Вы тут

Як лячыць бранхіяльную астму?


Бранхіяльная астма — адно з самых распаўсюджаных хранічных захворванняў дыхальных шляхоў. І яна вядома ўжо некалькі тысячагоддзяў — у сваіх працах пра яе згадваў, напрыклад, Гіпакрат. Аднак у мінулым стагоддзі хвароба раптам праявіла нечаканае каварства. Калі ў пачатку ХХ стагоддзя на астму пакутавала ўсяго 0,1 % насельніцтва планеты, то сёння яна выяўляецца часцей — хворых ужо 10 %. Як жыць з астмай, расказала ўрач-алерголаг 2-й цэнтральнай раённай паліклінікі г. Мінска Алена ЧАЛЕЙ.


Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

— Алена Іванаўна, чаму расце захваральнасць на бранхіяльную астму?

— Многія краіны свету, у тым ліку і Расія, на міжнародных кангрэсах агучваюць лічбу ў 10 % хворых, і Беларусь тут не адрозніваецца ад усяго свету. Мяркую, што захваральнасць заўсёды была прыкладна на адным узроўні. А рост колькасці хворых звязаны з паляпшэннем дыягностыкі. Зараз тэрапеўты і ўрачы агульнай практыкі скіраваныя на выяўленне бранхіяльнай астмы. Калі раней ставілі астматычны ці алергічны бранхіт, зараз такога дыягназу ў міжнароднай класіфікацыі хвароб няма. На працягу года пры сімптомах, якія ўказваюць на астму, тэрапеўты прызначаюць неабходныя абследаванні, і пацыенты атрымліваюць правільны дыягназ, пакуль хвароба яшчэ не паспела набраць абароты.

— Як сябе праяўляе бранхіяльная астма?

— Паводле класічнага азначэння, астма — гэта хранічны запаленчы працэс у бронхах, які праяўляецца шэрагам сімптомаў: задышка, начныя і дзённыя прыступы ўдушша, хрыпы, свіст у грудзях і, адпаведна, немагчымасць выконваць звычайныя фізічныя нагрузкі. Запаленне садзейнічае гіперэактыўнасці бронхаў, у такога пацыента яны рэагуюць на ўсё: на алерген, фізічныя нагрузкі, надвор'е, прастуды. Гэты хранічны запаленчы працэс генетычна абумоўлены. Асаблівасці будовы бранхіяльнага дрэва мы атрымліваем у спадчыну. Пры «ўдалым» збегу абставін алерген трапляе ў бронхі і працэс запускаецца.

— Ці ўплываюць на ўзнікненне хваробы экалогія і наш лад жыцця?

— Канешне, сярод сельскіх жыхароў і жыхароў мегаполісаў карціна па астме будзе адрознівацца. Але экалогія — гэта не прычына, а трыгер — спускавы кручок, які запускае хваробу. Калі ёсць генетычная схільнасць, алерген або вірус, які трапіў у бронхі, выклікае запаленчы працэс, і ён развіваецца, пераходзіць у астму.

— Якія абследаванні варта праходзіць пры падазрэнні на бранхіяльную астму?

— Са скаргамі варта звяртацца да тэрапеўта. Першае, што павінна насцярожыць, — вам цяжка ўдыхнуць, а выдах адбываецца са свістам. Могуць узнікаць начныя прыступы кашлю, немагчымасць гучна размаўляць, смяяцца, пець. Прыступы ўдушша — найбольш характэрны сімптом — не заўсёды адразу з'яўляюцца. Таксама нашы пацыенты скардзяцца, што спяць седзячы з вялікай падушкай, па начах п'юць гарбату, адчыняюць форткі... З банальным бранхітам уначы пацыент больш-менш нармальна спіць. Тэрапеўт прызначае спіраграму і накіроўвае да лора. Як ні дзіўна, астма, як правіла, прыходзіць не адна, а разам з рынітам — алергічным ці хранічным, бо слізістая ў носе і бронхах падобная. І калі ў дзіцяці пастаянныя праблемы з носам, ён таксама кандыдат у астматыкі. Таму варта абследавацца і ў лора на наяўнасць хранічнага рыніту ці сінусіту, паліпаў. Такое абследаванне, як спіраграма, падчас якога вызначаецца функцыя ніжняга дыхання, таксама трэба зрабіць — яно выконваецца ва ўсіх паліклініках. Пры падазрэннях на астму спіраграма робіцца з лекамі, якія пашыраюць бронхі, гэта так званы бронхадылатацыйны тэст, і ў астматыка ён заўсёды станоўчы.

— Ці можна забяспечыць мірнае суіснаванне з бранхіяльнай астмай?

— Каб жыццё было камфортным, важна каб у пацыента быў кантакт з доктарам. Сярод астматыкаў нямала тых, хто часам ігнаруе прадпісанні ўрача. Дарэчы, калі ставіцца дыягназ «бранхіяльная астма», некаторыя пацыенты вельмі расстройваюцца. Але ж гэта самая простая з усіх бронха-лёгачных хвароб. Ёсць шэраг дыягназаў, якія, нягледзячы ні на што, прагрэсуюць, і не існуе ні прафілактыкі, ні дапамогі, — тая ж хранічная абструкцыйная хвароба лёгкіх. З астмай, калі ты звярнуўся да ўрача і прымаеш лячэнне, якасць жыцця не пагаршаецца. Многія вядомыя спартсмены-лыжнікі — астматыкі, і ніхто іх не спісвае з рахункаў. Калі прызначана базісная тэрапія, якая прызваная падаўляць запаленне, то хвароба не вядзе да інвалідызацыі. Калі лячэнне не прымаць, то, на жаль, як ні загартоўвайся і ні займайся спортам, хвароба прагрэсуе, адбываецца зарастанне дробных бронхаў. Калі ж пацыент лечыцца, фізічную актыўнасць можна не абмяжоўваць. Праўда, не рэкамендуюцца тыя віды, дзе нагрузка патрабуе рыўкоў, напрыклад скачкі і бег. А вось плаванне, веласіпед, нават лыжы вітаюцца.

Сёння з астмай жыць вельмі проста, бо ёсць разнастайныя разумныя лекі. Не трэба прымаць таблеткі, дастаткова выкарыстоўваць інгалятар адзін-два разы ў дзень. Навакольныя могуць не падазраваць пра ваша захворванне, а якасць жыцця не мяняецца на працягу дзесяцігоддзяў. Зараз з астмай нават не патрабуецца лячэння ў стацыянары. Праўда, ёсць 5—10 % пацыентаў з некантралюемымі цяжкімі астмамі, якія выконваюць усе прадпісанні, а эфекту няма.

— Калі маецца генетычная схільнасць, ці можна неяк засцерагчыся ад хваробы?

— У сям'і, дзе ёсць астматыкі, да здароўя дзіця трэба ставіцца больш пільна. Калі яно адзін раз перанесла абструкцыйны бранхіт, другі, то імавернасць узнікнення астмы высокая. Таму бранхіты важна своечасова лячыць. Калі гэта алергічныя формы астмы, не трэба заводзіць хатніх жывёл, адпачынак планаваць варта так, каб з'ехаць з краіны, калі максімальная канцэнтрацыя алергена.

Клімат у Беларусі вільготны, халодны і ветраны, а вы пастаянна знаходзіцеся ў соцыуме, а значыць, імавернасць прастудзіцца ці атрымаць вірус высокая. Таму абысціся без тэрапіі, на жаль, не атрымаецца. Але калі пацыент знаходзіцца на базіснай тэрапіі, у сезон прастуд ён, як правіла, не хварэе.

Загаловак у газеце: Не магу дыхаць

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.