Вы тут

Уладзімір Цвірка. Засвір


Мне заўсёды падабаецца, калі храм стаіць крыху наводдаль ад паселішча. Здаецца, пасля доўгай дарогі ён прыпыніўся вось тут, каб перадыхнуць ці агледзецца, куды завёў яго лёс.


Акінуў позіркам наваколле і зразумеў, што нездарма збочыў з дарогі. Пагорак, лясныя гоні, шырокая дарога. Прыгожа, зацішна… І вырашае храм стаяць тут цвёрда, непарушна зліцца з наваколлем. Сустракаць разам сонца, дождж і вецер, абвяшчаць звонам высокіх купалоў надыход новага дня і маліцца разам з тымі, хто прыйдзе пад яго скляпенні, з удзячнасцю, што атрымалі яшчэ адзін дзень жыцця. За мір на гэтай зямлі, за тое, што яна дае чалавеку і што ад яго патрабуе…

Здаецца, нешта падобнае можна назіраць у вёсцы Засвір, што ў Мядзельскім раёне. Каталіцкая святыня стаіць на ўскрайку паселішча ўжо больш як трыста гадоў. Над наваколлем пануюць яе, можа, не вельмі высокія, але суровыя вежы, ды і наогул касцёл крыху падобны на сярэднявечны замак.

Не пуставала гэтае маляўнічае месца і да будоўлі храма. З пачатку XVII і да пачатку XVIII стагоддзя тут быў драўляны касцёл. Больш звестак засталося пра кляштар, які знаходзіўся побач з касцёлам. Сродкі на яго будоўлю ахвяраваў маршалак ашмянскі Вялікага Княства Літоўскага Крыштаф Зяновіч у 1697 годзе. Дарэчы, гэты кляштарны комплекс манахаў-кармелітаў на той час быў самым вялікім на землях ВКЛ. Літаральна праз пятнаццаць гадоў на сродкі гэтага ж шляхецкага роду распачалася маштабная будоўля новага кляштарнага комплексу, але на гэты раз каменнага.

Разам з мураванымі сценамі жылых будынкаў узвялі цагляны касцёл Найсвяцейшай Троіцы ў стылі барока з дзвюма вежамі. Храм вельмі сціпла ўпрыгожаны звонку, што надае яму стрыманую ўрачыстасць і дух абарончага збудавання. Узмацняе гэтае ўражанне асаблівы ўваход у касцёл. Ён дапоўнены невысокім паўкруглым барбаканам, які ахінае, быццам абараняючы, уваход у святыню.

Што датычыцца жылога будынка кляштара, то пацярпеў ён спаўна. Некалькі сцен у руінах. Але нават па тым, што захавалася, можна ўявіць, якіх памераў ён быў. Недзе тут, пад грудамі бітай цэглы, магчыма, захаваліся сутарэнні, у якіх трымалі ўдзельнікаў паўстання 1830—1831 гадоў. Манахі дапамаглі палонным збегчы, што стала адной з прычын таго, што кляштар неўзабаве закрылі, а касцёл пераасвяцілі ў праваслаўную царкву.

Але ж будынкі былога кляштара працягвалі служыць людзям і надалей. Пасля Першай сусветнай вайны ў іх размясціўся ваенны шпіталь, пасля — вясковая школа. Зусім побач з касцёлам на магутным каменным падмурку захавалася вежа-званіца, а насупраць святыні — сціплая цагляная брама, якая без агароджы выглядае сіратліва.

У 20-я гады мінулага стагоддзя на вежы касцёла вярнулі каталіцкія крыжы. Але ненадоўга. У 1946 годзе святыня была закрытая. На 45 гадоў. Сёння храм адрэстаўраваны, і да яго расчыненых дзвярэй зноў цячэ людская плынь.

Якімі помнікамі даўніны багатая яшчэ вёска Засвір? У першую чаргу былая шляхецкая сядзіба, якая некалі насіла назву «Алешкі». Захаваўся драўляны сядзібны дом сціплай пабудовы, некалькі гаспадарчых будынкаў і вялізная плябанія вельмі ўдалай канструкцыі, што стаіць непадалёк ад касцёла.

Дарэчы будзе згадаць адно з самых цікавых сваімі абрысамі возера Свір, якое знаходзіцца побач. Ад яго назвы, відавочна, і ўтварылася назва вёскі Засвір. Возера вузкай вадзяной стужкай працягнулася ад гарадскога пасёлка Свір амаль да возера Вішнёўскага на 14,1 кіламетра ўздоўж граніцы з Гродзенскай вобласцю. Гэта другое па даўжыні возера ў Беларусі.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.