Вы тут

Рыгор Крушына. Паэт, які раздражняў панурых


Беларускія паэты-эмігранты, апанаваныя настальгічнай смутнагляднасцю, зазвычай мала ўвагі надзялялі фармальнаму боку сваіх вершаў. Калі чытаць іх творы, не ведаючы, хто напісаў, то ў пераважнай большасці можна падумаць, што гартаеш тэксты якога нашаніўца альбо заходнебеларускага паэта (скажам, Міхася Машары ці Міхася Васілька).


Для паэтаў-эмігрантаў (зноў жа, гаворым пра пераважную большасць) галоўнае — не як прамаўляць, а што. І ў гэтым прамоўленым каштоўная не адметная арыгінальная думка, а ўсімі зразумелая эмоцыя смутку, жальбы, словам — усяго таго, чым была багатая, напрыклад, ранняя паэзія Якуба Коласа. Паэты-эмігранты — як сляпыя кацяняты, адарваныя ад маці (Беларусі). Яны плачуць, енчаць, шкадуюць сябе і не здольныя ўбачыць ва ўсёй сваёй выразнасці таго кантэксту, куды трапілі. Яны плачуць па мінулым і не бачаць хараства Тэхаса альбо возера Антарыа, Нью-Ёрка ці Лос-Анджэлеса.

Рыгор Крушына — пісьменнік, які яскрава вылучаўся сярод падобных творцаў.

Ён не хацеў быць сляпым.

Ён быў адкрыты да новых літаратурных стыляў і плыняў.

Любіў гуляць са словам і гукам.

Лічыў, што праўдзівая драматургія верша палягае не ў змесце (у гэтым сэнсе ён не быў паслядоўнікам Багушэвіча), а ў форме.

Эстэтычнай адрознасцю ён раздражняў сваіх калег.

Нават такі цудоўны і па-мастацку багаты, шматгранны пісьменнік, як Масей Сяднёў, выказваўся пра Крушыну дастаткова крытычна і катэгарычна. Паводле Сяднёва, у аснове любога твора павінна быць абавязкова вялікая ідэя, моцны, глыбокі змест, рэалістычная аснова, а не такая паліндрамічная «бяссэнсіца» Рыгора Крушыны:

Горад. Там шмат дарог.

Гонар. Атара ног.

 Маса. А сам

Я аматар. Трата мая —

Сачу час.

І марамі

Я сунуся:

Я — і лаза і азалія.

Паводле Сяднёва, перад намі — пустая фарматворчасць, на якую не варта марнаваць час. І Рыгор Крушына быў для яго такім вось паэтам, што збольшага нагадвае спрытнага штукара, а не творцу.

Няўжо сапраўдны паэт Сяднёў не адчуваў хараства паэзіі Крушыны? Няўжо яго не зачароўвалі вірліва-рытмічныя радкі: «Вуліца вяліцца. / Дым і дамы. / Вуліца пыліцца. / Вузліць вугламі...» альбо: «Жужаль-жук жыццё нагамі вяжа / На пажоўклай жаласнай траве...» Няўжо Сяднёва не ўразіў гэты сапраўдны шэдэўр, прысвечаны літары «У»?

Літара «У», чаму

Стаіш на адной назе,

Падняўшы рукі ўгару?

Воўчым выццём грызе

Восеньскую пару

Доўгае: — У-у-у!

Сумны, тужлівы гук.

Роспач паднятых рук.

І я далоні ўзніму,

Трымцеючы: — У-у-у.

Усявышні, чаму

Ў мове так поўна «у»?

Чуюцца ў словах сум,

Смутак, пакута, глум.

Гулка гудзе струна:

Скруха, згуба, труна…

А ёсць і сузорны рух —

Музыка, мудрасць, дух.

Сяднёў быў катэгарычны ў сваім непрыняцці творчасці Рыгора Крушыны. З такой жа катэгарычнасцю Янка Брыль, дарэчы, не прымаў прозу таго ж Масея Сяднёва і раіў яму заставацца адно толькі паэтам.

І ў тым, і ў гэтым выпадку асноўная прычына непрыняцця палягала, думаецца, у... творчай зайздрасці.

Янка Брыль, калі чытаў творча-свабодныя раманы Сяднёва, прысвечаныя Другой сусветнай вайне, разумеў, што сам так не напіша, бо здратавана-стрыножаны савецкай цэнзурай і, што самае важнае, самацэнзурай.

Сяднёву ж, гэтаму духоўнаму вучню Міхася Зарэцкага, была непадуладная тая ажурная бессюжэтная лёгкасць і гульнёвасць, што была ўласцівая Рыгору Крушыну. Сяднёў не разумеў, як можа творчасць быць пазбаўлена трагічнага надрыву, як можна жыць, не нагадваючы сабе і кожнаму пра той страх і боль, які перажылі эмігранты падчас сталінскіх лагераў, акупацыі.

Сяднёў не ўмеў быць ажурна-лёгкім, не ведаў, як можна складаць вонкавабесклапотныя, гукавобразныя вершы.

 А калі чагосьці не ўмееш, а твой сусед гэта робіць цудоўна, то часам падобнае раздражняе і злуе.

Рыгор Крушына адзіны сярод сваіх калегаў, хто меў па-сапраўднаму сонечнае ўспрыманне рэчаіснасці.

Усімі сіламі герой нашага артыкула імкнуўся вырвацца з жахлівых успамінаў юнацтва (Сяднёў — наадварот: з мазахічнай зацятасцю рабіў іх адной з асноўных тэм свайго мастацтва. Нават адну з паэм прысвяціў… забойцу маці).

Гэтае, чыста галівудскае, імкненне да шчаслівага фіналу выразна праглядаецца нават у такім востраэкспрэсіўным, вонкава трагічным цытаваным тут вершы, прысвечаным літары «У».

Не трэба засмучаць чытачоў уласнымі пакутамі, фобіямі, страхамі, няўпэўненасцямі. Наадварот: сапраўдны паэт павінен дэманстраваць унутраную класіцыстычную сілу, спакой і… радасць. А таму, калі ў іншых творцаў мы знаходзім кіламетры таленавітых і не вельмі вершаў пра нешчаслівае каханне, калі яны з дзіўнай, крыху вычварэнскай, радасцю дэманструюць сябе ва ўласнай паэзіі няўдачнікамі, што ссушэлі ад смутку па далёкай радзіме, якіх кідаюць дзяўчаты і нікому яны, па сутнасці, не патрэбны, то ў Рыгора Крушыны ўсё цалкам іначай.

З іранічным спакоем і кінематаграфічнай упэўненасцю ён раіць:

Праменнем ясным рання

Старое гора спляж.

Ручнік для абцірання

Бяры з сабой на пляж.

Ты акуніся ў моры

І акунём плыві.

Пачуеш смех прасторы

І ў целе смех крыві...

А калі зусім пачне заядаць настальгічная туга, то: «Не праймайся!» — гаворыць Рыгор Крушына і працягвае сваю выратоўчую думку:

На чужыне туга, як мароз, ахіне, —

Не праймайся, чакай на адлігу.

Прыгадай, мая любая, сёння мяне.

Талісманам прызнай маю кнігу.

Хай напеўнае слова развее тугу

І прагоніць штодзённую стому.

Я сагрэю цябе. Я завочна магу…

На самоту не жалься нікому.

Глядзі на свет з іранічна-стрыманай усмешкай і не паказвай, якія войны д’яблаў і анёлаў дзеюцца ў тваёй душы, не гэта павінна быць асновай творчасці, быў перакананы Рыгор Крушына. І падобная перакананасць, падобная ўнутраная сіла і незалежнасць, безумоўна, раздражняла. Паэты, выхаваныя на лжывай догме, узятай яшчэ ў Дастаеўскага, што мастацтва і пакута — рэчы тоесныя, што трэба дзеля большай вастрыні і выразнасці раздзіраць уласнымі пазногцямі сваю душу да крыві, каб перапэцкаць у ёй і сябе, і чытача, не маглі дараваць Рыгору Крушыну яго падобнага адступніцтва і вялікай унутранай моцы.

Ён адзін з першых сярод паэтаў-эмігрантаў не захацеў быць пакутнікам, патанаць у мінулым.

Замест таго, каб чарговы раз вяртацца да родных кінутых, ніколі больш не ўбачаных «сястрычак-бярозак», ці не лепей, паводле Крушыны, назіраць, як

Маладая андалузка

Выйшла ў скокі. Любата!

Свету цесна, колу вузка —

Танчыць танец жывата…

Андалузка спрытна лучыць

Смех з мастацкаю гульнёй.

Аж натоўп гатоў заюрчыць

І пусціцца ў скокі з ёй.

Вось і паэт, сапраўдны паэт, паводле Рыгора Крушыны, бы тая вясёлая танцорка, мусіць зачараваць, здзівіць, развесяліць, натхніць свайго чытача, каб той адчуў сябе хоць на кароткі час бы ў казцы, каб адарваўся ад прыкрай рэчаіснасці і ўласнага смутнаглядства.

Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.