю аднаго з калядоўшчыкаў. Вось вы ведалі, чаму на вокны раней ставілі свечку, а цяпер вешаюць гірлянду? Каб госці на Каляды ў хату прыйшлі, а сям'я гаспадароў увесь год была самая шчаслівая. А старажытны «дожджык» з дроту на ёлку — гэта не што іншае, як валасы анёлаў.

Дзеці таксама не засталіся звычайнымі гледачамі. Яны частавалі хітрую «казу» каўбасой, салам, абаранкамі ды цукеркамі, каб тая ўстала ды танчыла далей. Гулялі ў вясёлую карагодную гульню «Ішоў казёл па ельнічку». Дапамагалі адгадваць загадкі Бабы Ягі падчас лялечнага спектакля, каб знайсці Снягурку, якая падарыла ўсім маленькіх анёльчыкаў-ахоўнікаў.

А малыя з дзіцячага дома сямейнага тыпу з Глыбокага нават самі выступілі пасля калядоўшчыкаў пад уласную аранжыроўку. Дзяцей тут дзевяць. На свята прыехалі восем: Вольга, Ваня, Ігар, Сяргей, Насця, Арцём, Улад, Віталік.

— Наша сям'я шмат чым займаецца, і мы ўсім гасцям паказваем сваю творчасць. І тут таксама вырашылі паказаць, што мы ўмеем, — кажа адна з юных артыстаў Насця. — Уражанняў мора! Я даўно хацела пабываць у гэтым музеі.

— У нас гасцей заўжды шмат бывае, і заўжды мы абавязкова пячом торт. А ўсе нумары прыдумваюць самі дзеці, а па выхадных у нас яшчэ больш дзяцей, з'язджаюцца студэнты нашы, — дзеліцца мама гэтага вялікага дома Таццяна ГРАБКО.

Задаволеныя і ўражаныя дзеці атрымалі падарункі ад Дзеда Мароза, які знайшоў малых па адпраўленай яму тэлеграме, і рушылі ў далейшае святочнае падарожжа ў галоўную сядзібу чароўнага персанажа ў Белавежскай пушчы.

Ірына СІДАРОК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.