Вы тут

Восень як прыстанак душы


Знаёмства з новым зборнікам вершаў Дзмітрыя Пятровіча «Святло адвечнай песні» (Мінск, Колорград, 2018) — як вандроўка па коле часу, па паравінах года. Кожная з іх для паэта — адметны час і свет, які не менш ад астатніх значны і знакавы.


Так, у вясне жывуць яго мары і здзяйсняюцца надзеі, у леце віруюць пачуцці, у зіме — адхланне і ўспаміны, а ў восені жыве душа. Тут яна аднаўляецца пасля разбурэння і таго, што мела адбыцца ды не здзейснілася, альбо пасля расчараванняў у сабе, іншых, каханні, адносінах... Здавалася б, холад, дажджы, золь, маруднае паміранне ўсяго навокал — але для паэта гэта час аднаўлення жыццёвых сіл і натхнення. «Восеньскіх» вершаў у зборніку найбольш — ці значыць гэта, што восень — улюбёная пара для паэта? І калі так, то за што ён яе любіць?

«Задуменная восень на гонях маіх каралюе, / Накрывае туманам азяблым сівую зямлю, / Серабрыстаю фарбай на звялай лістоце малюе, / А ў яе шапаценні я чую, як рэха: “люблю...”» — мяркую, менавіта ўвосень паэт адчувае сябе жывым. Што гэта значыць? Тое, што яму баліць. Расстанне, недалюбленасць-незадаволенасць, страта, непазбежны надыход зімы...

Магчыма, чытач будзе спрачацца: няўжо, калі пануе лета, калі шал кахання закручвае ў жарсцевым танцы, жыцця — менш? Адказваю: жыцця ў тым сапраўды не менш, але... Калі чалавек найчасцей згадвае, напрыклад, уласную руку? Тады, калі парэжацца — бо парушаецца звыклы ход падзей: ён не можа, як раней, працаваць, кожны рух аддаецца болем... Так і з душой: хіба мы заўважаем, што шчаслівыя, калі шчаслівыя па-сапраўднаму? Не, толькі потым, калі шчасце мінае, гасне, блякне...

Вось апісанне: лірычны герой побач з аб’ектам кахання, дзея адбываецца на прыродзе, ля мора, пад лагодным крымскім сонейкам — здавалася б, ідылічная карціна шчасця: ні адняць, ні дабавіць. Але чамусьці не кранае: «Цыкады гучна бласлаўляюць лета — / Шчаслівы час для грэшнае любві. / Кафэ. Шашлык з бакалам амарэта. / Алькоў. Двух ценяў танец... Сэ Ля Ві...» Міжволі згадваеш распаўсюджанае меркаванне: шчаслівыя вершаў не пішуць...

Але там, дзе «баліць» па-сапраўднаму, адразу адчуваецца. Надзвычай яркі вобраз, створаны паэтам, — на карысць таго, што ён перажыў і адчуў напоўніцу ўсе рухі-адценні-сумненні збалелай, зняверанай душы:

«***Сыпле верасень лісце на струны азяблай душы, / Хуткі холад зімы ці падасца нямым ратаваннем?.. / А на сэрцы — засечкі крывавыя, быццам крыжы, / Што паўстануць як вехі жыцця сонным стомленым раннем...»

Дзмітрый Пятровіч — тонкі лірык. Вобразы яго нязмушаныя, лёгкія, арганічныя. Вершы гучаць як песні, прычым улюбёны аўтарскі рытм — вальс: «Ночы шэпат-замілаванне... / А на шыбінах — кужаль снежны. / Цені два... Тут жыве каханне. / І няма ўжо ні сцен, ні межаў...», «І прачнецца аснежаны горад / Пад прыгорблены спеў ліхтара...», «На белым снезе, яркім ад крыві / Зарыплашча параненага сонца, / У сумным вальсе вечнае зімы / Закружаць нашы цені...», «Барвовыя начэпіць эпалеты / Уладна восень», «Адчуем мы, як свет застыў, заціх, / Разліўшы сок зары на рукі вішні...»

Наперадзе — снежныя завеі. І гэты час нічым не горшы за іншыя часіны. Проста ў кожнай паравіне — свая радасць і свой сэнс, унікальны досвед спазнання жыцця. Кожная з іх для чагосьці патрэбная, як звёны ў ланцужку пераўтварэнняў: выпадзе адно — і згубяцца астатнія, страцяць сябе ў эвалюцыйным цыкле.

...Восень таксама любіць паэтаў.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».