Вы тут

Мы ўсе — адно возера


Чытач заўсёды хоча знайсці ў літаратурным творы пэўны адбітак сябе самога, адчуць блізкасць да аўтарскага свету — гэта быццам надае асаблівую значнасць жыццю і асобе, дае адчуванне неадзіноты, вартасці кожнага руху, нават самага штодзённага. Сапраўды, цікава, якія функцыі сёння выконвае мастацтва?..


У пачуцці блізкасці аўтара з чытачом даследчыкі бачаць адну з асноўных прычын папулярнасці літаратуры нон-фікшн. Можна меркаваць, што «літаратура факта» выйграе перад мастацкім вымыслам тым, што яму не трэба нічога асаблівага выдумляць, каб зацікавіць чытача, не трэба штучна фарміраваць актуальнасць — дастаткова быць правільна пабудаваным.

Кніга ў маіх руках — прыклад вострага, блізкага для чытачоў твора ў жанры нон-фікшн. Раман Анкі Упалы «На заснежаны востраў» прысвечаны яе жыццю ў Швецыі.

Напэўна, любая прастора, у якой ніколі не быў, падаецца іншым, ледзь не казачным, светам. Скандынаўскія краіны — гэта паўночныя казкі, магія зімы, змаганне з холадам. Раман «На заснежаны востраў», нягледзячы на заснаванасць на рэальных падзеях, і ёсць сучасная казка пра змаганне з холадам. З чалавечым холадам — адзінотай.

Асноўнае месца дзеяння — Яблычны горад, які хоць і мае быццам казачную назву, але зусім не тое, што Кветкавы або Ізумрудны. У Яблычным горадзе знаходзіцца народная школа, у якой навучаюцца дарослыя — вывучаюць шведскую мову, тэатральнае мастацтва, педагогіку і шмат чаго яшчэ. Працэс навучання апісаны даволі падрабязна, хаця і ўрывачна, і здольны выклікаць зайздрасць у большасці беларускіх студэнтаў. Галоўная гераіня, яна ж — аўтарка рамана, прыехала, каб вывучаць шведскую мову. Працэс авалодання ведамі апісаны вельмі ярка і метафарычна, з усімі смешнымі, няёмкімі і проста непрыемнымі сітуацыямі, з усімі складанасцямі. Але ў выніку чужая мова прырастае як частка цела, становіцца настолькі натуральнай у жыцці Алены, быццам вынялі вату з вушэй. Пісьменніца ўводзіць паняцце «моўная ідэнтычнасць» — абсалютна зразумелае, але чамусьці нечаканае самім фактам свайго ўзнікнення, яно прымушае задумацца пра тое, як уплывае на чалавека не толькі месца, дзе ён нарадзіўся, але і мова, якую ён для сябе абазначае нават не проста роднай і не проста асноўнай для ўжытку, але галоўнай.

Калі камусьці падаецца, што быць білінгвам і ўтрымліваць у галаве дзве мовы — гэта складана, то такому чалавеку лепш не апынацца на месцы аўтаркі. Блытаніна ў дыялогах, часам — нават ва ўнутранай размове з сабой, да таго ж чужая краіна, адсутнасць магчымасцяў да свабоднай і асэнсаванай камунікацыі — моўная адзінота. Гэтае адчуванне замыкае сюжэт у кальцо, але можна сцвярджаць, што яно ўласцівае не толькі пісьменніцы. Амаль усе героі, якія таксама з’яўляюцца навучэнцамі школы і атачаюць Алену, адчуваюць тое ж самае: яны людзі розных культур, з кардынальна розным жыццёвым досведам, рознымі звычкамі, і ім трэба навучыцца існаваць побач.

Усе героі прапісаныя ўрывачна, іх вобразы не маюць прывычнай для літаратурных персанажаў цэласнасці і пазбаўлены штампа «стаўленне аўтара да героя». Ёсць проста жывыя людзі — і з імі хочацца пазнаёміцца. Пісьменніца назірае за ўчынкамі і размовамі, манерамі паводзін кожнага з іх аддалена і не робіць высноў, не выбудоўвае вобразаў — дазваляе чытачам самім скласці ўражанне.

Плаўнасць аповеду і адмова ад ацэнак робяць настрой рамана адпаведным да ўяўленняў чытачоў пра Швецыю: там халодна, там людзі ўмеюць жыць не спяшаючыся.

Яшчэ адна заўважная рыса твора — фрагментарнасць, якая праяўляецца ва ўсім, пачынаючы са структуры і манеры аповеду — маленькія і завершаныя па думцы часткі, унутры якіх віруе своеасаблівая плынь свядомасці. Аднаго сказу часта хапае для адлюстравання думкі, і пасля кропкі пачынаецца зусім іншы кадр. Падрабязнасці побыту, пільнае назіранне за прыродай уводзяцца не проста як дэкарацыі, але і як спосаб аўтаркі спасцігнуць чужы свет, як пошук шляхоў суіснавання з ім. Гэтыя асаблівасці разам ствараюць уражанне кінематаграфічнасці, прычым хутчэй дакументальнай, чым гульнявой.

Кніга падаецца папяровым увасабленнем дакументальнага кіно, бо не толькі распавядае гісторыю пэўных падзей і перадае адчуванні аўтаркі, звязаныя з пэўным часам. Праз кадры хронікі — рэальныя ўчынкі і размовы — паказваецца вялізны зрэз жорсткасцяў рэчаіснасці, якія існуюць па ўсім свеце. Пачынаючы з таго, што ў шведскім інтэрнаце адбываецца тое ж самае, што і ў беларускіх (брудныя кухні, нехта крадзе ежу, суседзі ладзяць гучныя вечарынкі і перашкаджаюць спаць), і заканчваючы глабальнымі праблемамі: розныя формы дыскрымінацыі, гвалт, прадузятасць, войны, наркотыкі, тэрарызм — усё гэта праходзіць перад вачыма аўтаркі, блізка, але не закранаючы яе, і надае твору моцную сацыяльную праблематыку. Праз сутыкненне з варожым светам пісьменніца пераасэнсоўвае свой досвед і погляды, якія найчасцей уласцівыя і большасці з нас.

Гэтая кніга магла б стаць асновай для вялікага кроскультурнага ці сацыяльнага даследавання. Даследчыцкі погляд на ўсё, што адбываецца, характэрны для пісьменніцы. Але яна разглядае сваіх персанажаў не як прыклады ці ілюстрацыі да пэўных сацыяльных працэсаў, а як асоб, проста людзей, са сваімі непаўторнымі характарамі. Развіццё камунікацыі з кожным з іх паказана стрымана, але натуральна — на пачатку не зразумела, хто з герояў стане больш блізкім Алене, як трансфармуюцца адносіны. Але па тым, як асцярожна і ўважліва апісаныя стасункі, зразумела, што гэты досвед абсалютна каштоўны для пісьменніцы.

«...мы жывём усе разам, і я адчуваю крохкасць у людзях… Свет узаемадачыненняў у школе зрабіўся больш зразумелы, а людзі, якія тут працуюць, успрымаюцца як яшчэ больш цудоўныя». Вада ў кране бярэцца з возера — мы ўсе адно возера, разумее аўтарка.

Назва кнігі спасылае да сцэны, калі Алена разам з дзвюма сяброўкамі адправіліся праз тое самае ледзяное возера прагуляцца на востраў і зрабіць фотаздымкі. Гэты фрагмент падаецца фантастычным: гераічнае падарожжа, небяспека і прыгоды, перамога і вяртанне. Увогуле, можна зрабіць выснову, што для аўтаркі Заснежаны востраў і ёсць Швецыя. Ці менавіта Яблычны горад. Ці шведская мова і культура, поўная прыгод і небяспечнасцяў. Ці адзінота, якую трэба перамагчы.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».