Вы тут

Прэзідэнт: Народ стаміўся чакаць рэзультатаў у спорце


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у нарадзе па пытаннях развіцця летніх відаў спорту. У Нацыянальным алімпійскім камітэце былі прааналізаваны вынікі работы галіны і абмеркаваны праблемныя моманты.


Развіццё спорту заўсёды было і застаецца нязменным прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Але, на думку Прэзідэнта, у летніх відах гэты рэзультат не той, на які краіна мае права разлічваць з улікам узроўня падтрымкі. У гэтай сферы годна выступаюць толькі каманды па грэбле на байдарках и каноэ, прыжках на батуце, некаторых відах барацьбы, нядрэнна правялі сезон тэнiсісткі, лічыць ён. “А стральба, гімнастыка, лёгкая атлетыка, фехтаванне, грэбля акадэмічная, плаванне?” —  запытаўся кіраўнік дзяржавы. — Чаму гэтыя традыцыйна моцныя для нас віды спорту толькі зрэдку трапляюць на п’едыстал сусветных першынстваў? Гульнявыя віды, мяркуючы па ўсім, увогуле туды не імкнуцца”.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што спорт — не латэрэя, за кожнай перамогай стаіць вялікая праца многіх прафесіяналаў. Рэзультат складаецца з вырашэння канкрэтных сістэмных пытанняў, па якіх неаднакратна даваліся даручэнні, у тым ліку на нарадзе па зімовых відах спорту ў красавіку гэтага года. “Неабходна забяспечыць максімальную эфектыўнасць дзяржаўных укладанняў у галіну. Калі вызначыліся з прыярытэтнымі відамі спорту, менавіта туды трэба накіроўваць асноўныя рэсурсы — як людскія, так і матэрыяльныя. Прычым рух павінен быць сінхронным на ўсіх узроўнях і ва ўсіх аспектах: у падрыхтоўцы кадраў, спецыялізацыі спартыўных школ, інфармацыйным суправаджэнні і фінансаванні”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што ўжо была пастаўлена задача забяспечыць спартыўныя школы інвентаром і абсталяваннем, звярнуў увагу на спартыўную інфраструктуру. Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да міністра спорту і даручыў навесці парадак.

Яшчэ адно пытанне ў галіне — трэнеры. “У асобных відах спорту за апошнія дзесяць гадоў падрыхтавана ў паўтара-два разы больш трэнераў, чым сёння працуе. Дзе астатнія?” — запытаў кіраўнік дзяржавы. “Відавочна, што маладыя спецыялісты застаюцца там, дзе кіраўнік праяўляе зацікаўленасці і стварае ўмовы для працы і жыцця. На плячах трэнера ляжыць асноўная адказнасць за пошук, адбор, падрыхтоўку і матывацыю будучых чэмпіёнаў. З іншага боку, ствараючы для трэнера неабходныя ўмовы, трэба наладзіць эфектыўны кантроль за яго работай, за ўлікам тых, хто займаецца ў спартыўных школах”, — сказаў Прэзідэнт.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як працуюць спартыўныя федэрацыі. Неабходна забяспечыць спартсменаў топ-узроўня ўсім неабходным, каб яны паказвалі рэзультаты.

Падрабязней кіраўнік дзяржавы спыніўся і на праблеме допінгу: “Хачу папярэдзіць: ніякіх забароненых методык і прэпаратаў. Гэта неабходна выключыць раз і назаўсёды. Тым больш устаноўлена крымінальная адказнасць за гэта. Адзін антыдопінгавы скандал — і пакутуе уся краіна, усе віды спорту. Вы ведаеце, як пiльна за гэтым назіраюць”.

Гаворачы пра медыцынскае і навукова-метадычнае суправаджэнне спорту, Прэзідэнт адзначыў, што ў сакавіку будучага году плануецца адкрыць новы будынак Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра спорту.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на тое, што падчас тэлетрансляцый бачны пустыя трыбуны. На яго думку, не трэба “заганяць” туды людзей. Гэта пытанне да арганізатараў — лепш прапанаваць гэтыя квіткі, пенсіянерам, людзям з інваліднасцю, дзецям, каб яны маглі наведаць такія мерапрыемствы.

“Наперадзе два важныя экзамены — Другія Еўрапейскія (гульні — Аўт.) і Алімпіяда ў Токіа ў 2020 годзе. Для якаснай падрыхтоўкі да гульняў ужо многае зроблена, але ёсць і нявырашаныя пытанні. Неабходна прывесці ў парадак спартыўную інфраструктуру, улічыць усе нюансы, звязаныя з лагістыкай, харчаваннем, медыцынскім суправаджэннем, забеспячэннем бяспекі ўдзельнікаў і гасцей гульняў. Прадумаць ўсё да дробязей”, — падкрэсліў Прэзідэнт і дадаў: “Гэта маштабнае мерапрыемства, да якога будзе прыкавана пiльная ўвага мільёнаў балельшчыкаў. Па iм будуць меркаваць аб нашай краіне. Але не менш важны і спартыўны рэзультат. На хатніх арэнах, пры падтрымцы беларускіх гледачоў нашы атлеты проста абавязаны прадэманстраваць свае лепшыя здольнасці”. Тое ж самае датычыцца і гульняў у Токіа. “Народ стаміўся чакаць рэзультатаў у гэтай сферы”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

***

Па меркаванні галоўнага трэнера зборнай Беларусі па мастацкай гімнастыцы Ірыны Ляпарскай, ні новыя палацы, ні пошук таленавітых дзяцей не дапаможа, калі няма трэнераў. А пакуль існуе такі прабел: дзяўчыны, якія хочуць трэніраваць у мастацкай гімнастыцы, ідуць у БДУФК вучыцца, але не маюць магчымасці працаваць з першага курса. За чатыры гады ва ўніверсітэце яны ў большасці сыходзяць у сумежныя напрамкі, дзе прасцей, і не вяртаюцца трэніраваць у прафесійны спорт. Ірына Ляпарская прапанавала разгледзець магчымасць, каб маладыя спартсменкі, якія завяршаюць сваю кар’еру, маглі б адразу пасля школы станавіцца памочнікамі трэнера ці трэнерамі-стажорамі.

Таксама спартсменка звярнула ўвагу на тое, што былі наказаны трэнеры, якія прымалі дзяцей на мастацкую гімнастыку з чатырох гадоў. Па яе меркаванні, у гэты спорт трэба прымаць дзяцей нават і з трох гадоў. Трэнер лічыць, што неабходна зняць гэтае абмежаванне. На думку Прэзідэнта, гэта магчыма.

Старшыня Беларускай асацыяцыі гімнастыкі Алена Скрыпель падтрымала калегу ў тым, што ёсць праблема. Умова ідзе пра роўныя магчымасці, бо інакш няма зацікаўленасці для трэнераў ісці ў вялікі спорт. Больш лёгкі і прыбытковы варыянт — стварыць ІП. Там менш адказнасці і большыя заробкі, туды і сыходзяць маладыя трэнеры. Прэзідэнт даручыў разабрацца ў гэтым пытанні.

Падводзячы вынікі, кіраўнік дзяржавы адзначыў, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады: “Мы з вамі дамовіліся: ёсць рэзультат — ёсць работа. Няма рэзультата – гарантую, што вы будзеце шукаць працу за межамі Беларусі. Не таму, што вы не далі рэзультат, а таму, што вельмі дрэнна ставіцеся да выканання сваіх службовых абавязкаў, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Каментарый у тэму

Сяргей Кавальчук, міністр спорту і турызму Беларусі:

— Крытыка прагучала ў адрас і Міністэрства спорту, і федэрацый. Яна справядлівая, таму што самая важная мерка нашай дзейнасці — гэта рэзультат. На жаль, рэзультату сёння няма. Глядзім хакей, бачым, як выступае мінскае «Дынама», бачым, як выступае зборная наша па хакеі на ўсіх узроўнях. Грошы ўкладваюцца ў спорт вялікія, а аддачы ад гэтага няма. Нам неабходна працаваць, працаваць і працаваць для таго, каб выйсці з гэтага становішча.

Вадзім Дзевятоўскі, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы:

— Прэзідэнт вельмі справядліва пытае пра рэзультат, бо тая ўвага, якую аддае дзяржава, многім краінам нават не снілася. Таму, вядома, людзі чакаюць вынікаў. Я сам памятаю, калі быў спартсменам, якую радасць людзі выказвалі, калі прыязджаў у Наваполацк да землякоў. Такі гонар, што беларус стаяў на Алімпійскім п'едэстале.

Ірына Ляпарская, галоўны трэнер зборнай Беларусі па мастацкай гімнастыцы:

— Вельмі рада, што мяне пачулі. Гэта не мая асабістая праблема, а праблема будучыні беларускага спорту, і не толькі майго віду. Я думаю, што ўсюды ёсць зараз такая праблема, што трэба зацікавіць спартсменаў застацца ў спорце, стаць добрым трэнерам і прыносіць славу радзіме. Але вельмі цяжка нам іх пакінуць трэнерамі, таму сёння мне прыйшлося папрасіць кіраўніка дзяржавы зрабіць хоць бы такія нязначныя папраўкі, каб дазволіць ім працаваць па заканчэнні спартыўнай кар'еры трэнерамі, не чакаючы атрымання вышэйшай адукацыі. Калі гэта будзе зроблена, я буду вельмі рада. У мяне ёсць такія дзяўчаткі, якія хочуць стаць трэнерамі, але чакаць чатыры гады ні яны, ні я не можам.

Надзея АНІСОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.