Вы тут

Смак паэтычнай усхваляванасці


Пару месяцаў таму пабачыла свет кніга лірыкі «Зямныя эцюды» вядомага беларускага паэта Віктара Яраца.


Гэты гомельскі творца нядаўна адзначыў свой 70-гадовы юбілей, да якога падышоў з вялікім творчым багажом у выглядзе некалькіх зборнікаў вершаў, кандыдацкай дысертацыі па айчынным паэзіязнаўстве, падборкамі перакладаў замежных паэтаў на беларускую мову. Структурна гэтая невялікая па аб’ёме кніга падзелена на тры часткі: «Лікі Храма», «На беразе сонца», «Воблікі вёрстаў». Амаль усе вершы зборніка рыфмаваныя, прычым адразу здзіўляе тое, што ніводны з больш чым васьмідзесяці змешчаных у кнізе вершаваных твораў не мае… назвы. І тут адразу паўстае пытанне: а чаму так? Дакладнага адказу не ведаю, аднак магу выказаць здагадку, што, мажліва, такім чынам аўтар хацеў не адцягваць увагу чытачоў на чытанне/ асэнсаванне гэтых назваў, а проста разгарнуць своеасаблівы паэтычны скрутак, дзе вершы без усялякіх перашкод нібы перацякаюць адзін у адзін, перагукаюцца між сабой.

Затое ўсе творы адпавядаюць назве зборніка: кніга акурат і складаецца з больш-менш удалых (а часам і бліскучых) паэтычных эцюдаў таленавітага паэта-гамельчука, якія ахопліваюць даволі шырокі спектр тэм і вобразаў. Вершы Віктара Яраца заўжды лаканічныя, маляўнічыя, прычым кожны з іх змяшчаецца на адной кніжнай старонцы і па аб’ёме найчасцей не перавышае васьмі — дзесяці вершарадоў.

Пры чытанні кідаецца ў вочы і нават уражвае незвычайна вялікая колькасць пытанняў і пытальнікаў — тут іх каля паўсотні. Ледзь не ў кожным другім вершы аўтар задае па адным, а то й па некалькі важных для яго пытанняў, аднак звычайна не дае адказаў, што нярэдка пакідае ў стане няведання, няпэўнасці. Відаць, паэт задае пытанні і спрабуе знайсці на іх адказы дзеля таго, каб праясніць хаця б для самога сябе некаторыя спрэчныя моманты, залагодзіць былыя канфлікты і непаразуменні. Лічу, што гэты адмысловы «запытальны пафас» сведчыць пра тое, што душа ў сталага паэта засталася па-ранейшаму маладая і што ён не страціў важнай для кожнага сапраўднага паэта здольнасці здзіўляцца свету і яго шматлікім насельнікам.

Увогуле, кніга ўяўляе сабой збор надзіва пранікнёных і кранальных вершаў, у якіх любоўна выпісаны партрэты жывых і памерлых сваякоў, сяброў і землякоў. Бачна, што аўтар імкнецца шчыра паважаць і любіць практычна ўсіх, з кім сутыкаецца, акрамя тых, хто акрэсліваецца ім як «чэлядзь бесхрыбетная». Дзе эмацыянальна-ўзрушана, а дзе і па-філасофску стрымана, мудра аўтар ставіцца да розных — часам драматычных і трагічных — жыццёвых сітуацый і калізій. На маю думку, своеасаблівую квінтэсэнцыю кнігі складае наступны верш, які прыводзіцца тут цалкам і адлюстроўвае галоўныя аўтарскія тэмы і матывы:

Далёка ад храмаў непальскіх, індыйскіх,

далін афрыканскіх, дзе цёпла зімой,

снег лёг на світанні на сцежку дзяцінства —

яе называюць гадоў сувязной.

І сонца Ван Гогам эцюды іскрыстыя

стварае ў сяброўстве з бярозай, сасной.

 Снег лёг на світанні на сцежку дзяцінства

ці ж толькі адной вышыні сівізной?

У гэтым кароткім вершаваным творы хораша выяўлены амаль усе адметныя рысы паэтычнага светабачання аўтара — яго роздумная ўсхваляванасць, шчымліва-пытальная інтанацыя, яркасць вобразаў, а таксама шчырая любоў да роднага кутка і тамтэйшай прыроды. Гэта своеасаблівы жывапіс словам, калі перад вачыма паўстае адразу ўся намаляваная карціна-верш, ці, дакладней, эцюд-верш. Пры гэтым, аднак, паэт добра адчувае не толькі выратавальны патэнцыял любові, але і я яе здольнасць балюча раніць як чалавека, так і саму зямлю:

Снег ідзе — ён так хоча аб нечым

расказаць пракаветнай зямлі,

на якой столькі ран чалавечых —

ад любві, ад любві, ад любві…

У кнізе сустракаецца нямала арыгінальных метафар, сярод якіх наступныя: «Маршчынаў сець — то вязь начэй і дзён / з надзей і страт, і з радасці, і з гора...»; «След самалёта — бінтамі / над захаду ранай чырвонай»; «Словы, якія вячэрнія зоры — / транслятары космасу — / будуць іншым даносіць планетам / пра ўсіх, / каго на зямлі згубілі»; «Свет — ён соты адвечных турбот»; «Хвалі хваляць адна адну / і бягуць, і бягуць талакою». Праўда, разам з тым часам у кнізе зрэдку можна знайсці, на мой погляд, і відавочна надуманыя, штучныя альбо празмерна мудрагелістыя вобразы, якія наўпрост псуюць уражанне ад верша: «Зорка азяб-ла ўздыхне — і танометрам / мерае месяц / ціск заінелай бярозы на лёдам / прыціхлай ракі»; «І ў вокны цішыня маўчанне панды / заглядвае з далёкіх берагоў»; «апорамі трывог высакавольтных / ідуць за небасхіл расстання дні». Аднак у цэлым новая кніга лірыкі Віктара Яраца пакідае пазітыўнае ўражанне і даволі прыемны паслясмак.

Эдуард ДУБЯНЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.