Вы тут

У Мінску ўручылі Нацыянальную кінапрэмію Беларусі


1:8 — найлепшы ігравы фільм і самы адзначаны лаўрэат першай Нацыянальнай кінапрэміі Беларусі

Але якія могуць быць падлікі? Усё толькі пачынаецца... Прыкладна такі настрой панаваў у Доме кіно 17 снежня. Дата сімвалічная і шчаслівая: дзень нараджэння беларускага кіно супаў з фіналам рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная кінапрэмія Беларусі».


Старшыня журы конкурсу загадчыца кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі БДУ кінакрытык Людміла Саянкова-Мельніцкая ўпачатку нагадала, што прэмія выспявала ў актыўных абмеркаваннях і спрэчках, і ў гэтай неабыякавасці таксама ёсць добры знак для беларускага кіно: «Кінапрэімя сапраўды патрэбна, таму што, з аднаго боку, будзе даваць стымул нашым кінематаграфістам, а з другога, аб'ядноўваць нас. Мне здаецца, што гэтая прэмія будзе жыць і заваёўваць аўтарытэт, калі здолее стаць максімальна справядлівай і сумленнай».

Сёлета на ўдзел у конкурсе паступіла 167 заявак. Па выніках першага тура было абрана 112 удзельнікаў. Але шмат хто адзначаў, што насамрэч колькасць фільмаў, якія былі знятыя ў Беларусі за апошні час і маглі б разглядацца ў конкурсе, значна большая, як і большай магла б быць прысутнасць работ незалежных студый. А тое, што ў іх ёсць шанц быць заўважанымі і адзначанымі, цяпер зразумела. Першую ў гісторыі Нацыянальную прэмію за «Найлепшы ігравы фільм» атрымала карціна незалежных кінастваральнікаў «Унутры сябе» (рэжысёр Сяргей Талыбаў).

Сваю кветку-прэмію ў намінацыі «Найлепшая рэжысёрская работа» атрымаў Аляксандр Анісімаў за фільм «Сляды на вадзе» (вытворчасць студыі «Беларусь-
фільм»). Стужка, што расказвае аб працы міліцыі ў пасляваенныя гады, стваралася ў складаных умовах, растлумачыў рэжысёр: усяго за чатыры месяцы, а кіно так здымацца не павінна. О цуд! Подзвіг здымачнай групы быў адзначаны: усяго 13 намінацый у першым рэспубліканскім конкурсе «Нацыянальная кінапрэмія Беларусі». У васьмі з іх мастацкі фільм адзначаны перамогамі. Акрамя рэжысёра, быў адзначаны Дзмітрый Рудзь — «Найлепшая аператарская работа», і адразу два выканаўцы мужчынскіх роляў: Пётр Юрчанкоў за выкананне найлепшай галоўнай мужчынскай ролі адзначаны пасмяротна, Арцёма Курэня журы вылучыла ў намінацыі «Найлепшы дэбют у кіно». Свае статуэткі атрымалі мастак па касцюмах у фільме «Сляды на вадзе» Наталля Сардарава, кампазітар Віктар Капыцько, што стварыў музыку. Вольга Рашэтнікава забяспечыла найлепшы мантаж, Уладзімір Сухадолаў стаў найлепшым гукарэжысёрам.

Фільм «Сляды на вадзе» магла паглядзець даволі шырокая аўдыторыя: яго паказвалі па тэлебачанні. Але за найлепшы тэлесерыял у ігравой форме прадугледжана асобная ўзнагарода, і яе атрымаў рэжысёр шматсерыйнага фільма «Ой, ма-мач-кі!-2» Іван Паўлаў, адзначыўшы, што кіно — гэта ўсё ж камандная гульня. Адным з асноўных гульцоў у гэтай камандзе стала артыстка Вера Палякова-Макей. Журы прысудзіла ёй нацыянальную прэмію за выкананне найлепшай галоўнай жаночай ролі.

Выканаўцу найлепшай жаночай ролі другога плана таксама заўважылі ў тэлесерыяле: Валянціна Гарцуева адзначана за працу ў фільме «Снайпер. Афіцэр СМЕРШ». Акцёр Віктар Васільеў, старшыня Саюза кінематаграфістаў Беларусі, атрымаў сваю статуэтку Нацыянальнай кінапрэміі Беларусі за найлепшую мужчынскую ролю другога плана, выкананую ў тэлефільме «Вокны дома твайго».

Сярод кароткаметражных фільмаў адзначаны «Апошні шанц» рэжысёра Ігара Васільева. З перамогай у намінацыі «Найлепшы фільм у неігравой форме» трэба віншаваць Настассю Мірашнічэнку, рэжысёра яшчэ адной незалежнай стужкі «Дэбют». Тры ўзнагароды атрымалі творцы-аніматары, прычым дзве з іх — у намінацыях, дзе канкурыраваць давялося з работамі як ігравымі, так і дакументальнымі. У выніку ўзнагарода за найлепшы сцэнарый — у Дзмітрыя Якутовіча за працу над стужкай «Баявая машына». Найлепшую работу мастака-пастаноўшчыка ўбачылі ў карціне «Марк Шагал. Пачатак», узнагароду атрымала Ала Мацюшэўская. Найлепшым фільмам у анімацыйнай форме прызнаны «Валчышка» рэжысёра Ігара Волчака: аднаго з мэтраў кіно зала вітала вельмі шчыра.

Як і тых, хто атрымліваў узнагароды за шматгадовую працу ў гонар айчыннага кіно. Як рэжысёр Валерый Рыбараў, якога адзначылі за выдатны ўнёсак у беларускі кінематограф. Што ёсць кіно як працукцыя і кіно як з'ява і на што здольнае кіно як мастацтва, разважаў народны артыст Беларусі Уладзімір Гасцюхін, атрымліваючы Нацыянальную кінапрэмію за ўнёсак у замежны кінематограф, падкрэсліўшы: кіно — гэта справа асоб, якія выкладваюцца як прафесіяналы і робяць гэта шчыра і сумленна. Калі ўсе складнікі збіраюцца, атрымліваецца кіно як з'ява. Якую ўсе так чакаюць у будучыні...

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.