Вы тут

Кантата вечнай самоце


Кніга «Самасць» (Мінск, Колорград, 2017) Бажэны Мацюк зачароўвае сваім майстэрствам, упэўненасцю, прафесіяналізмам. Аўтар ведае, пра што піша, умее ў сціслай, лаканічнай форме выказаць многае. Вершы ўражваюць пэўным арганным гучаннем. Асабліва гэта датычыцца твора «Я чакаю сваёй самоты…». Чытаеш гэтыя строгія, нейкія нават нардычна-ўзвышаныя радкі і як быццам апынаешся ў чароўнай прасторы музыкі Пахельбеля альбо Букстэхудэ.


Гэтыя вершы для прыхільнікаў халодна-дэпрэсіўнай восені, дзе пранізлівыя вятры пяюць кантату вечнай самоце. Часам у іх поруч з мінорнымі настроямі адчуваецца нейкая вастрыня, пачуццё няўтульнай небяспекі («А хлопчык збіраў каштаны… / На слізкіх шкляных прыпынках…»), пануе пачуццё «расстралянасці» («Мой вечар — расстраляны») і ўсяго таго, што было ўласціва героям ранняй прозы Кузьмы Чорнага.

У той жа час агульна-самотны настрой кнігі мае пэўную тэатралізаванасць, як быццам усё гэтае цёмна-шэрае восеньска-шкляное, арганна-расстралянае змесціва яе свету — усяго толькі фантазія, пэўны прыём, каб зацікавіць, завабіць, прыцягнуць увагу. І спадарыні Бажэне гэта акурат удаецца.

Праўда, хацелася б, каб кніга мела не такі дробны і выкрунтасісты шрыфт, бо многія па-сапраўднаму цудоўныя вершы з цяжкасцю чытаюцца і ўспрымаюцца.

Увогуле ж, шаноўную паэтэсу можна павіншаваць з надзвычай цікавай, творчанеадназначнай кнігай. Беларуская паэзія павінна здзіўляць. Правакаваць. Дражніць. Спакушаць. Злаваць. Радаваць. Словам, выклікаць моцныя жывыя пачуцці.

Што і адчула я, калі гартала кнігу Бажэны Мацюк «Самасць».

Вольга ПЕРАГУДАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.