Вы тут

Маладзечна прэтэндуе на званне беларускай сталіцы стрыт-фуду


Пакуль мінскія кавярні і рэстараны спаборнічаюць між сабой за званне ўладальніка самага моднага інтэр'ера, рэгіянальныя аб'екты грамадскага харчавання робяць стаўку на якасную ежу і адпачынак для ўсіх. Доказ гэтаму — маладзечанская «Вуліца стрыт-фуду», куды паласавацца смакатой прыязджаюць нават мінчане. Карэспандэнт «Звязды» ацаніла гастранамічны патэнцыял горада і грамадскія ініцыятывы мясцовых жыхароў.


Тэрыторыя смаку

У зімовым паветры водар печыва і кавы па-асабліваму прыцягальны. Менавіта ён падказаў мне дарогу да месца, якое ні ў якім разе нельга паказваць дзяўчатам, што сядзяць на дыеце. Бургерная, сушы-бар, пякарня, чабурэчная, вафл-бар, шаўрмічная...

Вось яна — «Вуліца стрыт-фуду». Па сутнасці, гэта стары міні-рынак з невялічкімі крытымі павільёнчыкамі, якія абабіты белым сайдынгам. Такія, пэўна, знойдуцца ў кожным райцэнтры краіны. Але толькі тут, у Маладзечне, «спадчыну 90-х» змаглі пераўтварыць ва ўнікальнае месца ўзаемадзеяння эканамічных, сацыяльных і культурных ініцыятыў.

Першымі, хто аблюбаваў гэтае месца, былі венесуэлец Жэан Франка Вітрыяга Гансалес і яго жонка — беларуска Дар'я. Летась маладая пара адкрыла міні-кавярню з лацінаамерыканскімі бургерамі, якія сталі сапраўдным гастранамічным хітом мінулага года. Тады нават многія кулінарныя крытыкі ўпэўнена заяўлялі: пакаштаваць крафтавую (тую, што гатуецца на месцы) булачку з сакавітай катлетай і незвычайным соусам павінен кожны беларус. За паўтара года тут з'явілася яшчэ шэсць пунктаў грамадскага харчавання, і днямі свае дзверы для наведвальнікаў адчыніць восьмы.

Але не ежай адзінай. У верасні вуліца стала яшчэ і культурным цэнтрам, дзякуючы неабыякавым жыхарам горада.

— Маладзечна заўсёды было месцам прыцягнення цікавых ініцыятыў. Адзін толькі Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі, які існуе ўжо 25 гадоў, чаго варты! У нас знаходзяцца два тэатры, шыкоўны Палац культуры і Мінскі абласны краязнаўчы музей. Усё гэта складае пэўны вобраз горада і прыцягвае аматараў традыцыйнай культуры. Але, на думку звычайных жыхароў, нам даўно не хапала месца з нефармальнай утульнай атмасферай, дзе маглі б збірацца абсалютна розныя людзі — ад моладзі і сем'яў з дзеткамі да бабуль і дзядуляў, — расказвае Ганна Холад, куратар грамадскага праекта «Вуліца стрыт-фуду». — Усё пачалося з фестывалю «Прышчэпка», які мы разам з маёй сяброўкай Валянцінай Сідоркінай правялі ў жніўні. Праз сацыяльныя сеткі да ўдзелу запрашалі ўсіх, каму ёсць чым падзяліцца, — рамеснікаў, артыстаў, грамадскіх дзеячаў. Нечакана нават для нас саміх удалося сабраць на заднім дворыку абласнога краязнаўчага музея больш за дзве тысячы чалавек. Без вопыту, сродкаў і сувязяў. Гэта падштурхнула да думкі: маладзечанцы лёгкія на пад'ём і яны зацікаўленыя ў развіцці роднага горада не менш, чым мы.

Адразу ж пасля фестывалю, не адкладваючы справу, дзяўчаты запусцілі серыю дыскусійных сустрэч для актыўных маладзечанцаў. Сюды кожны мог прыйсці і выказаць уласныя меркаванні наконт таго, чаго не хапае ў горадзе і якім чынам можна змяніць сітуацыю.

— Менавіта на гэтых сустрэчах сабралася каманда маладых людзей, якія пачалі працаваць над новымі грамадскімі ініцыятывамі. За восень мы паспелі запусціць некалькі праектаў: стварылі крэатыўную карту горада, правялі інклюзіўны фестываль і заснавалі забаўляльную платформу для мам і дзяцей «Разам». Але галоўным дасягненнем стала «Вуліца стрыт-фуду». Ідэя ў тым, каб пашырыць прызначэнне месца ад «проста паесці» да культурнай прасторы. У нашым выпадку ежа — інструмент развіцця тэрыторыі і прыцягнення ўвагі.

— Мы працуем супольна, хоць у кожнага асаблівы прадукт са сваёй гісторыяй. Там шаўрма, там італьянскае марозіва, а вось тут — японскія сушы. На гэтым экзатычным фоне мае чабурэкі здаюцца даволі простай стравай, знаёмай усім з дзяцінства. Праўда, калі паглыбіцца ў гісторыю, то высветліцца, што ў гарачых піражкоў з мясам «татарскія карані». Дарэчы, гатуем мы іх па рэцэптах, якія даўным-даўно прывезлі з Крыма. Магчыма, таму іх так прыемна есці ўзімку: гарачыя, духмяныя, нагадваюць лета на беразе Чорнага мора, — кажа ўладальнік мясцовай чабурэчнай Юрый Гурын. — Цікава, што першым часам усе прадпрымальнікі рэкламавалі свае пункты асобна, а пасля неяк сабраліся і падумалі: а чаму б не стварыць невялічкі «фонд вуліцы», куды кожны будзе кідаць нейкую суму на развіццё прасторы? Але рэклама — гэта яшчэ не ўсё. Пачаліся з'яўляцца думкі, як агулам абнавіць нашу вуліцу. І цудам некалькі месяцаў таму, што называецца, сышліся зоркі. Ганна з дзяўчатамі прыйшлі з прапановамі, як можна давесці да розуму «тэрыторыю смаку». Я і дагэтуль падумваў, што тут не хапае музыкі. Тым больш за плячыма ў мяне некалькі дзесяцігоддзяў працы на сцэне. Таму падчас пілотнай прэзентацыі вуліцы ў верасні я з задавальненнем узяў у рукі гітару і разам з натоўпам праспяваў любімыя песні.

Ідэі актывістаў прадпрымальнікам спадабаліся адразу. Юрый упэўнены: «Правядзі сюды нармальнае святло, пастаў лаўкі і падключы вай-фай — ад народу адбою не будзе». Важна, што ўладальнікі мясцовых кавярняў гатовыя падтрымаць праект і фінансава: яны змайстравалі невялічкую сцэну, а нядаўна выдаткавалі сродкі на матэрыялы для новага арт-аб'екта.

Шлях да «Мары»

Зараз ініцыятыва ў стадыі рэалізацыі. Ганна і яе каманда шукаюць спонсараў і ўдзельнічаюць у конкурсах, дзе можна атрымаць грант на далейшае развіццё задумы.

— Сродкі патрэбны на перапланіроўку вуліцы, каб яна стала пешаходнай. Дазвол на гэта ў мясцовых улад мы ўжо атрымалі, параіліся з архітэктарамі — яны не супраць. Плануем таксама папрацаваць над безбар'ернасцю асяроддзя і яго азеляненнем. А паколькі гаворка ідзе пра стрыт-фуд, які па змоўчанні ядуць на вуліцы, спатрэбіцца вулічная мэбля — лаўкі і столікі, — дзеліцца планамі Ганна. — Але гэта не азначае, што наша ініцыятыва замарозілася ў чаканні грошай. Шмат чаго робіцца і выключна ўласнымі сіламі. Напрыклад, разам з гараджанамі працуем над фарміраваннем брэнда месца. «Вуліца стрыт-фуду» — рабочая назва. Хочам замяніць яе на нешта больш гучнае і запамінальнае. У сацыяльных сетках людзі даслалі нам каля сотні прапаноў. Хтосьці ўзяў за аснову арыгінальную назву вуліцы — «Еш, маліся, любі, Францыск!» (месца знаходзіцца па адрасе: вул. Ф. Скарыны, 12), іншыя адштурхнуліся ад гастранамічнай тэматыкі — «Сан-ТрапЕза», «Абжорны рад», «Пузатоўка». Адзін з самых крэатыўных варыянтаў — «Шлях да «Мары». Справа ў тым, што праз вуліцу сапраўды можна трапіць да «Мары» — крамы мэблі з такой назвай.

Акрамя двух куратараў праекта, над ім працуе яшчэ дзевяць чалавек: фатограф, SMM-спецыяліст, юрыст, дызайнер і іншыя. Хто гэтыя людзі? Ад школьнікаў і студэнтаў да матуль з дзеткамі. Напрыклад, Вольга Дашкевіч — юрыст. Але ў вольны час не любіць сядзець дома:

— Мне не шкада часу і сіл, якія ўкладваю ў праект. Паколькі робім мы яго для жыхароў горада, у тым ліку і для сябе, сваіх блізкіх і сяброў. Замест таго каб увечары сядзець з сынам перад тэлевізарам, лепш прыйду сюды. Возьмем вафлі з какавай і пагуляем з такімі ж сем'ямі.

Нітка да ніткі — дрэву кашуля

Памятаеце, як у старой савецкай камедыі «Дзяўчаты» галоўны герой Ілюшка дурыў галаву Тосі, расказваючы, што ейныя рукавічкі зробленыя з елкі, а ягоны шалік — з сасны? Маладзечанскія актывісты перад навагоднімі святамі зрабілі наадварот — двухметровую ёлку... звязалі са звычайных нітак! На зялёную прыгажуню спатрэбілася каля 18 кіламетраў акрылу. Аўтар незвычайнага арт-аб'екта — мясцовая вязальшчыца, мама ў дэкрэце Ганна Сафонава.

— Калі мы толькі пачыналі прадумваць канцэпцыю ўпрыгажэння вуліцы, то адштурхоўваліся ад таго, што можам зрабіць самі. Ліхтарыкі, мішура — банальна і патрабуе сродкаў. Паколькі я даўно вяжу, прапанавала «адзець» некалькі дрэў у рознакаляровыя «вадалазкі», — расказвае рукадзельніца.

Першыя «кашулі» для дрэў Ганна вязала сама. Яны настолькі спадабаліся наведвальнікам вуліцы, што хутка арт-аб'екты ператварыліся ў папулярнае месца для сэлфі.

— Вязанне — не толькі шкарпэткі-рукавічкі. Гэта яшчэ і мастацтва, даступнае кожнаму. Акрамя таго, ніхто не адмяняў вязальную тэрапію. У наш час пастаянных стрэсаў яна неабходная многім. Хутка да маёй ініцыятывы пачалі далучацца мясцовыя бабулі: адны дапамагалі ніткамі, іншыя прыносілі цэлыя звязаныя кавалкі, якія пасля ўпляталіся ў новыя ўпрыгажэнні, — расказвае Ганна. — Задумваючы навагоднюю ёлку, мы адразу ж папрасілі маладзечанцаў зрабіць для яе цацкі сваімі рукамі. За некалькі тыдняў прынеслі дзясяткі ўнікальных вырабаў — вязаных і сшытых. Прычым гэта былі цацкі і ад дзяцей, і ад моладзі, і ад прафесійных рукадзельніц. Хто б мог падумаць, што такая простая з'ява, як вязанне, аб'яднае столькі людзей!

Ганна КУРАК

Загаловак у газеце: Еш, спявай, вяжы

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.