Вы тут

Як у Беларусі развіваецца сектар беспілотнікаў


Лятальныя апараты, якія не трэба пілатаваць, апошнім часам развіваюцца вельмі імкліва. Адна з вельмі вялікіх пераваг беспілотнікаў — больш нізкі кошт у параўнанні з класічнымі ўзорамі ваеннай паветранай тэхнікі. Напрыклад, у ЗША кошт аднаго знішчальніка, па ацэнках экспертаў, складае каля 100 мільёнаў долараў. Супастаўляльны баявы беспілотнік верхняга дыяпазону каштуе каля $6 млн.

Развіваецца сектар беспілотнікаў і ў Беларусі. Ён малады — сёлета яму спаўняецца 10 гадоў. Але за гэты час дасягнута ўжо многае. Пра напрацоўкі і перспектывы — начальнік упраўлення выкарыстання і развіцця беспілотных авіяцыйных комплексаў Узброеных Сіл Ігар Завідняк.


Унікальная прапанова

— Задачы, якія выконвае наша ўпраўленне, і іх спецыфіка выходзіць за межы войскаў ваенна-паветраных сіл і проціпаветранай абароны, — адзначыў Ігар Завідняк. — Зрабіць так, каб беспілотны лятальны апарат проста ўзняўся ў паветра — гэта ўжо пытанне дня ўчарашняга. Можна сказаць, што гэта спецыфіка распаўсюджваецца на часці ўсіх Узброеных Сіл: зрабіць паветраную разведку, нанесці ўдар, паставіць перашкоду, перавезці грузы, карэспандэнцыю... Ды і на іншыя сферы, якія датычацца грамадзянскага жыцця, таксама. Літаральна нядаўна «Белпошта» прапанавала нам, каб у аддаленыя вёскі нашы беспілотнікі дастаўлялі пошту — натуральна, гэта танней, чым адпраўляць у працяглыя рэйсы аўтамабілі. Для нас гэтая задача па сілах — дзеянне фельд'егерскай паштовай службы з дапамогай беспілотнікаў мы адпрацавалі яшчэ ў 2015 годзе падчас сумесных аператыўных вучэнняў «Шчыт Саюза». Праблем ніякіх гэта не складае. Пытанне толькі стаяла аб парадку выкарыстання. Аператараў жа мы рыхтуем на вайсковым факультэце Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі.

Сельскай гаспадарцы мы можам прапанаваць аблёт сельгасугоддзяў. Ратавальнікам і Міністэрству ўнутраных спраў — пошук зніклых людзей у лясах. Міністэрству лясной гаспадаркі — магчымасць маніторыць пажарную сітуацыю ў лясных масівах. Міністэрству прыроды і аховы навакольнага асяроддзя — сачыць за тым, як мігруюць жывёлы. Энергетыкам — правяраць працаздольнасць ліній электраперадачы. Нават дырэктары будаўнічых прадпрыемстваў звярталіся да нас з просьбай аб выкарыстанні беспілотнікаў, каб з іх дапамогай адсочваць якасць дарожнага пакрыцця. Напрыклад, для таго каб якасна ляжаў асфальт, каток мусіць прайсці па ім не менш за сем разоў. І хто будзе гэта адсочваць і запісваць адмыслова? А беспілотнік — суддзя бесстаронні і незалежны.

Суткі аўтаномнасці

— Мы выйшлі на той узровень, калі вырашаецца пытанне па функцыянале беспілотнай авіяцыі, — заўважыў Ігар Завідняк. — Агнявыя задачы пакуль не выконваем, але ў гэтым кірунку актыўна працуем. У перспектыве — хочам пашырыць спектр да радыётэхнічнай разведкі, радыёэлектроннага падаўлення. Шмат намаганняў скіравана на тое, каб максімальна зменшыць уразлівасць сістэм дыстанцыйнага кіравання. Пяць гадоў таму размова пра гэта не ішла наогул.

Мы пачыналі з расійскіх вучэбных комплексаў — «Іркутаў». На ўзбраенне тады паступілі комплексы ад тых, якія працуюць на малой дальнасці, да тактычных, якія выконваюць задачы, знаходзячыся ад аператара-кіроўцы на адлегласці да 120 кіламетраў. А працуючы ў аўтаномным рэжыме — і да ўсіх 600. У Беларусі таксама распрацаваны комплекс «Бусел-10». Дастаткова сказаць, што сам разлік знаходзіцца ў спецыяльным аўтамабілі, дзе можна без перапынку працаваць больш за суткі цалкам у аўтаномным рэжыме. Там ёсць спальныя месцы, кухня для прыгатавання ежы, магчымасць працаваць пазменна. Комплекс таксама абсталяваны станцыяй спадарожнікавай сувязі. А ў паветры можа знаходзіцца больш за сем гадзін. Думаем, што на «Шчыце Саюза — 2019» мы пакажам усе нашы ўменні.

Сакалінае паляванне

— У сферы беспілотнікаў мы вельмі актыўна супрацоўнічаем з Расіяй. Нашы партнёры прапанавалі разглядаць пытанні процідзеяння беспілотнікам з улікам сірыйскага досведу. А мы даём нашы навуковыя распрацоўкі. Разам мы прыводзім да агульнага выгляду кіруючыя дакументы, выконваем задачы на аднатыпных лятальных апаратах, праходзім падрыхтоўку ў Расійскай Федэрацыі. Гэта моцна аблягчае працэс падрыхтоўкі. І гэтым метадам ужо цікавяцца Арменія, Кыргызстан, Таджыкістан.

Сёлета нашы разлікі беспілотных авіяцыйных комплексаў удзельнічалі ў міжнародных Армейскіх гульнях на тэрыторыі палігона Матыбулак, які знаходзіцца ў Казахстане. Дэбют беларусаў адбыўся ўдала — нашы вайскоўцы заваявалі бронзавы медаль у намінацыі «Сакалінае паляванне».

— Але разам з тым мы ўбачылі, дзе ж менавіта нашы слабыя месцы. Напрыклад, Расія большасць палётаў выконвае ўначы. У нас такога досведу было менш. Калі ўзяць палёт у гарах — ну якія ж у раўніннай Беларусі горы? І падчас вучэнняў мы сутыкнуліся з тым, што на розных вышынях — абсалютна розны вецер. Нягледзячы на перашкоды, будзем змагацца ў далейшым за больш высокія месцы. Гэта не гонка за медалямі, а магчымасць праверыць свае сілы.

Ударны верталёт

— Кожныя два гады мы выходзім на абсалютна новы беспілотны лятальны комплекс па сваіх характарыстыках, — паведаміў Ігар Завідняк. — Летась мы прынялі на ўзбраенне Supercam-100. Сёлета пачаліся пастаўкі — і аказалася, што яго характарыстыкі ў два разы вышэйшыя ў параўнанні з тым часам, калі мы рыхтавалі дакументы. Перад прадпрыемствамі нашага абарончага сектара стаіць галоўная задача распрацоўкі ўдарнага складніку. Зараз на палігонах ідзе абкатка гэтых узораў, каб у пачатку наступнага года іх дапрацаваць і прадэманстраваць кіраўніку дзяржавы. Гэта высокадакладная зброя, яна значна таннейшая за іншыя ўзоры, а таксама выключаецца магчымасць паражэння пілота. Больш за тое, налета адно з прадпрыемстваў хоча паказаць ударны беспілотны верталёт. Ён можа завісаць, працаваць у горадзе, мае зусім іншыя лятальныя магчымасці, чым класічны беспілотнік. І пры наяўнасці тэхнікі мы ўжо можам выдзяляць такі рэсурс, каб наш выпускнік-лётчык на экзаменах мог самастойна кіраваць беспілотнікам.

Але ўжо распрацаваны больш дасканалы комплекс — Supercam-350. Ён можа ўзлятаць як з катапульты, так і без яе. Каб прызямліцца, беспілотнік выкарыстоўвае парашут. І нават калі ў яго зламана плоскасць, дзякуючы якой ён трымаецца ў паветры, то адрамантаваць апарат вельмі лёгка. Рабочая вышыня такога беларуска-расійскага комплексу — 500—600 метраў. І нават у дажджлівае надвор'е камеры беспілотніка бачаць цэлі максімальна дакладна.

Убачыць крыж за сто кіламетраў

— Цяпер мы распрацоўваем спалучэнне комплексу з агнявымі сродкамі. Тым самым будзе створаны агнявы модуль. Сірыйскі досвед паказаў, што эфектыўнасць падобнага ўзбраення ўзрастае сямікратна, — падкрэсліў Ігар Завідняк. — Таксама змяншаецца колькасць затрачаных боепрыпасаў. Паражэнне наносіцца не па плошчы, а кропкава. Задаючы каардынаты аб'ектаў, атрымліваем высокую эфектыўнасць. У сем разоў эфектыўнасць узрастае і змяншаецца колькасць затрачаных боепрыпасаў.

Сёлета на казахстанскім палігоне Сары-Шаган падчас вучэнняў ішла прамая трансляцыя палёту нашага беспілотніка па каналах сувязі ў Беларусь. Наш комплекс здолеў на адлегласці больш за сто кіламетраў распазнаць мішэнь памерам 6 на 6 метраў з вышыні, большай за кіламетр. Сама мішэнь уяўляла сабой белы крыж. Ён быў зроблены так, каб максімальна нагадваць звычайны саланчак, якіх у Казахстане вельмі шмат.

Але расслабляцца мы не можам. Адстанем — прайграем. Таму беларуска-расійскія беспілотнікі будуць удасканальвацца і надалей.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота прадстаўлена Міністэрствам абароны

Загаловак у газеце: Ад беспілотніка не схаваешся

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.