Вы тут

Рабіць гісторыю


Ёсць кінематаграфісты, для якіх гэта зусім не метафарычны выраз. Напрыклад, студыя гістарычных фільмаў «Майстэрня Уладзіміра Бокуна» дапамагае ўзгадніць старонкі беларускай гісторыі праз кіно. Нашы трагедыі і набыткі, героі і асобы, што ўзбагацілі не толькі сваю радзіму, але і наогул чалавечы свет сваімі справамі, — у цэнтры увагі стравальнікаў дакументальных фільмаў, якія часам здаюцца паўнавартаснымі мастацкімі работамі (як па працягласці, так і па падыходзе).

Пасля некаторых з’яўляецца адчуванне моцнага ўзрушэння альбо шоку, а некаторыя натхняюць выдатнымі прыкладамі стаўлення да радзімы ў розныя яе гістарычныя перыяды альбо да справы, якой хацелася прысвяціць жыццё. Як, напрыклад, вучоны-фізік Зыгмунт Урублеўскі, ураджэнец Гродзеншчыны, распрацоўкі якога ў свой час скланулі сусветную навуку. Пра яго распавядае фільм «Зыгмунт Урублеўскі. Гарачы кісларод», які яшчэ можна заспець у кіназалах розных гарадоў Беларусі.

Гэта адна з частак адметнага дакументальнага праекта «100 імёнаў Беларусі», які ўжо прыцягнуў увагу гледачоў. І не толькі з пункту гледжання выбару герояў для фільмаў, але і самім падыходам да здымкаў. Дакументальнае кіно можа быць рознае — публіцыстычнае, дзеля таго, каб раскрыць з’яву і пераканаўча данесці думку праз рэальныя факты, лічбы, дакументы ці сведкаў пэўных драматычных ці трагічных падзей. Але дакументальнае кіно можа дапамагчы адчуць эпоху, яе дух і пытанні, вырашэння якіх вымагала жыццё. І часам дзеля гэтага можна нагадаць пра аднаго чалавека, узнавіць яго біяграфію, каб стварыць вобраз часу і магчымасцяў, якія мелі людзі, альбо насуперак чаканням іх атрымлівалі ці наогул стваралі самі для сябе.

Зыгмунт Урублеўскі жыў насуперак. Нарадзіўшыся ў шляхецкай сям’і ў 1845 годзе, выдатна адукаваны юнак не абмінуў падзей, якія адбываліся ў 1860-я гады на радзіме. Прыняў ідэі паўстанцаў, за што пацярпеў: высылка, хвароба, жыццё пад наглядам паліцыі… Затым пераезд, Еўропа, новыя магчымасці, у тым ліку для заняткаў навукай. І той самы дзень, калі з Кракава прыйшла сенсацыйная навіна: насуперак меркаванням аўтарытэтных навукоўцаў вадкі кісларод ёсць, і яго здолелі атрымаць! А потым можна было пайсці і далей — атрымаць вадкі азот ці вокіс вугляроду і іншыя газы. Цяпер гэтымі вынаходніцтвамі карыстаецца свет — у касманаўтыцы, медыцыне і нават у побыце. Ніхто не задумваецца, якім шляхам атрыманыя выгоды, што за іх, магчыма, нехта ахвяраваў жыццём.

Зыгмунт Урублеўскі здабыў сусветную прызнанасць у навуковых колах, стаў ганаровым членам Кракаўскай акадэміі навук, дэканам фізіка-матэматычнага факультэта Ягелонскага ўніверсітэта. Але не разнявольваўся і працягваў працаваць у лабараторыі. Не было для яго выхадных, вечар быў часткай дня, адзіным часам, што дадзены чалавеку, які хоча паспець шмат, вельмі шмат, ён апантаны справай… Спыніў даследчыка нечаканы пажар у лабараторыі, падчас якога моцна пацярпеў сам Урублеўскі, а праз некаторы час памёр.

Фільмы пра рэальных людзей, заснаваныя на іх узноўленай біяграфіі (створаныя ў жанры дакдрамы), уражваюць менавіта характарамі. Тое, што не прыдумана, часам кранае больш, чым самая жаласлівая штучная меладрама, — ступень пераканаўчасці зусім іншая. А стваральнікі фільмаў з серыі «100 імёнаў Беларусі», як правіла, імкнуцца выбудаваць сюжэт, падаць гісторыю з інтрыгай (каб глядач усё ж адчуваў асаблівасць размовы праз кіно), імкнуцца задаць пытанні. Рэальнасць іх падкідае без сарамлівасці. Што ёсць справа жыцця для чалавека? Ці можна дзеля яе ісці на рызыку? Ці варта ахвяраваць сабой дзеля таго, каб нехта іншы змог адкрываць новыя вяршыні і ішоў далей у спасціжэнні таямніц прыроды і чалавека. І ці не чалавек — самая вялікая таямніца ў гэтым свеце?

Яшчэ адзін адметны бок праекта ў тым, што сутнасныя пытанні, якія датычацца існавання чалавека, агучваюцца праз лёсы нашых землякоў: усё блізка, больш зразумела. І аднаразова больш істотна, бо заснавана на досведзе тых, хто тут жа да нас рабіў нешта, а мы забяспечваем працяг, бесперапыннасць. Серыя дзеля адчування повязі пакаленняў. Нават калі яна (вонкава) здаецца перарванай. Зыгмунта Урублеўскага ў свеце ведаюць як польскага вучонага. Але важна, каб праўду ведалі мы і рабілі высновы, не дапускаючы старт ужо ў нашай рэчаіснасці. Гісторыя ўсё расстаўляе па месцах, але перш чым такія асобы, як Урублеўскі ці Ігнат Дамейка (герой папярэдняга выпуску) альбо Наркевіч Ёдка ці Казімір Семяновіч, прыходзяць да нас праз кіно ў якасці сваіх герояў, адбываецца шмат драматычных падзей, якія народы перажываюць з болем і так ці інакш даводзіцца азірацца, вяртацца думкамі ў мінулае, для таго каб лепш разумець сваю будучыню. Яна павінна быць, калі былі і ёсць тыя, хто «гарыць» справай асветы.

 Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».