Вы тут

Пасеянае зерне прарасло


Калі чую пра чарговую кнігу Сяргея Чыгрына, якая ўбачыла свет у тым ці іншым выдавецтве, кожны раз дзіўлюся нястомнасці гэтага рупліўца на ніве краязнаўства і літаратуры. Што ні год — то новае выданне. А іх ужо 55! Нядаўна творца адзначыў 60-гадовы юбілей. А гэта міжволі прымушае падводзіць вынікі.


Слова Сяргея Чыгрына — паэтычныя зборнікі «Шчырая Шчара», «Горад без цябе», «Лірыка» і «Камень Міндоўга», кнігі гісторыка-краязнаўчых артыкулаў «Янка Купала і Слонімшчына», «Родам са Слонімшчыны», «Па слядах Купалы і Коласа» і інш. Нядаўна ў кнігарнях з’явіўся арыгінальны краязнаўчы «Каляндар Слонімшчыны», укладзены разам з Уладзімірам Хільмановічам.

Улюбёныя тэмы краязнаўчых даследаванняў Сяргея Чыгрына — гісторыя Слонімшчыны, беларуская эміграцыя, літаратурная Беласточчына. Ён апублікаваў сотні артыкулаў з даследаваннямі жыццёвага і творчага шляху Іосіфа Стаброўскага, Тодара Лебяды, Сяргея Хмары, Яна Пятроўскага, Гальяша Леўчыка ды іншых дзеячаў беларускай літаратуры, гісторыі і культуры. Некаторыя з гэтых артыкулаў пабачылі свет у гісторыка-краязнаўчым электронным бюлетэні «Слонімскі край», які Сяргей Чыгрын выдае разам з Сяргеем Яршом з лютага 2016 года. Ужо выйшаў 31 нумар бюлетэня.

Акрамя ўласных краязнаўчых даследаванняў, Сяргей Чыгрын рэгулярна звяртаецца да спадчыны забытых літаратараў. Уклаў і выдаў літаратурную спадчыну С. Грынкевіча, Ф. Грышкевіча, У. Казлоўшчыка, гістарычныя нарысы Міколы Шкялёнка, Сяргея Хмары, Леаніда Трубача… Пісьменнікам, чые кнігі выйшлі з друку ў Беларусі і на Беласточчыне, даследчык прысвяціў не адзін дзясятак артыкулаў, вярнуўшы ў літаратурны ўжытак не адно імя. Да таго ж С. Чыгрын рэгулярна выдае разнастайныя паштоўкі, буклеты, плакаты, прысвечаныя гісторыі і культуры Беларусі.

Асобны пласт і плён яго дзейнасці — пераклады твораў з сусветнай літаратурнай спадчыны на беларускую мову, папулярызацыя чытання замежнай літаратуры па-беларуску. З імёнаў паэтаў, чые творы перакладаў С. Чыгрын, можна згадаць Поля Элюара, Луізу Мішэль, Эжэна Пацье, Поля Верлена, Гіёма Апалінэра, украінскіх паэтаў Рыгора Елішэвіча, Валерыя Бойчанкі, Любоў Пшанічную, турэцкага паэта Фазыла Хюсню Дагларджы. Таксама ім перакладзены на беларускую мову п’есы А. Хайта, К. Манье, Э. Успенскага, К. Гальдоні, А. Астроўскага і іншых драматургаў. Многія спектаклі па іх п’есах пастаўлены на сцэне Слонімскага драматычнага тэатра, дзе Сяргей Мікалаевіч загадвае літаратурнай часткай, і на сцэнах іншых тэатраў Беларусі. Сам ён — аўтар некалькіх п’ес для дзяцей: «Падарункі Дзеда Мароза», «Белая мышка» (у суаўтарстве з Аляксеем Якімовічам), «Зачараваная хатка» (у суаўтарстве з Васілём Ткачовым). У 2018 годзе напісаў камедыю для дарослых «Банкамат для пенсіянераў».

Святлана АДАМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?