Вы тут

Цыкорыя салатная: вырошчваем на градцы і на падаконніку


Асаблівасцю гэтай расліны з'яўляецца тое, што ў асенне-зімовы перыяд яна выдатна расце на падаконніку, забяспечваючы зелянінай у той час, калі свежай гародніны ўжо няма.

У лістах салатнай цыкорыі ўтрымліваецца аскарбінавая кіслата, цукар, бялок, мінеральныя солі, карацін, інулін і інтыбін. Апошні, дарэчы, і надае лісцю горыч. Гэта рэчыва паляпшае работу органаў стрававання, печані, жоўцевага пузыра, падстраўнікавай залозы. Дзякуючы ўтрыманню інуліну, салатная цыкорыя — выдатны дыетычны сродак для хворых на цукровы дыябет.


Пасадка і догляд

Цыкорыя салатная, або эндывій, — расліна двухгадовая. У першы год жыцця ўтварае буйную разетку лісця і доўгі канічнай формы караняплод даўжынёй 25—30 см. Салатная цыкорыя добра расце на ўгноеных рыхлых някіслых глебах. На сонечным, абароненым ад ветру месцы.

Глеба павінна быць досыць вільготнай, але не пераўвільготненай. Насенне высейваюць у другой палове мая, засыпаючы пластом глебы на 1—1,5 см. Догляд заключаецца ў прарэджванні раслін (з інтэрвалам 10—15 см), праполкі, рыхлення міжраддзяў. Каб салата не пакутавала ад мучністай расы, паліваць лепш раніцай, пазбягаючы пападання вады на лісце. У сухую пару расліны могуць пайсці ў стрэлку.

Каб цыкорыя не гарчыла

Зеляніна цыкорнай салаты гарчыць. Каб зрабіць яе смачнай, лісце адбельваюць. Ёсць некалькі спосабаў.

Першы спосаб

Лісце дарослых раслін (прыкладна праз 12 тыдняў пасля пасеву) збіраюць пучком да вяршыні і асцярожна абвязваюць шпагатам або вузкай стужкай, каб ніжняе лісце не палегла на зямлю і не загнівала.

Затым накрываюць спанбондам або пластыкавай скрыняй (можна і вядром), цалкам ізалюючы ад святла, але пакідаючы для вентыляцыі невялікія шчыліны. Паліваць салату ў перыяд адбельвання трэба асцярожна. Вада не павінна трапляць на лісце і тым больш у сярэдзіну расліны. Працэс адбельвання даволі карпатлівы, таму ім займаюцца па меры неабходнасці (па 2-3 расліны).

Другі спосаб

Перад надыходам моцных маразоў цыкорыю выкопваюць з коранем і пераносяць у цяпліцу або склеп з пастаяннай тэмпературай 10—15 °С. Прыкопваюць у скрыню з пяском або агароднай зямлёй, пакідаючы паміж раслінамі невялікія прамежкі. Затым адбельваюць, як у першым спосабе. Праз 2-3 тыдні лісты становяцца крэмава-белымі і салодкімі. Захоўваецца цыкорная салата дрэнна, таму лісце лепш адразу з'есці.

Зеляніна на падаконніку

Восенню і зімой можна атрымліваць зеляніну (пупышак) з караняплодаў салатнай цыкорыі. Для гэтага салату ў канцы верасня ўбіраюць разам з бацвіннем, складаюць у невялікія купкі (бацвіннем вонкі) і пакідаюць на 5-6 дзён для правяльвання і падсушвання. Затым бацвінне абразаюць на 3 см вышэй шыйкі караняплода. Ад зямлі караняплоды не чысцяць і кладуць на захоўванне ў склеп або іншыя памяшканні з тэмпературай 1-2 °С.

У канцы кастрычніка — пачатку лістапада караняплоды высаджваюць у скрыні з ўвільготненым грунтам (торф, торфапясочная сумесь, перагной ці ўвільготненае пілавінне). Накрываюць зверху цёмным матэрыялам і пакідаюць у памяшканні на 1,5-2 тыдні пры тэмпературы 10—12 °С. Пасля пераносяць у памяшканне з тэмпературай 15—20 °С. Ураджай можна збіраць праз 3-4 тыдні.

Віды і сарты

На агародзе вырошчваюць тры культурныя разнавіднасці:

  • Вітлуф — шыракалісты, утварае буйную далікатную галоўку, якая па форме падобная на салату рамэн;
  • Эндывій — кучаравы (разрэзналісны);
  • Эскарыёл — з разеткай з шырокага цельнакрайняга лісця з мясістай жылкай.

Насенне ў асноўным бывае замежных вытворцаў. У продажы сустракаюцца наступныя паўкачанных гатункі: Конус, Ракета, Таццяна, Радзічыа, Бельгійская эндывія, Экспрэс.

А пакуначкі з хітрай назвай «салатная цыкорыя Вітлуф» — гэта сорт белай цыкорыі, які пасля стаў намінальнай назвай разнавіднасці з выцягнутымі качанчыкамі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».